Разважанні Крыжовага шляху за ненароджаных дзяцей, за іх бацькоў, за сем’і, якія не могуць мець дзяцей, за дактароў, за ўлады, за сем’і і за тых, хто здзейсніў грэх аборту.
Божа мой! Божа мой! Чаму Ты мяне пакінуў? Далёка ад збаўлення майго словы плачу майго… Я чарвяк, а не чалавек, зняважаны людзьмі і адрынуты народам.
Усе, якія бачылі мяне, блюзнерылі супраць мяне… Зборышча злых абступіла мяне, прабілі рукі мае і ногі мае. Можна было палічыць усе косці мае, а яны ўглядаюцца і робяць з мяне відовішча (пар. Пс 21 (22)).
Ненароджанае дзіцятка — гэта нявіннае ягня, падобнае да Езуса Хрыста, Баранка Божага, які быў забіты за нас.
Падчас Другой сусветнай вайны на працягу 6 гадоў загінула 42 мільёны людзей. На сённяшні дзень ва ўсім свеце здзяйсняецца 45 мільёнаў абортаў штогод!
Ратуй тых, каго асудзілі на смерць!
Няўжо Ты адмовішся ад тых, хто прызначаны на забойства?
Стацыя I. Езус асуджаны на смерць
Езу, большасць з натоўпу разумее, што Ты нявінны. Чаму ж не было тых, хто крычаў бы: «Вызвалі Яго!» А можа, былі?.. Толькі вельмі мала, каб іх пачулі, а можа, іх голас гучаў вельмі ціха, нясмела…
Часта мы сябе апраўдваем, думаючы: «Мы супраць абортаў». Але калі прыходзіць рашучы момант у нашым жыцці, у жыцці нашых блізкіх, знаёмых, нашага асяроддзя, мы, хрысціяне, часта становімся маўклівыя, неактыўныя ці занадта ціхія, каб нас пачулі! І тады ўсё гучней чуваць іншыя воклічы: «Укрыжуй Яго!»
Нікому са смяротных людзей не далі права вырашаць, хто павінен жыць, а хто памерці. Той, хто павінен нарадзіцца чалавекам — ужо ЧАЛАВЕК!
Людзі прыдумалі шмат апраўданняў забойству ненароджаных дзяцей. Самых маленькіх, безабаронных дзяцей, крык якіх нават не чутны, калі іх забіваюць…
Боскі Збаўца, прабач усім людзям за здзейснены паўсюдна грэх аборту, дапамажы нам быць актыўнымі ў служэнні Табе. Божа, просім Цябе аб забароне абортаў у нашай краіне і ва ўсім свеце!
Стацыя II. Езус бярэ крыж на свае плечы
Перад вачыма паўстае страшнае відовішча: паранены Чалавек, увесь у крыві і ранах, з цярнёвым вянком на галаве, моўчкі, без супраціўлення, бярэ на свае плечы цяжкі крыж, на якім скончыцца Яго жыццё.
У некаторых краінах, калі маладая пара рыхтуецца да сакрамэнту сужэнства, святар ім тлумачыць: «Вы знайшлі свой крыж. Гэта крыж, каб яго несці; крыж, які нельга адкінуць, які трэба любіць».
«Мне пачаў здраджваць мой муж. Збіраліся развесціся, але дзеля дзіцяці вырашылі паспрабаваць яшчэ раз. Ішоў час, але я не магла прабачыць здрады. Аднойчы я запыталася ў Бога: „Чаму гэта здарылася з намі?“ І я раптам зразумела. У маім жыцці на першым месцы стаяў муж. Я яго абагаўляла, толькі ў ім знаходзіла суцеху і радасць, жыла толькі ім. Бог быў для мяне кімсьці, хто быў на другім месцы.
З таго моманту сваё параненае сэрца і нашы зносіны з мужам я даверыла Богу падчас малітвы. І ў хуткім часе, калі я зацяжарыла, прыйшло і прабачэнне. Цяпер у нас двое дзяцей, мы іх вельмі любім. А яшчэ я палюбіла Бога і запрасіла Яго ў наша сужэнскае жыццё. Азіраючыся назад, разумею, што калі б не гэтая здрада і цярпенне, то я б ніколі не прыйшла да Бога».
Божа, просім Цябе за сем’і, якія перажываюць крызіс. Дапамажы сужэнцам заўсёды прабачаць адно аднаму, быць вернымі сваім сужэнскім абяцанням, дадзеным перад Богам, палюбіць свой сужэнскі крыж, узяць яго і ісці за Табой да канца.
Стацыя III. Езус падае першы раз
Боскі Збаўца, Цябе пакінулі сілы, Тваё пабітае цела адмаўляецца ісці далей, бесперапынны боль ад нанесеных ран зусім аслабіў Цябе, крыж здаецца ўжо непад’ёмна цяжкі, і Ты падаеш…
«Прайшло ўжо шмат часу з таго моманту, калі я зрабіла аборт, але і сёння ўжо ў тысячны раз пытаюся ў сябе — навошта??? А ў душы адзін адказ — боль…
Тады я мала што ведала. Зачапілася за пачутыя словы, што дзіцятка на такім малым тэрміне — гэта толькі згустак клетак і не больш. Было вельмі страшна… І ніхто мне не сказаў тады, што тая маленечкая істота — гэта ўжо ЧАЛАВЕК. Не знайшлося слова падтрымкі… Каб я ведала пра тыя наступствы, якія чакаюць мяне і кожнага чалавека, які здзейсніў гэты страшны грэх! Аб тым пачуцці віны, невыноснай страты, якая пераследуе мяне ўсё жыццё! Аб тых ранах у душы, якія не перастаюць балець… І толькі прыйшоўшы да Езуса, давяраючы Яму ўвесь свой боль, я знаходжу супакой…»
Аборт не анулюе цяжарнасць: ён робіць жанчыну маці забітага дзіцяці.
Езу, просім Цябе аб ласцы прабачэння для ўсіх людзей, якія нейкім чынам маюць дачыненне да граху дзетазабойства. Прыйдзі да тых, хто шчыра раскайваецца ў здзейсненым, спавядаецца, але не можа сабе прабачыць, да канца не верыць у Тваю ўсёдаравальную любоў.
Просім таксама за тых, хто забіў сваё дзіця і не адчувае сваёй віны. Прыйдзі, Пане, і дакраніся іх закамянелых сэрцаў. Уратуй іх душы!
Стацыя IV. Езус сустракае сваю Маці
Езу, сярод прыніжэння, невыноснага болю і цярпення Ты сустракаеш сваю Матулю! Цеплыня матчынага позірку, Яе ахвярная любоў і малітва сагрэлі Цябе і дадалі сілы далей несці крыж.
Як шмат сёння дзяцей, пакінутых сваімі бацькамі. Дзетак, якіх не грэе маміна любоў і татавы абдымкі! Яны, як завялыя кветкі, не ведаюць, для каго жыць. Амаль не відаць усмешкі на іх твары, а толькі працягнутыя да чужых людзей ручкі…
Колькі сужэнцаў сёння ідуць на ЭКО! Не жадаючы разумець, што для атрымання цяжарнасці з адным дзіцяткам трэба абартаваць лішніх зачатых дзяцей, а яшчэ некалькі сваіх жа дзяцей будуць захоўвацца ў маразільных камерах клінікі, і яны ўжо ніколі не народзяцца!
ЭКО — для кагосьці вялікі бізнес. Але якім коштам? Коштам жыцця дзяцей, духоўнага і фізічнага здароўя сужэнцаў!
Маці Божая, маліся за ўсе нашыя сем’і! За тых сужэнцаў якія, не могуць мець дзяцей, каб распазналі Божы план для сваёй сям’і, адкрылі свае сэрцы на ўсынаўленне пакінутых дзяцей!
«Хто прыме адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае» (Мц 18, 5).
Стацыя V. Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж
Сымону Кірынэйцу выпаў вялікі гонар дапамагаць САМОМУ Сыну Божаму ў адкупленні чалавецтва.
Які вялікі давер Бога да ўрачоў, таму што іх абавязак — дапамагаць і ратаваць жыццё людзей. Але, на жаль, гэта не заўсёды бывае так…
«Мы з мужам даведаліся, што ў хуткім часе станем бацькамі. Але падчас ультрагукавой дыягностыкі сказалі, што ў дзіцяткі высокая рызыка сіндрому Даўна, і парэкамендавалі зрабіць аборт. Мы перажылі шок! Але ўсё ж такі вырашылі, што прымем ЛЮБОЕ ДЗІЦЯТКА, бо яно наша. З гэтага дня распачалася барацьба за жыццё нашага дзіцяці. Шматлікія аналізы, наведванне генетыкаў і іншых урачоў і РЭГУЛЯРНЫЯ ПЕРАЖЫВАННІ І СТРЭСЫ. На працягу ўсёй цяжарнасці мы маліліся ў надзеі на цуд. І ён здарыўся! У нас нарадзілася цудоўная і здаровая дзяўчынка!»
Урачы могуць дапускаць памылкі, цана гэтых памылак — жыццё людзей! Толькі Бог не памыляецца: калі Ён стварыў новае жыццё, то гэта азначае, што яно патрэбнае на гэтай зямлі!
Дарагі Езу, дзякую Табе за тых дактароў, якія верныя свайму пакліканню і ратуюць кожнае новае жыццё, незалежна ад прагнозаў. Просім Цябе таксама за тых урачоў, якія далёка ад Цябе, аб пакаянні для іх і мужнасці сказаць КОЖНАМУ дзетазабойству — не!
Стацыя VI. Вераніка выцірае твар Езуса
Адбітак твару Езуса так, як на хусце Веранікі, кладзе адбітак на кожны наш добры ўчынак.
Як маё жыццё выглядае ў вачах Бога? Ці прыношу я плады любові, ці адкрытыя мы з сужонкам, сужонкаю на нараджэнне дзяцей? Ці іду я за голасам Бога, ці жыву так, каб дагадзіць сабе, задавальняючы толькі свае патрэбы?
Як часта сёння, нават сярод веруючых людзей, можна пачуць: «Навошта пладзіць галечу?»
Толькі пра якую галечу яны гавораць? У большасці з нас ёсць усё неабходнае для жыцця і нават БОЛЬШ за тое…
Няўжо мы лічым, што трэцяе, чацвёртае, пятае дзіця — «лішні рот», як кажуць, — прывядзе нас за рысу беднасці? Мы самі чынім сваё жыццё больш складаным, гонімся за грашыма, кар’ерай, забавамі і трацім сапраўднае шчасце і магчымасць быць бацькамі яшчэ аднаго дзіцяці, удзельнікамі яшчэ аднаго цуду жыцця. Дзіцяці не трэба шмат грошай, больш за ўсё яму патрэбна наша ЛЮБОЎ.
Галеча ў нас у сэрцы, таму што мы не разумеем, што дзеці — гэта багацце бацькоў.
Святая Вераніка, маліся за нас, каб сужэнцы не баяліся прымаць новае жыццё, як Божы дар, і жыць, служачы Богу і сваёй сям’і.
Стацыя VII. Езус падае другі раз
Наш Збаўца, крыж схіліў Цябе да зямлі, невыносны боль пранізвае ўсё цела. Гэта перадсмяротны стан, далей ісці немагчыма…
Як шмат сёння сем’яў, параненых грахом забойства дзяцей. Як шмат жанчын, якія не хочуць заўважыць, што ўпалі і вінаватыя ў граху забойства свайго ненароджанага дзіцяці! Але 96% усіх абортаў жанчыны робяць толькі таму, што іх не падтрымаў бацька дзіцяці...
А колькі маці прыводзяць сваіх маладых дачок на аборт...
Езу, Ты ўстаеш, перамагаючы страшэнны боль і слабасць. Паказваеш нам, што, пакуль мы жывыя, не позна яшчэ ўстаць.
Нават самае вялікае зло Бог можа перамяніць у дабро. Праз цябе, чалавек, некалі так моцна ўпаўшага, Езус сёння можа падымаць іншых людзей. Даверся Яму і, раскайваючыся, звярніся да Яго Міласэрнасці. Бог напоўніць сэрца радасцю і надасць новы сэнс твайму жыццю.
Стацыя VIII. Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын
Езус заклікае да сапраўднага пакаяння, да жалю за грахі. Ён кажа «дочкам ерузалемскім»: «Не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых».
Чаму ў свеце так шмат зла?
Мы ходзім ў касцёлы, цэрквы, молімся, але ці разумеем мы, у Каго верым? Езус Адзіны для нас павінен быць Богам, так кажа запаведзь. Многія хрысціяне і сёння вераць у забабоны, носяць чырвоныя нітачкі ад суроку, робяць татуіроўкі, варожаць, дораць адзін аднаму «магічныя» фігуркі як талісманы шчасця, захапляюцца гараскопамі, акультызмам, звяртаюцца да вядзьмарак, варажбітак, псеўдалекараў. Вераць у Бога, але «падстрахоўваюцца» ў д’ябла.
Захапляючыся гэтым, чалавек адчыняе дзверы свайго сэрца злым духам, якія ўваходзяць у яго жыцце і робяць яго нявольнікам зла.
Д’ябал ставіць на душы такога чалавека сваю пячатку. Агідны Богу той, хто робіць гэта (пар. Дрг 18, 9–14).
Я Пан Бог твой — не май іншых багоў апроч Мяне.
Езу, дапамажы нам жыць і ўсім сэрцам давяраць Табе, дапамажы адрачыся ад ўсіх цёмных справаў на споведзі, каб потым не плакаць над самім сабой і над сваімі дзецьмі.
Стацыя IX. Езус падае трэці раз
Дарагі Езу, здаецца, што гэта ўжо канец: Ты падаеш трэці раз. Але не бічаванне, не крыкі «ўставай!» Цябе падымаюць, а бязмежная любоў да нас, Тваіх дзяцей, дае Табе сілы падняцца і ўзяць такі цяжкі крыж нашых грахоў.
Як жа часта мы дадаем цяжару Твайму крыжу, легкадумна памнажаем нашы грахі, не думаючы, што робім больш цяжкім і наш жыццёвы крыж. Чалавек сёння мае тое, да чаго яго прывялі ўчарашнія ўчынкі. Замест Божага Слова ў нашых сэрцах квітнеюць правілы і ўстаноўкі гэтага свету: мода на разбэшчанасць, адсутнасць цнатлівасці, жыццё без шлюбу, парнаграфія, задавальненне патрэбаў.
Сярод людзей, выхаваных у веры, заўсёды будзе годнасцю жаночая і мужчынская цнатлівасць, жаночая і мужчынская чысціня. Але сёння і сярод хрысціянаў ёсць бацькі, якія раяць сваім падлеткам-дзецям, што трэба добра нагуляцца перад тым, як заcнаваць сям’ю.
Ці гаворым мы, католікі, сваім дзецям, вучням аб цнатлівасці, аб вартасці цнатлівасці да жаніцьбы і потым вернасці ў сям’і?
Д’ябал робіць салодкім для нас грэх, паказвае яго прыгожым, аздабляе, упрыгожвае дарогу ў пекла. Але ты, чалавек — Божае стварэнне! Куды табе ісці? Выбар за табой.
«Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8).
Стацыя X. З Езуса здзіраюць адзенне
Сын Божы аддаў нам усё, нават апошняе адзенне. Наш Збавіцель так прынізіў сябе на крыжы, каб толькі мы навярнуліся і змянілі сваё жыццё, вярнуліся да Яго, у дом Айца. Але як часта мы паварочваемся да Бога спіной.
Карыстаючыся кантрацэпцыяй, чалавек засцерагаецца не толькі ад сваіх дзяцей, але і ад свайго мужа, жонкі і ад самога Пана Бога.
Многія не ведаюць, што спіраль — гэта прычына мікраабортаў. Таблеткі таксама могуць прывесці да знішчэння новага жыцця. Магчыма, таму многія адчуваюць сябе пастаянна прыгнечанымі і нервовымі.
Бо матчынае ўлонне, створанае для таго, каб быць крыніцай жыцця, становіцца могілкамі — месцам забойства ненароджаных дзяцей.
Ці задумваліся мы, што за прыгожай рэкламай супрацьзачаткавых сродкаў хаваецца падман, які нам стараюцца прадаць за грошы?
На жаль, так мала гаворыцца пра дармовыя натуральныя метады распазнавання плоднасці, якія дапамагаюць жыць у гармоніі з сабой і з Богам!
Езу, дапамажы зразумець усім сем’ям, што толькі ідучы за Табой, мы зможам быць па-сапраўднаму шчаслівымі.
Стацыя XI. Укрыжаванне Езуса
Езу, паслухмяны, Ты выканаў волю свайго Айца. Ці паслухмяныя мы ў сваім жыцці Богу? Як ставімся мы да свайго жыццёвага Крыжа?
Як да пакарання ці благаслаўлення?
«У нашай сям’і нядаўна нарадзілася чацвёртая прынцэса-дачка. Яна для нас — асаблівае дзіця, выпакутаванае, выплаканае. Такі яшчэ маленькі чалавек, але ўжо сапраўдны баец. Бо, нягледзячы на страшныя дыягназы, — яна жывая. І з кожным днём даказвае нам, што ў Бога няма нічога немагчымага. Многія кажуць: за што вам такі крыж — дзіця-калека?!
А для нас яна — Божае благаслаўленне, яна вучыць нас быць цярплівымі, верыць і спадзявацца, што ўсё абавязкова атрымаецца.
Яна вучыць нас любіць, цаніць кожнае імгненне, праведзенае побач з блізкімі людзьмі. Вучыць пакорна прымаць усе жыццёвыя выпрабаванні. Бо без цярпення не бывае сапраўднай любові».
Езус памёр не для таго, каб застацца ў магіле, але каб уваскрэснуць. Са смерці можа нарадзіцца жыццё!
Божа, вучы нас прымаць усю Тваю волю; паміраць для сябе і свайго эгаізму, любіць свой Крыж і бачыць у ім благаслаўленне, бо менавіта Крыж стане нашай прамой дарогай да Неба.
Стацыя XII. Езус памірае на крыжы
Езус стагнаў, церпячы на Крыжы з-за кожный душы, у якой забралі права на жыццё, якая была забіта падчас аборту.
Калі толькі зарадзілася новае жыццё, мы разважаем: ці гатовыя прыняць яго? А як жа наша праца: ці цяпер адпаведны для нас час, каб нарадзіць дзіця? Што людзі падумаюць? Многія ўрачы, у сваю чаргу, баяцца прапусціць паталогію, сапсаваць статыстыку па смяротнасці дзяцей, інваліднасці.
А хто-небудзь паставіў сябе на месца зачатага дзіцяткі? Бог удыхнуў у яго жыццё, даў яму душу. І цяпер яно прагне жыць! Кожны дзень яно хутка развіваецца, і вось ужо яго сэрцайка б’ецца, вось яно ўжо смокча пальчык, штурхаецца ножкамі, як бы кажучы: «Мамачка, як жа цудоўна жыць!» Ні ў які перыяд свайго жыцця чалавек не развіваецца так хутка, як у час знаходжання ў мамы пад сэрцам. Як жа ён прагне жыць!!! Ці думаў хто-небудзь пра гэта?
Падчас аборту, калі дзіцятка разрываюць на кавалкі, яно адчайна змагаецца за жыццё. Крык, які вырываецца з маладога жыцця, скалынае неба! У пекле ж гучыць крык перамогі.
Міласэрны Езу, ратуй ненароджаных дзетак нашымі малітвамі, дапамогай і працай у абарону жыцця.
Стацыя XIII. Езуса здымаюць з крыжа
Сэрца Хрыста было прабіта, Цела разарвана. Сэрца Маці, як мячом, працялі пакуты Езуса. Стоячы пад крыжам увесь гэты час, Маці Божая не наракала, не маліла Сына пакласці канец усяму гэтаму. Яна ахвяроўвала Сына і сябе Айцу, тым самым давяраючы кожнага чалавека Богу. Адракаючыся ад асабістага права на свайго Сына, стала Маці ўсіх людзей.
Дзякуем Табе, Божа, за ўсіх маці, якія даверыліся Табе, нягледзячы на безвыходнае становішча, асуджэнне, адсутнасць грошай, здароўя, і захавалі жыццё дзіцяці! Дзякуем Табе, Божа, за бацькоў, якія з адказнасцю і любоўю прымаюць кожнае новае жыццё!
Хвала Табе, Ойча, за ўсіх дактароў, якія падтрымліваюць маці ў благаслаўлёным стане, якія, пазнаўшы Божую любоў, адмовіліся раз і назаўсёды ад перарывання цяжарнасці і забойства дзетак, здаровых ці хворых.
Марыя, выпрасі нашым уладам, нашай медыцынскай службе і ўсім нам магчымасць служыць людзям згодна з Евангеллем Жыцця.
Стацыя XIV. Езуса кладуць у грабніцу
Езу, Тваё цела ўжо ў магіле, і здаецца, што ўсё скончылася. Але не для Цябе. Магіла, якая для многіх павінна была стаць знакам Твайго пакарання, стала Тваёй перамогай. Ты прайшоў праз смерць і ўваскрос!
Многія людзі думаюць, што яны заўсёды будуць маладымі, здаровымі, багатымі, а жыццё будзе ісці ў атмасферы пастаянных поспехаў і актыўнай дзейнасці. Але ж калецтва ці смерць могуць прыйсці раптам. І калі станем перад Богам, Ён спытае ў нас пра любоў бескарыслівую, без усялякіх умоваў, да сваіх бліжніх.
Кожны чалавек атрымлівае таленты ад Бога і заданне бараніць і пашыраць Валадарства любові, Божае Валадарства. Усё дабро, ад якога мы адмаўляемся і якое не робім, прычыняе Богу страшэнны боль.
Асабісты прыклад любові і давер да Бога, служэнне людзям, у патрэбны час працягнутая рука дапамогі бліжняму, прамоўленая малітва заўсёды ратуе і змяняе чыёсьці жыццё і чыюсьці душу.
Божа, адкрый нашы вочы, дапамажы ўбачыць, як мы можам служыць Табе і людзям. Дапамажы выканаць Тваю святую волю!
Заканчэнне
Езус перамог смерць. Ён уваскрос! Д’ябал пераможаны і не хоча, каб ты ведаў, што кожная святая Камунія, якую ты прымаеш, кожны святы час, якога ты прытрымліваешся, кожная ахвяра, кожная малітва назаўсёды аслабляе ворага ў якой-небудзь душы, дзе-небудзь у свеце.
Гэты Крыжовы шлях ахвяруем за ненароджаных дзетак, за іх бацькоў, а таксама за тыя сем’і, якія не могуць мець дзяцей, за дактароў, за нашыя ўлады, за нашыя сем’і, за тых, хто здзейсніў грэх аборту.