Каментарый да літургіі
Бог, поўны міласэрнасці і дабрыні, прабачае грахі і цярпліва чакае навяртання, таму што любіць чалавека і хоча, каб кожны быў шчаслівы.
Мы жывём у свеце, у якім дабро і зло вельмі перамешаны, таму прыходзім у святыню, каб ад Хрыста атрымаць сілу і дапамогу ў перамозе дабра над злом. Прыходзім, каб атрымаць прабачэнне і міласэрнасць.
Бог міласціва чакае нашага навяртання, звернемся да Яго ўсім сэрцам і будзем прасіць прабачэння.
Каментарый да літургіі слова
Прыпавесць пра пустазелле сярод збожжа з’яўляецца вобразам Божай цярплівасці і міласэрнасці. Бог не карае зараз за зло, але чакае навяртання чалавека. Дабро ціхае і ціха ўзрастае, як Божае Валадарства. Усе мы грэшныя і слабыя, здольныя рабіць дабро і зло. Мы любім і ненавідзім. Важна ніколі не расчароўвацца і не дазволіць, каб пустазелле заняло месца пшаніцы на нашым полі. Трэба кожны дзень нанова ачышчаць сэрца ад “пустазелля”.
Сын Чалавечы памёр за грахі людзей і вызваліў нас ад панавання зла. За намі выбар, і калі выбіраем дабро, Бог не пакіне нас самотнымі, але будзе супрацоўнічаць, і сам Дух будзе заступацца за нас.
Бог, “які далікатна кіруе намі”, вучыць нас пакорнаму погляду на сябе і свет, які вакол нас. Дазволім Богу, каб Ён сам заняўся полем нашага жыцця.
Малітва вернікаў
Звернемся да Бога ў нашых малітвах, давяраючы Яго дапамозе, дабрыні і міласэрнасці.
Будзем паўтараць: Акажы нам, Пане, сваю міласэрнасць.
1. Просім за Паўсюдны Касцёл, каб спрыяў перамозе дабра на зямлі.
Акажы нам, Пане, сваю міласэрнасць.
2. Просім за маладых людзей, каб час дыяцэзіяльных сустрэч у Івянцы, Браславе і іншых месцах учыніў з іх адважных сведкаў Евангелля.
Акажы нам, Пане, сваю міласэрнасць.
3. Просім за ўсіх, якія ў гэты час адпачываюць, каб прыгажосць прыроды была для іх знакам дабрыні і ўсемагутнасці Створцы.
Акажы нам, Пане, сваю міласэрнасць.
4. Просім за грэшнікаў, каб атрымалі ласку навяртання і паядналіся з міласэрным Айцом.
Акажы нам, Пане, сваю міласэрнасць.
5. Просім за нашых памерлых, каб, ачышчаныя ад зла, як добрая пшаніца, апынуліся ў Валадарстве Бога.
Акажы нам, Пане, сваю міласэрнасць.
6. Просім, каб мы самі навучыліся перамагаць зло і пашыралі дабро ў свеце.
Акажы нам, Пане, сваю міласэрнасць.
Божа, спашлі свайго Духа, каб маліўся ў нас, заступаўся за нас і дапамагаў нам выпрошваць Тваю міласэрнасць, прабачэнне і дапамогу, каб напрыканцы свету мы знайшлі ў Табе Айца, поўнага міласэрнасці, і маглі ўдзельнічаць у радасці Твайго вечнага Валадарства. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
С. Мірыям Маршалэк ZSJM
Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на XVІ Звычайную нядзелю, Год А (20 ліпеня)
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .