Пошук

03.03.2018 13:10  

Каментарый да літургіі

«Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае».


Распачынаем трэці тыдзень Вялікага посту. І кульмінацыяй гэтага тыдня для
кожнага хрысціяніна павінна стаць нядзельная Эўхарыстыя. Тут мы чуем неабходныя і важныя словы нашага жыцця, тут мы насычаем голад сваёй душы Божым Целам. Святая Літургія з’яўляецца для нас крыніцай сіл, пакуль ідзём да жыцця вечнага. Менавіта тут мы чуем сёння словы , што “так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага”. Таму нічога нас не павінна засмучаць, нічога мы не павінны баяцца, таму што мы дакладна ведаем аб Божай любові да нас і аб тым, што Ён ніколі нас не пакіне.

Каментарый да літургіі слова

“Езус сам ведаў усіх і не меў патрэбы, каб хто сведчыў пра чалавека, бо сам ведаў, што было ў чалавеку”. Як жа гэта цудоўна, што Бог дзеля нас, людзей, стаўся чалавекам. Ён добра ведае нашыя праблемы, нашыя перажыванні, нашыя пачуцці, а таксама добра ведае сапраўдны шлях, якім мы павінны ісці, каб быць шчаслівымі.

Сёння ў першым чытанні мы чуем 10 Божых загадаў. Гэта не “клетка” для чалавека - гэта яскравы шлях, які паказвае Бог чалавеку, якім ён павінен ісці.

На словы Езуса “Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзнясу яе” юдэі пыталіся: ”Гэтая святыня будавалася сорак шэсць гадоў, а Ты ўзнясеш яе за тры дні?” Падобна і мы вельмі часта не разумеем словаў Хрыста. “Казаў жа Ён пра святыню цела свайго”. Таму просім сёння Духа Святога, каб тлумачыў нам словы Святога Пісання. Каб мы вучыліся бачыць глыбей, чым бачыць наш чалавечы розум.

Малітва вернікаў

Перажываючы час Вялікага посту, час навяртання і ачышчэння, даверым Усемагутнаму Богу ў малітве патрэбы нашы і ўсяго свету.

1. Молімся за Святога Айца Францішка, каб яго навучанне і прыклад жыцця былі знакам Божай любові да кожнага чалавека.
2. Молімся за Святы Касцёл, каб сярод заганаў гэтага свету быў светачам праўды і міласэрнасці.
3. Молімся за тых, хто кіруе нашай краінай, аб мудрасці і любові ў спаўненні сваіх абавязкаў.
4. Молімся за дзяцей і моладзь, каб, умацаваныя добрым прыкладам старэйшых, былі заўсёды верныя Хрысту.
5. Молімся за нас, каб, прымаючы Найсвяцейшае Цела і Кроў Хрыста, былі хлебам для тых, хто побач.

Божа, Ты аказваеш нам сваю любоў, выслухай нашыя малітвы і ўчыні, каб нашае жыццё было згоднае з вызнаванай верай. Праз Хрыста, нашага Пана. Амэн.

С. Таццяна Гмыза SJE


Абноўлена 03.03.2018 13:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.