Пошук

25.10.2013 11:17  

Каментарый да літургіі

Бог не глядзіць на асобу, таму нас усіх Ён паклікаў да веры і прагне адорваць сваімі дабротамі.

Вялікімі крокамі набліжаецца заканчэнне Года веры. Падчас гэтай святой Імшы мы хочам запытацца ў сябе: ці добра мы выкарысталі гэты час? Ці прывяла наша вера нас да сапраўднай сустрэчы з Хрыстом?

Мы хочам быць людзьмі веры. Са сваёй верай мы не можам хавацца ў кутах, закопвацца ў пясок, трымаць яе толькі для сябе. Верай мы хочам дзяліцца і разам за апосталамі прасіць Бога: Пане, дадай нам веры!

За тое, што не заўсёды былі вернымі, не хацелі памнажаць сваю веру, перапросім нашага Пана.

Каментарый да літургіі слова

У Святым Пісанні мы часта сустракаемся са сцвярджэннем, что Бог не зважае на асобу. Ён аб’ектыўна ацэньвае кожнага чалавека. Людзі ацэньваюць іншых людзей па знешніх знаках, а Пан Бог ацэньвае паводле нашага ўнутранага стану.

У сённяшнім Евангеллі мы пачулі пацвярджэнне гэтага. Мы бачым фарысея, які прыкрываўся сваёй святасцю, і мытніка, які вылучаў толькі свае слабасці і грахі. Да каго з гэтых людзей мы падобныя? Будзем заўсёды памятаць аб тым, што мы грэшныя, тады мы будзем годныя ўдзельнічаць у Найсвяцейшай Ахвяры святой Імшы.

Будзем жа слухаць Божае слова, каб умець правільна маліцца і сваёй малітвай выпрасіць міласэрнасць, якая нам усім так патрэбна.

Малітва вернікаў


Малітва ўбогіх прасякае аблокі і не спыніцца, пакуль не дасягне мэты. Маючы гэтае запэўненне Божага слова, молімся да Пана.

  1. За святы Касцёл, каб ён заклікаў да веры і надзеі ў Хрысце, які перамог усялякае зло, абвяшчаючы нам прабачэнне грахоў.
  2. За святароў, дыяканаў, асобаў кансэкраванага жыцця, каб на ўзор Езуса Хрыста Добрага Пастыра яны імкнуліся ўносіць згоду і еднасць ва ўсе асяроддзі.
  3. За місійныя краіны, каб у Евангеллі Хрыста яны знайшлі мір, справядлівасць і вызваленне ад грахоў.
  4. За дзяцей і моладзь, якія знаходзяцца на восеньскіх канікулах, каб свой адпачынак яны паспяхова маглі спалучаць з малітвай.
  5. За грэшнікаў, за тых, якія адышлі ад веры, каб яны прызналі свае грахі і пакорна, як мытнік у Евангеллі, прасілі аб міласэрнасці.
  6. За нашых памерлых блізкіх, за забытыя душы ў чыстцы, каб малітва Касцёла адкрыла ім брамы раю.
  7. За нас саміх, каб Пан вырваў нас з усялякага злога ўчынку і даў нам калісьці ўдзел у сваім Валадарстве.


Няхай наша малітва прасякне аблокі і дасягне Цябе, Пане, каб свет пазнаў Хрыста, а тыя, хто адрадзіўся ў водах святога хросту, былі заўсёды пакорнымі і вытрывалі ў малітве. Праз Хрыста, Пана нашага.

Кс. Юрый Марціновіч

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця