Каментарый да літургіі
«Дапамога мая ад Пана, які стварыў неба і зямлю».
Літургія ў гэты дзень дапамагае нам умацаваць сваю веру ў Божую моц. У першым чытанні бачна, што Бог падтрымаў Майсея ў змаганні з ворагам. Але заўважым, што, каб перамагаў Ізраэль, Майсей павінен быў трымаць рукі ўзнятымі да неба, як відавочны знак малітвы. І ў гэтай сітуацыі не дзякуючы Майсею народ перамагае, але толькі дзякуючы Божай моцы, якая “ад Пана, які стварыў неба і зямлю”. Таму варта асабліва аддана, як Майсей, маліцца Богу, каб просьбы, якія складаем, былі выслуханы.
Каментарый да літургіі слова
«Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»
Езус прыйшоў у гэты свет, каб даць прыклад сапраўдных каштоўнасцяў, прыклад служэння з любові, прыклад моцнай веры і надзеі. Але галоўная Яго задача была данесці людзям любоў Айца, які нават праз грэх, які людзі ўчынілі, не перастаў іх любіць, не перастаў клапаціцца… Напрыканцы Евангелля Езус ставіць нам пытанне: “Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?” Гэтае пытанне не для будучых пакаленняў ставіцца, яно не з’яўляецца рытарычным, але скіраваным да сэрца кожнага хрысціяніна. І тут варта зноў прыпомніць важнасць малітвы. Малітва – першы крок да сапраўднай веры, а яе адсутнасць – да нявер’я.
Малітва вернікаў
У першы дзень тыдня пакорна просім Пана Бога нашага:
- Адары, як Майсея, падтрымкай Твой Касцёл і нашага Папу Францішка, каб Дух Святы заўсёды чуваў над імі.
- Кіруй сэрцамі тых, хто займае высокія дзяржаўныя пасады, няхай усе іх дзеянні будуць згоднымі з сумленнем.
- Дапамажы бежанцам, каб знайшлі годны прытулак і спакой.
- Падтрымай хрысціян, якія церпяць пераслед, няхай ніколі не адчуваюць сябе самотнымі і пакінутымі.
- Умацуй хворых і церпячых, каб мужна неслі свой крыж.
- Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто памёр для гэтага свету.
- Благаславі нас, якія сабраліся ля Твайго алтара, каб заўсёды мелі сілы і жаданне сустрэчы з Табой у малітве і святой Эўхарыстыі.
Просім цябе праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs
Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на XXІХ Звычайную нядзелю, Год С (20 кастрычніка)
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .