Пошук

19.02.2015 22:31  

Каментарый да літургіі

“Ты – прах і ў прах вернешся”, - гэтымі словамі мы распачалі час Вялікага посту. У гэты час ласкі хрысціянін павінен распазнаць, што з’яўляецца найважнейшым. Гаворка ідзе пра нашы сэрцы, мы павінны навесці там парадак, каб праз пакуту і навяртанне дайсці да сапраўднай радасці. Толькі тады мы сапраўды спасцігнем сэнс святаў Уваскрасення Пана.

Хрыстус у гэты святы час прабачэння і ласкі паказвае нам свой крыж, які для многіх людзей стаў знакам пагарды і насмешкі, а для нас, хрысціян, з’яўляецца знакам Божай любові да нас – грэшнікаў. Толькі гэты крыж ператварае наш смутак у радасць, радасць, якую ўжо ніхто не здольны ў нас адабраць – гэта жыццё вечнае ў Нябесным Валадарстве.

Возьмем свой крыж і пойдзем за Хрыстом, тады мы будзем Яго вучнямі.

Каментарый да літургіі слова

У сённяшняй літургіі слова разам з Езусам Хрыстом мы апынаемся ў пустыні. Езус перад распачаццем сваёй публічнай дзейнасці прабывае сорак дзён у пустыні. Таксама і мы пакліканы Хрыстом, каб сваім жыццём сведчыць аб Яго любові, якая рэалізавалася ў смерці і ўваскрасенні.

Любоў, аказаная Богам, патрабуе ўзаемнасці. Яе выразам можа быць з нашага боку малітва і велікапосныя абмежаванні. Такім чынам мы запрошаны Езусам Хрыстом у пустыню, пустыню нашага жыцця, нашага сэрца, нашай штодзённасці… Толькі праз малітву, цішыню, адасабленне і абмежаванне сябе мы можам спаткацца з нашым Збаўцам.

Малітва вернікаў

Езусу Хрысту, нашаму Настаўніку і Пану, прадставім прагненні нашых сэрцаў:

1. Молімся за Касцёл святы, каб у гэты час пакуты і паяднання нястомна ўказваў усім людзям міласэрную любоў Бога.
2. Молімся за семінарыстаў, каб час семінарскай фармацыі быў для іх часам добрай падрыхтоўкі да таго, каб лавіць чалавечыя сэрцы.
3. Молімся аб мірным вырашэнні канфлікту ва Украіне, каб час Вялікага посту прынёс плёны еднасці і міру.
4. Молімся за грэшнікаў, людзей загубленых і са зламаным сумленнем, каб дазволілі Хрысту, які лечыць і аздараўляе, дакрануцца да сябе.
5. Молімся за нашых блізкіх памерлых, за душы, якія церпяць у чысцы, каб міласэрны і добры Пан прытуліў іх да свайго сэрца.
6. Молімся за нас саміх, каб час Вялікага посту быў для нас часам навяртання і перамены нашых сэрцаў.

Езу Хрыстэ, прымі просьбы Касцёла, які просіць Цябе, і выслухай іх. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

Кс. Юрый Марціновіч

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця