Пошук

14.01.2016 12:32  

Каментарый да літургіі

Сярод штодзённай мітусні, сярод клопатаў, перажыванняў, працы Хрыстус запрашае нас да Сябе. Ён зноў і зноў прыгадвае нам, што галоўнае ў нашым жыцці. Як жа мы павінны цаніць гэтыя хвіліны, калі разам з нашай парафіяльнай сям’ёй збіраемся на Вячэру Пана!

Няхай гэты час станецца для нас крыніцай учынкаў, словаў, спраў. Падчас нядзельнай літургіі мы набіраемся сапраўднай Божай Мудрасці, якой так часта нам не хапае. Даверым Яму ўсё, што непакоіць нашае сэрца, і напоўнімся тут сапраўдным супакоем.

Каментарый да літургіі слова  

Сёння падчас літургіі слова можам паразважаць над таямніцай паклікання ў жыцці кожнага чалавека. Кожны з нас мае сваё заданне, падобна як ва ўрыўку з Евангелля: Марыя заўважае, што госці на вяселлі не маюць віна, і кажа пра гэта Езусу, слугі прыносяць ваду, а Хрыстус здзяйсняе цуд перамянення.  Кожны мае сваю ролю.

Больш падрабязна аб разнастайнасці пакліканняў і жыццёвых заданнях мы чуем у другім чытанні: “Розныя ёсць дары, але той самы Дух; розныя служэнні, але Пан адзін і той самы; розныя дзеянні, але той самы Бог, які робіць ўсё ва ўсіх”.

Вельмі важна распазнаць той дар, якім цябе надзяліў Бог, і ў пакоры служыць ім у тым месцы, дзе цябе паставіў. Менавіта спаўняючы сваё заданне, чалавек адчувае сябе шчаслівым і бачыць сэнс свайго жыцця.

Таму просім Духа Святога кіраваць нашым жыццём, паказваць нам адзіны шлях да мэты і вернасці ў сваім пакліканні.

Малітва вернікаў

Бязмежна давяраючы Божай Міласэрнасці, даверым свае малітвы і просьбы:

1. Молімся за Касцёл Святы, каб дапамагаў заблукалым душам знайсці сваю дарогу ў жыцці. Цябе просім...
2. Молімся за нашых святароў, каб усведамлялі вялікую ласку свайго паклікання і заўсёды былі ёй верныя. Цябе просім...
3. Молімся за сем’і, каб панавалі ў іх любоў, супакой і адзінства. Цябе просім...
4. Молімся за памерлых, каб спазналі Божае прабачэнне і міласэрнасць. Цябе просім...
5. Молімся за нас, тут прысутных, каб пакорна служылі тым дарам, якія адрымалі ад Бога ў сваім асяроддзі. Цябе просім...

Божа, пачуй нашыя малітвы і напоўні нас Духам сваім Святым. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

С. Таццяна Гмыза SJE

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця