Каментарый да літургіі
«Пан мяне пачуў, калі Яго паклікаў».
Напэўна, у гісторыі кожнага чалавека ёсць месца для просьбаў, скіраваных да Бога. Але за шматлікімі просьбамі існуе вялікае рызыка – забыцца пра падзяку. Дзякаваць варта за ўсё, што мы маем, але гэта заўсёды з’яўляецца больш складаным, чым жыццё ў скаргах і абвінавачваннях усяго свету за цяжкія сітуацыі ў сям’і і на працы. Богу, як найміласэрнейшаму Айцу, прыемна бачыць і адчуваць, калі чалавек удзячны за вялікі дар жыцця, які ніхто не можа даць, апрача Яго. Падзякуем жа Богу ў Тройцы Адзінаму на гэтай літургіі за вялікія дары жыцця на зямлі, а пазней у небе.
Каментарый да літургіі слова
«…прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам».
«Шукайце і знойдзеце», – гэтае абяцанне Езуса Хрыста дае нам вялікую надзею на збаўленне і жыццё ў Валадарстве Нябесным. Але дзеля таго, каб адшукаць, трэба сапраўды жадаць быць збаўленым. Штодня старацца быць вучнем Хрыста, дбаць пра свой духоўны стан і ад усяго сэрца маліцца: «Ойча, няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Валадарства Тваё…» Гэта цяжкі і адказны шлях, але, калісьці адказаўшы Езусу «так», варта заставацца верным.
Малітва вернікаў
Да Бога Усемагутнага, у Тройцы Адзінага, узнясём пакорныя малітвы:
- молімся за Святы Касцёл, каб адорваў людзей сапраўднай надзеяй.
- молімся за папу Францішка і ўсіх біскупаў свету, каб не стамляліся несці святло Хрыста людзям.
- молімся за ўсіх бяздомных, каб знайшлі годнае месца для жыцця і супакой у сэрцы.
- молімся за сужэнцаў, каб уваскрослы Хрыстус быў для іх крыніцай узаемнай любові.
- молімся за нас, тут сабраных, каб бачылі ў штодзённым жыцці шлях да збаўлення.
Божа, выслухай нашыя малітвы, які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs