Каментарый да літургіі
«…Няхай благаславіць цябе Пан з Сіёну,
і ўбачыш дабрабыт Ерузалема ва ўсе дні жыцця свайго...»
Усё, што мы маем у нашым жыцці, што нас акружае — створана Богам. Але таксама і тое, што Ён дае нашаму сэрцу: вера, надзея, любоў. Толькі ад нас залежыць, ці будзем мы прымаць гэтыя дары, ці застанемся без благаслаўлення і Яго апекі… Бо мы можам не толькі атрымаць, але і памножыць Божыя дары праз добрыя учынкі, а Ён зноў для нас і ў нас памножыць ласкі праз Эўхарыстыю.
Каментарый да літургіі слова
«…Па доўгім часе прыходзіць гаспадар слугаў гэтых і патрабуе ад іх рахунку…»
Кожны чалавек атрымаў ад Бога свае здольнасці. Гэтыя здольнасці могуць альбо затухаць, альбо павялічвацца. І тут важным з’яўляецца супрацоўніцтва з Богам праз тыя магчымасці, якія Ён нам дае. Менавіта пра гэта нам сёння кажа Евангелле. Нехта павялічыць здольнасці, нехта застанецца з тым, што мае. І ў выніку мы будзем стаяць перад Богам і адказваць за тое, як мы выкарысталі жыццё і тое, што Ён нам даў.
Малітва вернікаў
Шчырым сэрцам просім Пана нашага:
- Адары нашага Папу Францішка і ўсіх біскупаў свету мудрасцю ў іх пастырскім служэнні.
- Дадай уладам усіх краін разважлівасці ў дзеяннях, каб усё рабілі для дабрабыту грамадзян.
- Даручаем Табе ўсіх церпячых і хворых, дадай ім вытрымкі і вернасці Табе.
- Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, няхай цешацца з Табой у вечнасці.
- Благаславі нас, прысутных ля Твайго алтара, каб вучыліся плённа выкарыстоўваць атрыманыя ад Бога дары.
Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала Рэгіна Атрашкевіч