Каментарый да літургіі
Удзел у Эўхарыстыі – гэта не толькі сведчанне нашай веры, але таксама і яе ўзмацненне. Менавіта на Эўхарыстыі атрымліваем самую неабходную ежу, якая падтрымлівае ў нас Божае жыццё, — Божае слова і Цела Хрыста.
Сапраўдная сустрэча з Богам заўсёды адкрывае нас на чалавека, асабліва на таго, хто патрабуе духоўнай дапамогі. Наша пабожнасць выражаецца ў канкрэтных учынках любові да бліжняга, з якіх мы ніколі не павінны адчуваць сябе вызваленымі. Сапраўдная сустрэча з Богам заўсёды прывядзе нас да іншага чалавека. Пакорна просім Бога аб патрэбных для нас ласках.
Каментарый да літургіі слова
Літургія сенняшняй нядзелі звяртае нашу ўвагу на цноту веры. У першым чытанні прарок Абакум скардзіцца Пану, што зло перамагае дабро. Плача над лёсам выбранага народа, прыніжанага акупантами, плача над паводзінамі свайго народа. З вуснаў Пана гучыць заклік да цярплівасці і надзеі. Бог прадказвае дзень, калі зло будзе пакарана.
Калі нам часам здаецца, што зло трыумфуе, а людзі паступаюць так, быццам Бога няма, – павінны памятаць: Бог і верныя Яму ўрэшце будуць пераможцамі. Патрабуем веры, веры, якая дапаможа нам дасягнуць мэту, што пераўзыходзіць нашыя магчымасці, якая прымае цяжкасці і робіць немагчымыя рэчы. Мы належым да Хрыста і сваё пакліканне рэалізуем, служачы іншаму чалавеку. Для гэтага трэба шмат пакоры.
Павел заахвочвае нас, каб мы карысталіся дапамогай Духа, які прабывае ў нас. Таксама і Бог запэўнівае, што “справядлівы будзе жыць з веры”.
Бог адорыць нас цнотай веры, калі мы няспынна будзем прасіць Яго аб гэтым, калі будзем жыць гэтай цнотай, давяраючы Богу – адважныя і верныя. І тады Бог, які заўседы Той самы, будзе чыніць цуды нашымі рукамі. Вера – гэта Божы дар, які самі мы не зможам захаваць. Часам яна малая, як гарчычнае зерне. Не будзем здзіўляцца нашым слабасцям. Бог бярэ іх пад увагу. Давайце аддадзім Богу нашую абмежаванасць, аддадзім Яму ўсё, што ёсць у нас. Няхай Ён прыцягвае нас сваёй любоўю.
Малітва вернікаў
Да Бога, які бачыць патрэбы кожнага чалавека, з даверам узнясём нашыя просьбы:
1. Пане, умацоўвай Твой Касцёл, каб не паддаваўся спакусам д’ябла і заўсёды паглыбляў сваю веру.
2. Пане, умацоўвай тых, хто прысвяціў сябе справам міласэрнасці, каб ім заўсёды хапала сіл і вытрымкі ў служэнні кожнаму чалавеку.
3. Пане, умацуй сужэнствы, якія перажываюць крызіс, каб праз шчыры дыялог і адкрытасць на Цябе перамаглі цяжкасці.
4. Пане, умацуй тых, каго пераследуюць па прычыне веры, каб выпрабаванні не аслабілі веру і сведчанне, якое даюць Табе.
5. Пане, умацуй паміраючых, каб вера ў вечнае жыццё і ўваскрасенне стала крыніцай надзей і супакою для іх.
6. Пане, умацуй нас, каб мы з верай перажывалі Тваю сапраўдную прысутнасць у Эўхарыстыі.
Пане, Ты – скала нашага Збаўлення, Ты – наш Бог. Дзякуем Табе і праслаўляем Цябе за вялікія справы Тваёй дабрыні і любові. Табе хвала на векі вечныя. Амэн.
С. Мірыям Маршалэк ZSJM