Пошук

09.11.2013 11:38  

Каментарый да літургіі

Месяц лістапад нагадвае нам пра смерць і хуткую змену чалавечага жыцця. Аднак трэба памятаць, што Бог праз свайго Сына абвяшчае ўсім вечнае жыццё і ўваскрасенне памерлых. Прыходзячы на Эўхарыстыю, мы жадаем прыняць дар жыцця, каб таксама знайсці надзею ўваскрасення.

Грэх – гэта смерць, таму перапросім за нашы грахі, каб мець у сабе вечнае жыццё, задатак уваскрасення.

Каментарый да літургіі слова

Сучасны чалавек часта спыняецца над сэнсам свайго жыцця і прыходзіць да высновы, што яно мае значэнне толькі тады, калі існуе вечнае жыццё. Інакш кажучы, калі чалавек працягвае жыць пасля сваёй фізічнай смерці.

Пан Езус вельмі часта падкрэсліваў падчас свайго зямнога жыцця існаванне жыцця вечнага. У Евангеллі на гэтую нядзелю мы чуем зноў у Яго размове з садукеем моцнае падкрэсліванне не толькі існавання вечнага жыцця, але таксама яго значэння і каштоўнасці. Сёння просім Езуса Хрыста, каб, жывучы ў сённяшнім дні, мы ніколі не гублялі з поля зроку вечнасці.

Святы Францішак Сальскі казаў, што жыццё – гэта час, калі мы шукаем Бога; смерць – час, калі Яго знаходзім; вечнасць – час, калі Яго маем. Таму няхай Хрыстус – жыццё і ўваскрасенне наша – будзе нашай уласнасцю навекі.

Малітва вернікаў


Езус Хрыстус пры сваім зямным жыцці вучыў людзей аб уваскрашэнні цела. Ажыўленыя верай у наша ўваскрашэнне, занясём да трону Бога ў небе нашы просьбы:

1. Молімся за Касцёл, каб праз абвяшчэнне Евангелля ён звеставаў усім людзям уваскрашэнне памерлых і жыццё вечнае з Хрыстом.
2. Молімся за хрысціянаў, каб усім сваім жыццём яны пацвярджалі сваю веру ў жыццё вечнае і ўваскрасенне.
3. Молімся за тых, каго пераследуюць з-за Евангелля, каб перад сваімі пераследчыкамі здолелі сведчыць сваю надзею на жыццё вечнае і канчатковую перамогу праўды.
4. Молімся за паміраючых, каб іх суправаджала надзея вечнага жыцця.
5. Молімся за нашых блізкіх памерлых, за памерлых святароў і сясцёр законных, асабліва за трагічна загінуўшага нядаўна а. Андрэя Ахрэма OFMConv, каб яны атрымалі ад Бога вечнае прабыванне ў небе.
6. Молімся за нас саміх, каб сучасны дабрабыт і зямное шчасце не захілялі для нас шчасця ў небе.

Усемагутны вечны Божа, які з’яўляешся не Богам памерлых, але Богам жывых, учыні, каб мы, умацаваныя словамі Хрыста і навучаныя Яго прыкладам жыцця, палюбілі тое, што вечнае і непрамінальнае. Амэн.

Кс. Юрый Марціновіч

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця