Пошук

19.08.2015 23:48  

Каментарый да літургіі

Кожны наш дзень – гэта выбар. Шмат цяжкасцяў і спакусаў з’яўляецца ў нашым жыцці. Малітва павінна стацца момантам нашай задумы, засяроджанасці. Гэта час, калі мы задаем пытанні Богу.

У гэтай Эўхарыстыі просім Пана, каб мы не згубіліся ў нашай штодзённай мітусні, каб не баяліся задаваць Яму пытанні. Просім Духа Святога, каб кіраваў нашым жыццём і ўмацоўваў нашую веру.

Каментарый да літургіі слова

Сёння падчас літургіі слова мы чуем пра выбар. Кожны з нас не аднойчы рабіў выбар у сваім жыцці. Але самы галоўны выбар – каму мы будзем служыць усім сваім жыццём. Аддадзім яго ў рукі Пана ці камусьці ці чамусьці іншаму. У першым чытанні чуем словы Езуса Навіна да народа: “Калі вам здаецца кепскім служыць Пану, то зрабіце сёння выбар, каму хочаце служыць”, і чуем яго асабісты выбар: “Я ж і мой дом будзем служыць Пану”.

У Евангеллі Езус пытае вучняў пасля таго, як многія адышлі ад Яго: “Ці вы таксама хочаце адысці?” Вучні застаюцца з Ім. Чарговы раз вырашаюць ісці за Хрыстом.

Кожны з нас павінен яшчэ раз задаць сабе пытанне: ці выбіраю я Езуса сваім Панам і кіраўніком жыцця? Ці хачу спаўняць Яго волю? Бог у сваёй бязмежнай любові даў нам свабодны выбар, няхай жа кожнае нашае рашэнне будзе згодна з Яго воляй.

Малітва вернікаў

Богу, які даў нам свабодную волю і чакае ад нас адказу на Яго любоў, даверым свае малітвы і просьбы:

1. Молімся за Святога Айца, біскупаў і святароў, каб вялі ўсіх людзей да еднасці і любові.
2. Молімся за людзей, празмерна занятых уласнымі клопатамі і справамі, каб яны даверылі сваё жыццё Божаму Провіду.
3. Молімся за моладзь, якая стаіць перад важным жыццёвым выбарам, каб Дух Святы кіраваў кожным яе крокам.
4. Молімся за ўсіх памерлых, каб яны спазналі Божую Міласэрнасць.
5. Молімся за нас, тут прысутных, каб мы ніколі не пакінулі Хрыста, а былі верныя Яго наказам.

Божа, выслухай нашыя малітвы і ўчыні, каб мы заўсёды маглі цешыцца Тваёй ласкай. Праз Хрыста, Пана нашага.

С. Таццяна Гмыза SJE

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа