Пошук

02.04.2015 23:43  

Каментарый да літургіі

Сёння кожны з нас пачуе радасныя воклічы: “Хрыстус уваскрос!” Але ці да канца кожны чалавек разумее, што гэта за свята? Што асабіста для мяне азначае Уваскрасенне Хрыста?

Падчас кожнай Боскай літургіі Хрыстус памірае і ўваскрасае дзеля нас. Але сёння мы асаблівым чынам можам адчуваць вялікую радасць, якую дорыць нам Уваскрослы Хрыстус.

Ён здабыў нам вялікую перамогу над грахом і смерцю з вялікай любові да кожнага з нас. Няхай сёння кожнае “Хрыстус уваскрос” нагадае і тое, што Бог нас моцна любіць. Гэтая любоў дала Яму сілы памерці і ўваскрэснуць.

Таму падчас сённяшняй літургіі трэба пакінуць усе клопаты і перажыванні і даць паглынуць сябе вялікай радасці і спакою, якую прынёс нам наш Збаўца.

Каментарый да літургіі слова


Сёння падчас літургіі слова чуем сведчанні людзей, якія сустрэлі ўваскрослага Хрыста. У першым чытанні чуем словы апосталаў, якія не толькі сустрэлі жывога Хрыста, але і атрымалі ад Яго заданне: ”Наказаў нам абвяшчаць народу і сведчыць, што Ён прызначаны Богам суддзя жывых і памерлых“.

У Евангеллі сёння сустракаем Марыю Магдалену і двух вучняў Езуса, якія не знаходзяць Яго Цела. Добра ведаем, што яны таксама атрымаюць заданне сведчыць аб Уваскрасенні. Слухаючы Божае слова, мы таксама павінны стаць Яго сведкамі, павінны пачуць Яго заданне. Таму што слова Божае не можа памерці, але павінна прынесці багаты плён.

Малітва вернікаў


У святы дзень Уваскрасення Езуса Хрыста, нашага Пана, з радасцю ўзносім да Усемагутнага Бога свае малітвы:

1. Молімся за святы Касцёл, каб абвяшчаў свету Уваскрасенне Хрыста і быў сведкам Яго перамогі над смерцю.
2. Молімся за Святога Айца Францішка, біскупаў і святароў, каб у цяжкія хвіліны жыцця яны неслі вернікам радасць Уваскрасення.
3. Молімся за ўсіх, хто ў гэтую велікодную ноч прыняў сакрамэнт святога хросту, каб заўсёды былі верныя пакліканню да хрысціянскага жыцця.
4. Молімся за людзей самотных, адзінокіх, пакінутых і хворых, каб ласка адкуплення ўмацавала іх сілы і надзею на Уваскрасенне.
5. Молімся за нашу эўхарыстычную супольнасць, каб удзел у велікодных таямніцах Хрыста аднавіў нашую свядомасць прыналежнасці да Касцёла.

Божа, наш добрый Ойча, у сённяшнюю ноч Ты ўваскрасіў з памерлых свайго Сына, дазволь нам, Тваім дзецям, праз удзел у таямніцы адкуплення дасягнуць ласку Уваскрасення.

С. Таццяна Гмыза SJE

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця