Пошук

13.02.2014 10:59  

Каментарый да літургіі

"Шчаслівыя тыя, хто захоўвае сведчанні Пана,
і ўсім сэрцам шукае Яго".


Словамі з сённяшняга псальма распачынаем нядзельную Эўхарыстыю. І тут хочацца сказаць, што тыя "шчаслівыя" - гэта мы. А менавіта кожны з нас, які прысутны на гэтай сустрэчы з Хрыстом. Бо навошта мы прыйшлі? Прыйшлі, бо нашае сэрца прагне Бога! Прагне Яго супакою, любові і прабачэння. Сярод нас няма двух аднолькавых людзей, мы ўсе асаблівыя ў вачах Бога. Кожны прыходзіць з асабістымі перажываннямі, просьбамі, падзякамі. Але ўсіх нас яднае Хрыстус. Падчас Эўхарыстыі Ён кожнага ўмацуе і адорыць спакоем. Таму са шчырым сэрцам, адчыненым на Божую любоў, перажывем гэта нядзельнае спатканне з Хрыстом.

Каментарый да літургіі слова


Літургія слова заклікае нас сёння задумацца над уласным жыццём. Над нашымі ўчынкамі, адносінамі да іншых, над нашай справядлівасцю. Езус кажа, што ўсё, што паходзіць ад нас, павінна быць чыстым, шчырым і сапраўдным, а не напаказ перад іншымі. Таксама ў чытанні пачуем, што менавіта чалавек, а гэта значыць кожны з нас асабіста, выбірае "жыццё альбо смерць". "Бо вялікая мудрасць Пана... І Ён бачыць усё". Бог шануе вольнасць сваіх дзяцей.

Малітва вернікаў


Усе мы дарагія ў вачах Бога, таму, поўныя даверу, узнясём да Айца Нябеснага нашыя малітвы.

  • Божа, адары Айца Святога Францішка дарамі Духа Святога, каб мудра кіраваў паўсюдным Касцёлам сярод выклікаў сучаснага свету.
  • Божа, умацуй святароў у верным абвяшчэнні Твайго вучэння.
  • Божа, дапамажы ўсім шукаючым супакою, справядлівасці і праўды, дасягнуць жаданай мэты.
  • Божа, даруй усе правіны і дазволь сузіраць Тваё Аблічча ў Нябесным Валадарстве памерлым, якія ў жыцці спадзяваліся на Цябе.
  • Божа, дапамажы нам быць сапраўднымі сведкамі Тваёй любові і перамагаць усе жыццёвыя спакусы.


Божа, выслухай нашыя малітвы і захавай ад усялякага зла. Амэн.

С. Марына Брылёнак

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.