Пошук

10.09.2015 17:00  

Каментарый да літургіі

«Бо мае думкі — гэта не вашыя думкі, і вашыя шляхі — не мае шляхі, — кажа Пан. Бо як нябёсы ўзвышаюцца над зямлёю, так шляхі мае — над шляхамі вашымі,і думкі мае — над думкамі вашымі».

Мы, жывучы на Зямлі і займаючыся зямнымі справамі, далёка не ўсё
бачым і разумеем. Таму нам абавязкова патрэбна Божая мудрасць і дары Духа Святога.

Мы прыходзім на нядзельную святую Імшу, каб прасіць кіраўніцтва, мудрасці і разумення ў нашага Нябеснага Айца. Просім Яго, каб асвячаў нашае жыццё і кіраваў кожным крокам, бо без Яго мы нічога не можам.

Каментарый да літургіі слова


«Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною».

Літургія Божага слова кажа нам сёння пра цярпенне. Як мы чуем з першага чытання, з кнігі прарока Ісаі, Езус Хрыстус сам згаджаецца на цярпенне. А ў Евангеллі мы сустракаемся са святым Пятром, які адкідвае цярпенне. Езус кажа яму словы пра крыж, а таксама кіруе іх да ўсіх нас.

Цяжка звычайнаму чалавеку зразумець неабходнасць цярпення, але дзякуючы Духу Святому мы павінны навучыцца прымаць яго без наракання і памятаць, што знойдзем сапраўднае жыццё, калі возьмем на сябе крыж, праз які атрымаем збаўленне. Гэтым крыжам могуць стаць для нас учынкі веры. Як жа цяжка нам часта выбраць дабро, праўду, справядлівасць, але проста веры нам не дастаткова — мы павінны паказваць яе хрысціянскімі ўчынкамі.

Просім Бога, каб даў нам мудрасць бачыць Божую волю адносна нас і сіл несці штодзённы крыж.

Малітва вернікаў


Богу, які кажа нам словы пра крыж, даверым свае праблемы і цяжкасці, а таксама узнясём свае малітвы і просьбы:

1. Молімся за Святога Айца Францішка і давераны яму Каталіцкі Касцёл, каб вучыў людзей надзеі, веры і любові.  
2. Молімся за краіны, дзе ідзе вайна, каб людзі вучыліся вырашаць канфлікты мірным шляхам.
3. Молімся за ўсіх дзяцей і моладзь, якія пачалі новы навучальны і катэхетычны год, кааб, адкрытыя на свет і дары Святога Духа, развівалі свае здольнасці і таленты.
4. Молімся за тых людзей, каму мы абяцалі сваю малітву, каб атрымалі неабходныя ласкі.
5. Молімся за памерлых, каб маглі сузіраць аблічча Міласэрнага Бога.
6. Молімся за нашу эўхарыстычную супольнасць, каб з кожным днём станавіліся больш дасканалымі і адказнымі хрысціянамі і з кожным днём набліжаліся да Хрыста.

Давяраем свае просьбы міласэрнаму Богу праз Хрыста, Пана нашага.
                                                                                                          
С. Таццяна Гмыза SJE

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця