Каментарый да літургіі
Хрыстус пасяліўся між людзьмі, несучы ім святло і супакой. Мы пакліканы, як апостал Павел, абвяшчаць прыйсце Божага Валадарства і адзінства ўсіх асветленых Божым ззяннем. Праз гэтую ахвяру, у якой удзельнічаем у нядзелю, Хрыстус зноў да нас прыходзіць, асвячае нас сваім Словам, корміць нас сваім Целам, лечыць хваробы грахоў і абвяшчае прыйсце Божага Валадарства.
Часта пануе ў нас цемра граху. Давайце навернемся да Бога праз жаль за нашыя правіны, каб над намі заззяла Божае святло, якое зіхаціць з гэтай ахвяры і нясе адзінства падзеленым і параненым праз грэх.
Каментарый да літургіі слова
У сённяшнім Евангеллі св. Мацвей прыводзіць прароцтва Ісаі, што Месія асветліць усю зямлю. “Над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло”. Як узыходзячае сонца, Езус нясе свету праўду і звышнатуральную яснасць чалавеку, які не можа заставацца ў цемры няведання і памылак.
Святы Мацвей апавядае, што ў час зямнога жыцця Езуса менавіта Апосталы першымі адчулі дзейсны ўплыў гэтага святла. Яны захапіліся таямнічым святлом, якое ад Яго ззяла, і адразу пайшлі за Ім. Гэтае святло свеціць для ўсіх. Ён прыходзіць да нас, пагружаных у цемру, каб даць сэнс нашаму жыццю, нашай штодзённасці, працы, стомленасці і радасці.
Езус запрашае Пётра, Андрэя, Яна, Якуба і астатніх, каб пашлі за Ім. Гэта пачатак новай супольнасці, якая павінна ажыццявіць сярод сябе Валадарства Божае. Супольнасці, якая павінна стаць месцам адчування Божага збаўлення, з’яўляецца адначасова супольнасцю святых і грэшных. У Касцёле сустракаю Уваскрослага Хрыста ў яго Целе і Крыві, у Касцёле атрымліваю адпушчэнне грахоў і ў Касцёле вучуся таму, што значыць любіць сябе і братоў.
Сэрца чалавека становіцца Валадарствам Божым, калі каецца. Серца чалавека атрымлівае тады новую годнасць, становіцца асаблівай прасторай Валадарства Нябеснага.
Пан кліча, каб пайшлі за Ім і асвятлялі святлом веры шлях іншых людзей. Добра ведаем, што лекамі на шматлікія хваробы, якія мучаюць людзей, з’яўляецца вера ў Езуса Хрыста. Без Яго людзі ходзяць у цемры, спатыкаюцца і падаюць. Вера, якую мы павінны ім перадаць, - гэта святло для розуму, непараўнальнае ні з чым.
Па-за мяжамі веры валадарыць цемра. Калі прыходзіць Ён – “над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло”. Прымем гэтае святло і дазволім, каб нас асвятляла і агарнула.
Малітва вернікаў
Пан наш Езус Хрыстус прынёс свету жаданае святло Праўды. Молімся Яму:
1. Каб усе людзі прыйшлі да пазнання Праўды і былі збаўлены дзякуючы Тваёй смерці на крыжы.
2. Каб бляск хвалы Хрыста, ззяючы на абліччы Касцёла, прыцягнуў да Бога няверуючых.
3. Каб усе хрысціяне, углядаючыся ў святло Пана, сталіся падабнымі да Яго.
4. Каб усе, якія не чулі пра Езуса Хрыста альбо не прынялі Яго як свайго Пана, былі праз Айца прыцягнуты і адкрылі сваё сэрца на дар Добрай Навіны.
5. Каб хворыя і церпячыя прынялі моц, якую прыносіць Евангелле, для перамогі сваіх жыццёвых абмежаванняў.
6. Каб мы, паддаючы Тваёй навуцы наш розум, сэрцы і сумленне, дазволілі Твайму святлу пранікнуць ва ўсе нашыя справы.
Божа, Ты аб’явіў Твайго Адзінароднага Сына ўсім народам, учыні, каб мы, пазнаўшы Цябе праз веру, былі праз любоў даведзены да сузірання тварам у твар Тваёй хвалы. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
С. Мірыям Маршалэк ZSJM