Пошук

09.06.2018 16:26  

Каментарый да літургіі

“Пана міласэрнасць і шчодрае ў Яго адкупленне. *
 Ён адкупіць Ізраэль ад усіх беззаконняў ягоных...”


Калі разглядаем нашы адносіны з Богам, то можам уявіць іх у выглядзе нармальнага сяброўства, добрай камунікацыі. Непаслухмянасць Адама і Евы Богу, шматлікія знявагі Бога нашымі продкамі, нашыя штодзённыя правіны — гэта ўсё не аслабіла любоў Божую і міласэрнасць да чалавецтва. Хоць, канешне, па-чалавечы можна было б ужо разгневацца і не мець дачынення да “дрэнных сяброў”.

Каментарый да літургіі слова

“Хто маці Мая і браты Мае? І паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці”.


Красамоўныя словы Езуса сёння даюць нам шмат для разважання. Яны могуць здавацца рэзкімі ў дачыненні да Яго роднай Маці, але такім чынам не абражаюць Яе, але падкрэсліваюць вартасць кожнага ў Яго вачах. Напачатку мы разважалі пра сяброўства чалавека і Бога, але наколькі большая любоў ёсць у сям’і? Маці і бацька, брат ці сястра — гэта тыя людзі, якія штодня з намі, хвалююцца і клапоцяцца пра тое, каб кожнаму ў сямейным коле было добра і спакойна. З’яўленне Езуса невыпадкова пераводзіць нашыя адносіны з Панам на новы, больш высокі ўзровень не проста сяброўства, але роднасці.

Малітва вернікаў

Звернемся ў малітвах да Бога нашага:

  • Падтрымай нашага Папу Францішка і ўсіх біскупаў свету, каб мудра і аддана служылі Божаму люду.
  • Адары ўсіх людзей свету сапраўдным спакоем, каб не панавалі ў краінах бязлад і войны.
  • Молімся за ўсіх, хто ў гэты час прымае Першую святую Камунію, каб Бог адарыў іх усімі патрэбнымі ласкамі.
  • Дадай веры, надзеі хворым і церпячым, каб мужна неслі свой крыж і адчувалі Божую любоў праз людзей добрай волі.
  • Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, няхай цешацца з Табой у вечнасці.
  • Благаславі нам, якія сабраліся ля Твайго алтара, каб мы маглі шчыра кожнага дня называць Цябе Айцом і адчувалі гэтую роднасць.


Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

Рэгіна Атрашкевіч

Абноўлена 09.06.2018 16:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця