Пошук

29.05.2015 23:35  

Каментарый да літургіі

Кожнаму чалавеку зноў і зноў трэба разважаць над вядомай праўдай, што Бог стварыў чалавека з вялікай любові. І нават калі чалавек упаў вельмі нізка – Бог адкупіў яго праз сваю смерць і ўваскрасенне. Таксама з вялікай сваёй любові дае нам Духа Святога і застаецца з намі ва ўсе дні аж да сканчэння веку. Гэта павінна быць для нас крыніцай радасці і надзеі.

Сёння падчас літургіі мы засяроджваем сваю ўвагу на Святой Тройцы. Наш Бог Адзіны ў Тройцы. Гучыць як незразумелая і неспасцігальная таямніца нашай веры. Але калі паглядзім з іншага пункту гледжання, то ўбачым, што наш Бог вельмі блізкі. Ён нас разумее, любіць і вядзе нас па нашых жыццёвых шляхах.

Даверым Яму нашую штодзённасць: нашыя клопаты, радасці, хваляванні. Усё тое, што мы перажываем кожны дзень. Няхай Дух Святы дзейнічае ў нашым жыцці, каб маглі мы прыносіць плён і каб плён наш трываў.

Каментарый да літургіі слова


Сёння літургія слова тлумачыць нам, кім з’яўляецца Бог. Мы добра разумеем, што нашым чалавечым розумам мы не зразумеем Боскую таямніцу, але можам яскрава бачыць, што Бог нам вельмі блізка. Ён заўсёды прамаўляў да свайго народа. “Таму ведай цяпер і захоўвай у сэрцы сваім, што Пан ёсць Богам на небе ў вышыні і на зямлі ўнізе, і няма іншага”.
 
Але найбольшую радасць мы можам перажыць, калі чуем словы, што мы з’яўляемся дзецьмі Божымі. Гэта адкрывае нам Дух Святы. Але гэтую радасць мы не павінны затрымаць для сябе, мы павінны ёю дзяліцца, таму Езус Хрыстус загадвае нам: “Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам”.

Таксама ўражваюць і захапляюць Яго словы, што Ён застаецца з намі. Мы не адны ў гэтым свеце. Мы павінны заўважаць дзеянне Бога ў нашым жыцці, давяраць Яму і даваць магчымасць кіраваць нашым жыццём. Наш Бог побач, чаго мы павінны баяцца?

Малітва вернікаў

Да Бога, які пажадаў застацца з намі аж да сканчэння веку, з даверам узнясём свае малітвы і просьбы:

1. Молімся за Святога Айца Францішка і даручаны яму Касцёл, каб Дух Святы кіраваў і накіроўваў у розных цяжкасцях і праблемах.
Цябе просім…
2. Молімся за дзяцей, якія прынялі ў гэты час Першую святую Камунію, каб былі верныя Хрысту і Касцёлу.
Цябе просім…
3. Молімся за моладзь, каб Маці Божая была для яе прыкладам даверу Богу.
Цябе просім…
4. Молімся за місіянераў, каб іх апостальская дзейнасць была для іх крыніцай радасці і супакою.
Цябе просім…
5. Молімся аб супакоі ва ўсім свеце, каб дух адзінства панаваў на зямлі.
Цябе просім…
6. Молімся за нас, тут прысутных, каб неслі іншым радасць ад спаткання з Хрыстом.
Цябе просім…

Просім міласэрнага і любячага Бога, праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

С. Таццяна Гмыза SJE

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.