Каментарый да літургіі
«Я — дарога, і праўда, і жыццё, — кажа Пан».
Езус Хрыстус – Дарога, Праўда і Жыццё, дадзенае нам Богам Айцом. Калі чалавек жыве Праўдай з неба, ходзіць па Дарозе, якую на сваім прыкладзе даў Сын Чалавечы, тады як узнагароду атрымае безумоўна жыццё вечнае. Бо шляхі Пана ніколі не стануць старымі, але заўсёды застаюцца актуальнымі для сучаснага свету і яго жыхароў. Дабрыня і міласэрнасць, любоў і цярплівасць праз тысячагоддзі з’яўляюцца выбітнымі якасцямі чалавецтва.
Каментарый да літургіі слова
«Імкніцеся прайсці праз вузкую браму…»
На першы погляд гэтыя словы здаюцца незразумелымі. Што меў на ўвазе Езус Хрыстус, калі павучаў так людзей?
Прыходзіць на думку невялічкае разважанне. Калі ўявіць сабе вузенькую браму, напрыклад, як касцёльныя дзверы, то што б трэба было зрабіць чалавеку, каб увайсці? Жадаючых пабыць у касцёле, асабліва ў нядзелю, бывае шмат. Каб паспець увайсці, трэба прыходзіць своечасова, бо інакш можа не хапіць месца. Таксама, каб кожны змог зайсці, трэба не піхаць адзін аднаго у той ці іншы бок, але быць ветлівымі і дапамагаць тым, хто гэтага патрабуе. Трошкі смешна, але, каб увайсці ў дзверы, таксама трэба быць адпаведнага памеру і самому чалавеку – не пышны, не хцівы, не зайздросны, не распусны і г.д. Але каб прыйсці і пераступіць парог, трэба адмовіцца ад ляноты. І так можна разважаць бясконца. Шмат моцы ў сабе трэба знайсці, шмат над сабой трэба працаваць, каб прайсці праз брамку касцёльную, а за ёй і ў Валадарства Нябеснае. Брамай гэтай ёсць Хрыстус, і калі не будзем вучыцца ад Яго і ісці Яго слядамі, то ніколі не зможам увайсці ў родны дом, дзе жыве Спрадвечны Айцец.
Малітва вернікаў
Праз Езуса Хрыста, які ёсць для нас Дарогай, Праўдай і Жыццём, узнясём нашыя малітвы да Айца Нябеснага.
- Умацуй у веры і любові Касцёл свой і падтрымай тых, хто ім кіруе.
- Дапамагай і ахоўвай тых, хто кіруе дзяржавамі, няхай заўсёды ў сваёй працы трымаюцца Божых загадаў.
- Улі ў сэрца людзей міласэрнасць і любоў, каб зразумелі, што войны не з’яўляюцца выйсцем з цяжкіх сітуацый.
- Падтрымай усіх тых, што пакутуюць ад ваенных дзеянняў, няхай адчуюць Тваю прысутнасць у жыцці праз дапамогу людзей добрай волі.
- Умацуй хворых і церпячых, каб ахвяроўвалі ўсе свае цярпенні для збаўлення свету.
- Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, каб яны мелі шчасце сузіраць Цябе тварам у твар.
- Благаславі нас, якія сабраліся ля Твайго алтара, каб ніколі ў нас не забракла моцы і жадання прайсці праз вузкую браму збаўлення.
Просім Цябе праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs