Пошук

17.01.2014 12:58  

Каментарый да літургіі

“Ці Хрыстус падзелены?”

Мы прыбылі да нашай святыні, каб прадставіць Пану Езусу тое, што ў нас баліць, непакоіць нас, з чым мы не можам справіцца, верачы, што Ён пераменіць усё гэта, як ператварыў ваду ў віно ў Кане Галілейскай. Ён – сапраўдны Сын Божы! Ён можа здзейсніць цуд перамены ў жыцці кожнага з нас. Трэба з верай перажываць кожную Эўхарыстыю ў супольнасці вучняў Езуса.

Таксама зараз мы перажываем Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян. Тэма сёлетняга Тыдня малітвы аб еднасці хрысціян узята з Першага Паслання св. ап. Паўла да Карынцянаў: “Ці Хрыстус падзелены?” Таму ў гэты час асабліва молімся аб тым, каб ва ўсім свеце стала адна аўчарня і адзін Пастыр, а таксама аб тым, каб мір і згода былі ва ўсіх супольнасцях, дамах і сем’ях.

Каментарый да літургіі слова

„Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету”

Ян Хрысціцель даў сведчанне пра Езуса, указваючы на Яго як на Збаўцу ўсіх людзей і сапраўднага Сына Божага. Бо Хрыстус з’яўляецца прадказаным прарокам Ісаяй Слугой Бога, які прынясе збаўленне ўсяму свету. Кожны хрысціянін пакліканы, як Ян Хрысціцель, даваць сведчанне пра Хрыста і несці збаўленне Хрыста людзям. Гэтую місію добра выканаў св. Павел – Апостал народаў, які і сёння вучыць нас, што мы пакліканы да святасці і апостальства.

Паклонімся сёння ў духу перад Сынам Божым і абудзім у сабе гарачую веру ў Яго боства, усведамляючы праўду, што Езус як Бог прагне нашага збаўлення.

Малітва вернікаў

Хрыстус прыходзіць  у свет, каб даць нам збаўленне. Сёння горача просім Яго, каб мы не змарнавалі гэтай ласкі, але, узбагачаныя ёю, маглі дасягнуць вечнага збаўлення:

  1. За ўсіх хрысціян, каб з адвагай і моцай апосталаў яны абвяшчалі свету Евангелле аб Езусе Хрысце.
  2. За біскупаў, асабліва за прызначанага Віцебскім ардынарыем Алега Буткевіча, каб быў добрым пастырам для свайго статку.
  3. Аб еднасці ўсіх хрысціян, каб яны імкнуліся да згоды, міру і еднасці, якой так горача прагне Хрыстус.
  4. За сем’і, каб яны ўмацоўвалі сваю веру, пачатак якой быў пакладзены ў святым хросце, і дзяліліся ёю з іншымі.
  5. За нас саміх, каб мы былі вестунамі міру ў нашых супольнасцях, дамах, сем’ях.


Божа, просім Цябе, выслухай нашы малітвы, каб мы верна выконвалі волю Сына Божага, нашага Пана. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя.

Падрыхтаваў кс. Юрый Марціновіч

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.