Каментарый да літургіі
Бог паслаў нам свайго Сына. Аддаў таксама ў нашыя рукі лёс свайго Касцёла і лёсы свету. Праз удзел у гэтай эўхарыстычнай Ахвяры мы выказваем сваю веру ў Сына Божага, прыслухоўваемся да Евангелля, каб выконваць Божыя словы ў сваім жыцці і такім чынам прыносіць плён дабра, уносіць свой уклад у перамяненне свету.
Так шмат мы атрымалі ад Бога, але так мала даем узамен за атрыманыя дары. Таму перапросім Бога за нашыя правіны.
Каментарый да літургіі слова
Народ Ізраэля быў абраны Божым вінаграднікам, але быў адхілены, таму што не прынёс пладоў веры і любові да свайго Пана і не прыняў Божага Сына — Месіі. Бог даў вінаграднік нам — Яго Касцёлу. Мы таксама павінны прыносіць плён сваёй веры, каб не заслужыць адмовы, але быць выратаванымі. Калі мы робім дабро, мы становімся сапраўдным народам Божым і атрымліваем дар Божага супакою праз Езуса Хрыста.
Малітва вернікаў
Добраму Богу прадставім нашыя просьбы
- Молімся аб благаслаўленні і дарах Божай ласкі для Папы Францішка, нашага біскупа (імя) і ўсіх святароў. Цябе просім...
- Молімся ў інтэнцыі належнай падрыхтоўкі да Сіноду Біскупаў на тэму моладзі, які ў наступным годзе распачнецца ў Рыме, каб паспрыяў абуджэнню свядомасці моладзі і дапамог ёй заняць належнае месца ў Касцёле. Цябе просім...
- Молімся за сем’і, каб, моцныя Богам, выхоўвалі дзяцей паводле хрысціянскіх каштоўнасцяў. Цябе просім...
- Молімся за памерлых, каб іх душы дасягнулі шчасця прабывання ў Валадарстве Нябесным. Цябе просім...
- Молімся за нас, сабраных вакол алтара Пана, каб мы, перамененыя Божым словам і Эўхарыстычным Хлебам, моцна трывалі ў веры. Цябе просім...
Пане Божа, ад Цябе мы атрымліваем кожнае дабро. Дзякуем Табе за ўсе Твае дары і за тое, што слухаеш нашыя малітвы. Праз Хрыста, Пана нашага.