Каментарый да літургіі
Сёння перажываем III Нядзелю Адвэнту, так званую Нядзелю Радасці. Ужо хутка мы будзем радавацца з нараджэння Езуса. Гэтая радасць павінна быць відавочнай ў нашым жыцці, не толькі ў калядную ноч, але і кожны дзень. Хрыстус хоча, каб мы дзяліліся радасцю з іншымі. Аднак, каб гэта адбылося, у сэрцах павінна быць нейкая перамена. Сапраўдная радасць з’явіцца ў нашым сэрцы тады, калі адкінем зло і запросім Езуса ў сваё жыццё. Будзем маліцца, каб Хрыстус падчас гэтай святой Імшы перамяніў нашыя сэрцы, каб напоўніў яе сваёй радасцю і любоўю.
Каментарый да літургіі слова
„Сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля”.
Давайце паглядзім на гэтае параўнанне: сярод людзей, якія нарадзіліся, няма нікога большага за Яна Хрысціцеля, а найменшы ў Нябесным Валадарстве — большы за яго. Тут параўноўваюцца два светы: зямны і нябесны, і таму тое, што, здавалася б, нелагічна з зямнога пункту гледжання, знаходзіць сваю логіку з нябеснага. На зямлі Ян, як апошні, аддзяляе прарокаў Старога Запавету. А Езус распачынае Новы Запавет - час рэалізавання Добрай Навіны.
Малітва вернікаў
Да Бога – Крыніцы нашай радасці, які запрашае нас да эўхарыстычнага стала, - занясём нашыя просьбы:
1. Молімся за святароў, каб прапаведвалі і сведчылі аб вялікай любові Бога да чалавека. Цябе просім...
2. Молімся за сем’і, каб памяталі не толькі аб прыгатаванні святочнага стала, але таксама аб падрыхтоўцы свайго сэрца да прыйсця Пана. Цябе просім...
3. Молімся аб ласцы навяртання для людзей, якія даўно не прыступалі да сакрамэнту пакаяння. Цябе просім...
4. Молімся за памерлых, каб атрымалі радасць жыцця вечнага. Цябе просім...
5. Молімся за нас, сабраных на Эўхарыстыі, каб мы ўмелі дзяліцца радасцю і любоўю з іншымі. Цябе просім...
Просім Цябе, Божа, выслухай нашыя просьбы, якія ў пакоры Tабе прадстаўляем. Праз Хрыста, Пана нашага.
Апрацавала с. Людміла Леўдаровіч MChR
Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на III Нядзелю Адвэнту (15 снежня)
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .