Каментарый да літургіі
Святы Вінцэнт з Лерына калісьці сказаў: «Нашы продкі засеялі поле Касцёла пшаніцай веры. Было б чымсьці нягодным і неадпаведным, калі б мы, іх нашчадкі, збіралі сёння памылкі замест зерня праўды. Відавочна, што патрэбна, каб пачатак не супраціўляўся канцу, каб мы, засеяўшы зерне навучання, сабралі плод дагмату».
Няхай гэтая Эўхарыстыя, у якой мы ўдзельнічаем, будзе для кожнага з нас крыніцай прытулку на шляхах веры. Каб мы маглі чэрпаць як мага больш Божых дароў з крыніцы Эўхарыстыі, вызнаем зараз перад Панам нашу грэшнасць.
Каментарый да літургіі слова
Хрыстус сёння запрашае нас на ўшанаванне Божага слова, і кожны з нас, прыходзячы ў святыню, заняў сваё месца, каб як найлепей спаткацца з Езусам. У сённяшнім Евангеллі гаворыцца пра займанне месцаў. Аднак Езус не кажа тут пра месца ў Касцёле, а хутчэй дае ўрок пакоры. Кожны з нас павінен глядзець на іншага чалавека, як на Хрыста. Каб так глядзець, у сэрцы неабходна мець пакору. Менавіта гэта хоча падкрэсліць сённяшняя літургія слова. Услухаемся ў Божае слова і пераменім нашы сэрцы на падабенства сэрца Езуса.
Малітва вернікаў
Скіруем да Бога нашы малітвы:
- Молімся за Касцёл святы, каб сцярог Божыя загады і вучыў выконваць іх народ, давераны яму Стварыцелем. Цябе просім…
- Молімся за дзяцей, якія распачынаюць навучальны год, каб слухалі слова, якое перадае Божыя праўды, і развіваліся інтэлектуальна, здабываючы веды ў школе. Цябе просім…
- Молімся за моладзь, каб сцерагла Божыя загады, якія дапамагаюць у сапраўдным развіцці да паўнаты чалавечнасці. Цябе просім…
- Молімся за настаўнікаў і выхавацеляў, каб не толькі перадавалі веды, але і былі сведкамі праўды і ўзорамі для наследавання. Цябе просім…
- Молімся за ўсіх, хто загінуў падчас Другой сусветнай вайны, каб знайшлі ў доме Айца месца адпачынку. Цябе просім…
- Молімся за нас саміх, каб наша рэлігійнасць не была толькі знешняй, але каб Бог даў нам сілу для выканання Яго загадаў і вылечыў нашу душу, з якой нараджаецца ўсялякае зло. Цябе просім…
Добры Божа, выслухай нашы малітвы, якія з верай да Цябе ўзносім. Табе пашана і хвала праз усе вякі вечныя. Амэн.
Паводле liturgia.wiara.pl
(AG)