Каментарый да літургіі
Свята Перамянення Пана звязваюць з цудам, які Езус Хрыстос здзейсніў напрыканцы cвайго зямнога шляху перад трыма апосталамі Пятром, Якубам і Янам.
Хрыстус прывёў cваіх вучняў на гару Табор і адкрыў, што Яму належыць пакутваць за людзей, памерці на крыжы і ўваскрэснуць. Там Ён перамяніўся перад апосталамі: твар Яго заззяў, а вопратка зрабілася асляпляльна белай. Два прарокі Старога Запавету Майсей ды Ілля з’явіліся Пану на гары і размаўлялі з Ім. А голас Бога Айца са светлага воблака сведчыў пра Боскасць Хрыста.
Лічыцца, што на гары Табор Езус упершыню паказаў людзям сваю Боскую сутнасць. Вучні асэнсавалі, што перад імі не проста прарок, але сам Пан. Свята Перамянення Пана нагадвае пра неабходнасць духоўнага перамянення і ўдасканалення.
Малітва вернікаў
Узнясём пакорныя малітвы да Нябеснага Айца, які на святой гары аб’явіў ззянне вечнай хвалы свайго Боства ў Езусе Хрысце, нашм Браце і Пану:
- Молімся за Святы Касцёл, каб адорваў людзей верай, надзеяй і любоўю.
- Молімся за папу Францішка і ўсіх біскупаў свету, каб не стамляліся несці святло Хрыста людзям.
- Молімся за ўсіх бяздомных, каб знайшлі годнае месца для жыцця і супакой у сэрцы.
- Молімся за сужонкаў, каб Уваскрослы Хрыстус быў для іх Крыніцай узаемнай любові.
- Молімся за тых, хто адышоў у вечнасць, каб у перамененых целах маглі сузіраць Пана тварам у твар.
- Молімся за нас, тут сабраных, каб бачылі ў штодзённым жыцці шлях да збаўлення.
Божа, выслухай нашыя малітвы і перамяні слёзы нашых цярпенняў у радасць непрамінальнага шчасця. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.