Пошук

21.02.2014 10:25  

Каментарый да літургіі

Тыдзень таму літургія нагадвала нам пра важнасць ісці шляхам запаведзяў, які з’яўляецца сапраўдным вызваленнем чалавека. Сёння ж Пан кажа нам, што першая і найбольшая з Яго запаведзяў – гэта запаведзь любові. І любові нават да ворагаў.

Хрысціянінам з’яўляецца той, хто здольны любіць нават непрыяцеляў. Ахвяра Хрыста, якую мы прыйшлі скласці, дае нам гэтую незразумелую для свету моц: любоў да непрыяцеляў.

Перапросім Пана Бога за недахоп любові, за занядбанні ў рэалізацыі фундаментальнай запаведзі хрысціян.

Каментарый да літургіі слова

Евангелле, прызначанае на сённяшнюю нядзелю, акцэнтуе значэнне і каштоўнасць цноты любові, кажучы нам адначасова і пра тое, як сябе паводзіць, каб гэта спрыяла ўзрастанню любові ў жыцці вызнаўца Хрыста. Першае, што можна вынесці з гэтага Евангелля: вызнаўца Хрыста не можа адплачваць злом за зло. Гэта асноўны прынцып і запаведзь нашай рэлігіі.

Важна і тое, што хрысціянская рэлігія – гэта рэлігія прабачэння. Хто любіць, той не толькі не адплачвае злом за зло, не толькі спакойна зносіць учыненыя яму крыўды, але і гатовы адарыць крыўдзіцеля дабрынёй свайго сэрца – да гэтага нас заахвочвае Езус.

Малітва вернікаў

Любоў – гэта адзіная рэалізацыя сапраўднай веры. Таму молімся, просячы Бога, каб выслухаў нас, сабраных на гэтай Эўхарыстыі, якая аб’яўляе любоў, абяцае яе і яе нам удзяляе.

1. Молімся за Касцёл, каб абвяшчаў запаведзь любові і паказваў прабачаючую любоў Бога.
2. Молімся за нашых непрыяцеляў і тых, хто пераследуе Касцёл, каб яны знайшлі дабро і ўбачылі ў жыцці хрысціян, што Бог прабачае.
3. Молімся аб міры, згодзе і спыненні крывавай барацьбы ва Украіне, каб усе ў сваіх штодзённых справах і рашэнняў кіраваліся любоўю да бліжняга.
4. Молімся за нашых блізкіх памерлых, асабліва за тых, хто загінуў у сутычках ва Украіне, каб знайшлі ў Бога прабачэнне і з любоўю былі прыняты да супольнасці збаўленых.
5. Молімся за нас саміх, каб мы ўмелі любіць і прабачаць, як Айцец прабачае нам нашы правіны і любіць нас, грэшнікаў.

Божа, які ў Езусе Хрысце аб’явіў свету любоў да непрыяцеляў, выслухай нас і ўчыні, каб мы любілі людзей і прабачалі нашым вінаватым. Праз Хрыста, Пана нашага.

Кс. Юрый Марціновіч

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа