Пошук

23.06.2014 18:45  

«Я зраблю цябе святлом народаў, каб маё збаўленне дайшло да краёў зямлі». Гэтымі словамі з кнігі прарока Ісаі, хачу распачаць сваё разважанне. Словы асабліва важныя у кантэксце ўрачыстасці, якую мы з вамі сёння перажываем: урачыстасць святога Яна Хрысціцеля.

Дарагія браты і сёстры! Што значыць быць хрысціянінам? Што значыць быць сведкам Езуса Хрыста? Што значыць быць святлом для язычнікаў, пра што кажа прарок Ісая? Варта мае дарагія паставіць гэтыя пытанні і адказаць на іх, гледзячы на жыццё св. Яна Хрысціцеля.


Кім быў св. Ян Хрысціцель? Перадусім яго называюць апошнім прарокам Старога Запавету. Паводле Святога Пісання, Ён нарадзіуся ў вёсцы Айн Карын, непадалёку ад Ерузалема і быў старэйшым за Езуса на паўгады. Святы Ян быў сынам яўрэйскага святара Захарыя і Альжбеты, сваячніцы Найсвяцейшай Панны Марыі. Нарадзіўся Ян, калі яго бацькі былі ў старэйшым узросце. Аб яго нараджэнні засведчыў Анёл Пана. Пасля смерці бацькоў у маладым узросце ён пачаў практыкаваць жыццё пустэльніка.


На пустыню яго паклікаў Бог, каб Ян стаў Яго прарокам. Святы Ян Хрысціцель заклікаў людзей да пакаяння і навяртання, удзяляў хрост і падрыхтоўваў людзей да прыйсця і дзейнасці Езуса Хрыста. Гэта менавіта аб ім казаў ў Евангеллі Езус, што сярод народжаных з жанчын не было большага ад Яна Хрысціцеля. А за тое, што Ян крытыкаваў амаральнае жыццё Ірада і Ірадзіяды, ён трапіў у вязніцу, дзе і быў забіты мечам.

Вось такая кароценькая біяграфія св. Яна Хрысціцеля — прарока, які указаў на Хрыста як Баранка Божага. Ён, праз абвяшчэнне хросту навяртання, прыгатаваў чалавечыя сэрцы прыходзячаму Хрысту. Таму асабліва да яго адносяцца тыя словы з сённяшняга першага чытання: «Раней, чым сфармаваў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе, і раней, чым ты выйшаў з улоння, Я асвяціў цябе, устанавіў цябе прарокам для народаў».І менавіта гэтыя словы выдатна перагукваюцца са словамі прарока Ісаі: «Я ўстанавіў цябе святлом для язычнікаў, каб маё збаўленне дайшло аж да межаў зямлі».

Святы Ян Хрысціцель без сумневу быў чалавекам праведным і паслухмяным Божаму слову. Тое, што прапаведваў і чаму навучаў, ішло побач з яго жыццём. І хоць за жыццё Ян Хрысціцель не ўчыніў вялікіх знакаў і цудаў, аднак ён сам быў знакам і цудам для людзей. Як ведаем, ён меў вучняў, а вялікія натоўпы гарнуліся да яго, каб слухаць і прымаць хрост пакаяння і навяртання.

Зрэшты сам Езус падыходзіць да Яна і просіць яго аб хросце. Дзіўна гэта можа нам здавацца. Езус не патрабаваў хросту, Ян Хрысціцель нават утрымліваў яго, кажучы: «Гэта я патрабую хросту ад Цябе, а Ты да мяне прыходзіш?» І якім быў адказ Езуса? Поўным пакоры: «Дазволь, бо патрэбна, каб выканалася ўсялякая праўда» І пасля хросту Пана асноўная місія Яна Хрысціцеля была завершана. Ён выдатна здзейсніў сваё пакліканне, апраўдаў давер Бога.

Ян быў руплівым у выкананні Божага права і ніколі не замоўчваў няпраўды, не хаваў яе, не ішоў на кампраміс з грахом. Але адразу выкараняў зло і грэх. Таму аднойчы прыйшоў да цара Ірада, каб сказаць яму, што нельга мець яму жонкі свайго брата. І, як ведаем з Евангелля, Ірад баяўся Яна, бо лічыу яго прарокам, праз якога дзейнічаў і прамаўляў Бог. Калі чуў пра Яна, то адчуваў непакой і боязь, але слухаў яго ахвотна.

Дарагія! Ці Ірад не з’яўляецца вобразам кожнага чалавека, які ведае што такое дабро, але не мае дастаткова сілы, каб гэтае дабро выбіраць і выконваць у сваім жыцці? Слухаем Божае слова з вуснаў святароў, якія кажуць: трэба ўдзельнічаць у Святой Імшы, нельга працаваць у нядзелю, нельга грашыць супраць сужэнства і сям’і, нельга красці і ашукваць на працы і ў школе. А мы робім выгляд, што дасканалыя, што нас не датычацца гэтыя словы, што толькі тыя, хто нас вучаць, павінны змяніцца. Так! Ім трэба змяняцца, але ж і нам таксама.

Ірадзіяда выразна бачыла мяжу паміж дабром і злом, але нягледзячы на гэта, вельмі жорстка пазбылася ад св. Яна Хрысціцеля. Чаму так, бо, верагодна, хацела заглушыць голас свайго сумлення. Ці толькі яна адна была такой, якая жадала прыцішыць сваё сумленне? Напэўна, не. Кожны дзень шмат людзей чыняць падобнае. А тлумачаць свае паводзіны вельмі банальна: змяніліся часы; Евангельская праўда не падыходзіць да сітуацый сённяшняга жыцця; грэх, гэта паняцце адноснае, або наогул яго не існуе як такога. А што тады ў гэтай усёй сітуацыі з намі? Ці выпадкова і мы спрабуем суцішыць голас свайго сумлення?

Чаму мы можам навучыцца ад сённяшняга святога апекуна Яна Хрысціцеля? Перш за ўсё Ён з’яўляецца перасцярогай для людзей нясталых і маладушных. На жаль, шмат хто з нас хістаецца як трысціна направа і налева. Нельга сцвердзіць, што у нас няма сваіх асабістых поглядаў і меркаванняў, але вельмі часта мы замест таго, каб кіравацца сумленнем, кіруемся бояззю і чыста людскімі поглядамі, баючыся паглядзець праўдзе ў вочы, зірнуць не павярхоўна, а больш глыбока. І вельмі часта мы ідзем за натоўпам, не стараючыся зразумець у чым справа, але проста паўтараем за іншымі, тое ж меркаванне, той жа слоган, хоць можа, калі паразважаць, то нашае меркаванне адрозніваецца. Але чамусьці мы паддаемся натоўпу.

Так! Можа гэта і балючыя словы, але такая праўда. Калі ты сумленна робіш паводле сэрца, то словы заўвагі і перасцярогі у найменшай ступені адносяцца да цябе. Калі паступаеш неўласціва, то ад падобных словаў можа крыху будзе і сорамна, але дзякуючы гэтаму можаш задумацца над сабою, над сваімі учынкамі і змяніць іх на лепшыя. Трэба толькі пачуць голас Бога, які прамаўляе шэптам ў цішыні і спакоі сумлення. У натоўпе, цяжка пачуць Яго голас. Там толькі крык.

Так як абвяшчаў Божую праўду Ян Хрысціцель, так яе абвяшчаюць Святары. Яны імкнуцца прыгадаць кожнаму, пачынаючы ад саміх сябе, што мы пакліканыя да вернасці Хрысту. І кожнаму з нас нанова трэба адкрыць тое, што абвяшчэнне Евангелля Езуса Хрыста - гэта заданне кожнага з нас. Абвяшчэнне яго ўсім сваім жыццём праз тое, што мы верныя Хрысту, верныя Яго запаведзям. Вернасць не можа быць толькі некаторым запаведзям, якія нам падабаюцца, або якія для нас лёгка выканаць. Вернасць датычыцца ўсіх запаведзяў. Цяжкае гэта заданне, але вартае таго, каб яго выконваць. Да гэтага кожны з нас без выключэння пакліканы.

Бяда мне, калі не буду абвяшчаць Евангелле Божае. Бяда мне, калі хоць адну крэску, хоць адну ёту змяню ў Божым праве.
«Я зраблю цябе святлом народаў, каб маё збаўленне дайшло да краёў зямлі».

Дарагія браты і сёстры! Гэтыя словы з кнігі прарока Ісаі адносяцца не толькі да св. Яна Хрысціцеля. Яны скіраваны асабліва сёння да кожнага з нас. Мы пакліканы, каб сведчыць словамі і учынкамі, каб сведчыць усім сваім жыццём пра Езуса Хрыста. Ён нас чакае, Ён чакае ад нас вернасці. Не абяцае, што нам будзе лёгка ў жыцці, але з Ім любы цяжар будзе нам па плячу. Бо мы не адны.

І няхай у гэтым нас умацоўвае сам Хрыстус, які дае нам самога сябе ў Святой Камуніі і праз гэта ўдасканальвае нашую веру, надзею і любоў. Ён таксама пасылае кожнага з нас да веруючых і няверуючых, як да хрысціянаў, так і да тых, хто не пазнаў яшчэ Бога. Езус кожнага з нас пасылае абвяшчаць Евангелле і кажа нам: «Я зраблю цябе святлом народаў, каб маё збаўленне дайшло да краёў зямлі». Амэн.

А. Андрэй Авен
Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця