Пошук

30.10.2014 16:31  

Каментарый да літургіі

Нашыя думкі і пачуцці ўчора і сёння кіруюцца да ўсіх нашых дарагіх памерлых. Няма іх сярод нас, адышлі, пакінуўшы смутак, сум, пустату. Нашыя сваякі, бацькі, браты, сёстры і сябры, — нам так не хапае іх, таму мы хацелі б, каб сталі сёння тут, з намі і сярод нас. Мы аддалі б часам усе скарбы свету, каб некаторыя з іх зноў вярнуліся да жыцця. Гэта непатрэбна! Таму што ўсе яны жывуць з Богам у нябесным Ерузалеме. Яны шчаслівыя, бо ўдзельнічаюць ў вечнай літургіі Божых дзяцей перад тронам Баранка.

Гэтая святая літургія, у якой мы прымаем удзел, з’яўляецца абвяшчэннем  нябеснай Літургіі, у якой удзельнічаюць нашыя дарагія памерлыя. Няхай адпачываюць у Богу, у Яго супакоі. Няхай Хрыстус будзе іх узнагародай, радасцю і шчасцем. Асабліва молімся за тых, хто знаходзіцца ў чысцы, каб убачылі Бога тварам у твар.

Каментарый да літургіі слова  

Слова Божае, якое сёння пачуем, прыносіць нам надзею, што мы ўсе будзем стаяць перад Богам, які знішчыць смерць і дасць нам жыццё. Гэтым жыццём для нас з’яўляецца Хрыстус, які паказаў нам шлях, перамог смерць сваім уваскрасеннем і дае нам сваё Слова. Менавіта Ён вядзе нас да вечнай радасці свайго Айца.

Малітва вернікаў

Узмоцненыя надзеяй, молімся да Бога Айца, які праз уваскрасенне Хрыста перамог смерць і хоча даць вечнае жыццё ў радасці нябёсаў.

1. Молімся за Касцёл Святы, каб, абвяшчаючы ў Эўхарыстыі смерць і ўваскрасенне Хрыста, вёў усе  народы да вечнага жыцця.
2. Молімся за ахрышчаных, каб сваім жыццём сведчылі, што вераць у вечнае збаўленне.
3. Молімся за памерлых Папаў, біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і ўсіх, хто служыў Богу, каб былі ўключаны ў Касцёл хвалебны.
4. Молімся за памерлых кіраўнікоў краін, людзей культуры, навукі і за ўсіх тых, хто служыў зямной радзіме, каб убачылі хвалу Бога і праслаўлялі Яго любоў.
5. Молімся за памерлых з нашых сем’яў, каб, узнагароджаныя за жыццё на зямлі, увайшлі ў радасць Пана.
6. Молімся, каб мы, у супрацоўніцтве з Хрыстом, заўсёды былі гатовыя да сустрэчы з Ім.

Божа, умацуй нас у надзеі, што можам без страху чакаць сустрэчы з нашымі блізкімі памерлымі і будзем там, дзе любоў перамагла смерць. Праз Хрыста, Пана нашага.

С. Людміла Леўдаровіч MChR

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця