Пошук

06.08.2019 08:39   Падрыхтавала: Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs / Catholic.by
Перамяненне Пана. Выява: incamm.com

Для Усемагутнага Бога няма розніцы, кім мы ёсць да сустрэчы з Ім, галоўным пунктам з’яўляецца непасрэдна спатканне і кантакт. Калі гэта адбываецца, то перамяняецца сэрца чалавечае, робячыся больш чулым, каб мець магчымасць і жаданне дзяліцца ўсім тым, што атрымалі ад Бога, каб навучаць таму, што спазналі самі.

Чытанні: Дан 7, 9–10. 13–14 альбо 2 П 1, 16–19; Пс 97 (96), 1–2. 5–6. 9. Ев.: Лк 9, 28b–36

Каментарый да літургіі

Свята Перамянення Пана звязваюць з цудам, які Езус Хрыстус здзейсніў напрыканцы cвайго зямнога шляху перад трыма апосталамі Пятром, Якубам і Янам.

Хрыстус прывёў cваіх вучняў на гару Табор і адкрыў, што Яму належыць пакутваць за людзей, памерці на крыжы і ўваскрэснуць. Там Ён перамяніўся перад апосталамі: твар Яго заззяў, а вопратка зрабілася асляпляльна белай. Два прарокі Старога Запавету Майсей ды Ілля з’явіліся Пану на гары і размаўлялі з Ім. А голас Бога Айца са светлага воблака сведчыў пра Боскасць Хрыста.

Лічыцца, што на гары Табор Езус упершыню паказаў людзям сваю Боскую сутнасць. Вучні асэнсавалі, што перад імі не проста прарок, але сам Пан. Свята Перамянення Пана нагадвае пра неабходнасць духоўнага перамянення і ўдасканалення.

Малітва вернікаў

Узнясём пакорныя малітвы да Нябеснага Айца, які на святой гары аб’явіў ззянне вечнай хвалы свайго Боства ў Езусе Хрысце, нашым Браце і Пану.

  • Молімся за Святы Касцёл, каб адорваў людзей верай, надзеяй і любоўю.
  • Молімся за папу Францішка і ўсіх біскупаў свету, каб не стамляліся несці святло Хрыста людзям.
  • Молімся за ўсіх бяздомных, каб знайшлі годнае месца для жыцця і супакой у сэрцы.
  • Молімся за сужонкаў, каб Уваскрослы Хрыстус быў для іх Крыніцай узаемнай любові.
  • Молімся за тых, хто адышоў у вечнасць, каб у перамененых целах маглі сузіраць Пана тварам у твар.
  • Молімся за нас, тут сабраных, каб бачылі ў штодзённым жыцці шлях да збаўлення.

Божа, выслухай нашыя малітвы і перамяні слёзы нашых цярпенняў у радасць непрамінальнага шчасця. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

Абноўлена 06.08.2019 12:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа