Пошук

30.04.2014 13:02  

“Ламанне хлеба” - гэта самая старажытная назва святой Імшы. Менавіта па ламанні хлеба вучні, якія ўцякалі з Ерузалема, разпазналі ў спадарожніку Езуса. Мы таксама павінны ўслухацца ў Слова Божае, каб нашае сэрца загарэлася новым агнём руплівасці.

Каментарый да літургіі

“Ламанне хлеба” - гэта самая старажытная назва святой Імшы. Менавіта па ламанні хлеба вучні, якія ўцякалі з Ерузалема, разпазналі ў спадарожніку Езуса. Мы таксама павінны ўслухацца ў Слова Божае, каб нашае сэрца загарэлася новым агнём руплівасці. Падыходзьма да Стала Пана, каб з’яднацца з Тым, які нас да канца палюбіў. Супольнае праслаўленне Бога дае нам сілы да сведчання аб нашай веры ў штодзённым жыцці. Будзем прасіць Пана, каб адкрываў вочы нашага сэрца, нашыя вушы на Яго Слова, на Яго прысутнасць сярод нас.

Перапросім Яго за нашую абыякавасць, халоднасць і адсутнасць веры.  

Каментарый да літургіі слова

Паглядзім на вучняў Езуса, якія ідуць у Эмаус. Усе мы накіроўваемся ў Эмаус. Мы не ідзём адны, але з намі Уваскрослы Пан. Вучні Езуса маюць мэту, але на самой справе яны не ідуць у Эмаус, а толькі ўцякаюць з Ерузалема. У гэтым можна адчуць нейкую пустату, смутак. Не ведаем, мела іх размова форму малітвы ці наракання, а можа, была поўная расчаравання і прыгнечанасці.

Кожны з нас мае такія моманты ўцёкаў, пустаты і няўпэўненасці. Здзіўляе тое, што ў такія менавіта моманты Езус хоча да нас далучыцца. Ён спадарожнічае нам і дае новы сэнс нашай вандроўцы, нашай пустаце, нашым сумнівам і ўцёкам. Ён хоча ўвайсці ў нашу рэчаіснасць і напоўніць яе святлом свайго Слова. Толькі мы часта Яго не распазнаём, не бачым Яго дыскрэтнай прысутнасці.

Тады трэба нам, як вучням з Эмаўса, быць чулымі да знакаў прысутнасці Пана. Трэба паспрабаваць распазнаць Яго ў неістотных спачатку сітуацыях штодзённага жыцця. Ён прысутны ў шэрых буднях. Ён прыходзіць тады, калі на Яго найменш спадзяёмся, і дае нам пазнаць сваю прысутнасць тады, калі нам здаецца, што пра нас ужо не памятае. Адкрывайма вочы нашага сэрца, каб былі чулымі і гатовымі распазнаць Яго ў звычайныя і цяжкія моманты нашага жыцця.

Малітва вернікаў


Пазнаючы прысутнага сярод нас Пана, які ламае для нас хлеб і тлумачыць нам Пісанне, звернемся з гарачай малітвай да Яго:

1. Молімся за ўсіх хрысціянаў, каб штораз больш перажывалі нядзелю як дзень Пана, прысвечаны асаблівым чынам Богу і бліжнім.
2. Молімся за ўсіх веруючых у Хрыста, каб так, як вучні ў дарозе да Эмауса, распазналі Яго прысутнасць у штодзённым жыцці.
3. Молімся за людзей навукі і культуры, каб іх праца дапамагала іншым адкрыць Бога і Яго прыгажосць.
4. Молімся за дзяцей, якія рыхтуюцца да Першай Камуніі, каб дзякуючы прыкладу бацькоў яны яшчэ больш палюбілі Хрыста.
5. Молімся за памерлых, каб Бог, багаты на Міласэрнаць, прыняў іх у сваё Валадарства.
6. Молімся за нас саміх, каб мы захавалі жывы ўспамін сустрэчы з Уваскрослым Панам і дзяліліся гэтым з іншымі.

Божа, нашая зямная пілігрымка прыгадвае шлях вучняў да Эмаўса. Учыні ў Тваёй ласкавасці, каб мы Цябе распазнавалі і праслаўлялі нашым жыццём, які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

С. Мірыям Маршалэк ZSJM

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа