Пошук

Падрыхтавала: Аксана Ючкавіч / Catholic.by

Стацыя 1
Езус асуджаны на смерць

Шматдзетная мама: «Зранку зайшла ў бібліятэку, каб узяць дзецям кнігі. У ёй я ўпершыню, таму запісваюся. Бібліятэкарка запытвае, колькі дзіцяці гадоў. Па маім адказе разумее, што не дзіцяці, а дзецям, якіх чацвёра. Тады, гледзячы на мой жывот, запытвае:

— Гэта што, пятае?

— Так.

— Гэта для кватэры?

— Што??????????????

Кожны раз, калі я чую гэтае пытанне, хочацца верыць, што мне падалося, што я нешта не так зразумела. Але, на жаль, не падалося. Пытанне было: «Гэта для кватэры?» Тады я проста слупянею і нічога не магу сказаць…»

Гэта ўспамін беларускай акторкі Ганны Харланчук-Южаковай, якая выхоўвае пяцёра дзяцей: Піліпа, Івону, Адэлю, Аліву і Паўлінку, двое з якіх нарадзіліся ў іншай сям’і.

Гэта гісторыя шматдзетнай беларускай сям’і, для якой гэтым разам суровым Пілатам, які вынес прысуд, стала жанчына — бібліятэкарка. Гэта рэаліі нашай краіны.

Гэта рэаліі нашых сэрцаў, дзе мы зноў паўтараем памылкі гісторыі, абіраючы не каштоўнасць жыцця, жыцця дзіцяці, а прызму матэрыяльнасці, прагматычнасці, зручнасці і зноў крычым: «Вараву! Укрыжуй любоў, якая дазваляе дзецям нараджацца ў сем’ях, укрыжуй жаданне ахвяраваць, укрыжуй будучыню, якая прынясе Надзею! Вараву!»

Жорстка? Так. Але за тое балюча праўдзіва. З такой праўдай твар у твар сустрэўся Хрыстус. З такой праўдай часамі сустракаемся мы.

Езу, прабач.

Які за нас цярпеў ад ранаў…

 

Стацыя 2
Езус бярэ крыж

На гадзінніку далёка за поўнач, а дзіця ўжо сёмы раз не змаўкае, прысынаючы на хвілін 10. Мужу заўтра а 6-й прачынацца на працу, на другую працу, бо ў нашых рэаліях заробку і дэкрэтных грошай не хапае, каб утрымліваць сям’ю…

Ізноў балючая праўда. Здаецца, што сіл не хопіць. Ані табе, ані яму, ані малодшым дзецям, якім заўтра ў школу. А ўсе месцімся ў двухпакаёўцы, і ўсё добра чутно. І тут у вушах гучаць словы нават самага роднага чалавека — мамы. Страшныя словы: «Трэцяе дзіця? Ты што? Трэба рабіць аборт. Вы не пацягнеце!»

Аднак цягнем. Аднак гэта наш Крыжовы шлях і цяжар нашага крыжа, які з усёй адказнасцю прынялі на свае плечы…

Езу, прабач за сумніў і страх.

Які за нас цярпеў ад ранаў…

 

Стацыя 3
Езус падае першы раз

Памятаеш, калі мы былі маладымі студэнтамі і шмат марылі. Пра тое, як знойдзем свайго таго самага чалавека і прысягнём перад алтаром да смерці быць разам; пра тое, як народзім чаканых і прыгожых дзяцей; пра тое, як будзем радавацца, будзем спазнаваць далей гэты свет, свяціць галівудскімі ўсмешкамі з якасных фотаздымкаў сямейнага архіва. Памятаеш?

Памятаеш пра нашыя мары? Чаму рэальнасць часамі аказваецца іншай? Чаму прыходзяць непаразуменні і хочацца апусціць рукі? Развод? Не, ніколі. Але як ісці далей, калі здаецца, што аніякі мост больш не збудуеш?

Гэта і ёсць першае падзенне пад цяжарам сямейнага жыцця? Зняверыцца, расчаравацца ў марах.

Не. Ніколі. Трэба ісці далей.

Езу, прабач за слабасць.

Які за нас цярпеў ад ранаў…

 

Стацыя 4
Езус сустракае сваю Маці

Хрысце, памятаеш Яе вочы, калі падышла да Цябе? Бяздонне? Бяздонне чаго? Смутку? Болю? Шкадавання?..

Бяздонне любові і пяшчоты, якія мацней чым што дапамаглі на тым крывавым шляху. Тады Яна нічога больш не магла даць, апрача матчынай падтрымкі і прысутнасці ў Тваім цярпенні. Нічога, акрамя прысутнасці…

Я сама ўжо трыццаць гадоў як маці, і мая дачка нядаўна таксама стала маці… І, дзякуй Богу, на маім шляху я яшчэ адчуваю прысутнасць маёй дарагой матулі. Прысутнасць і дапамогу праз яе погляд, яе слова, яе малітву, яе часам нараканне, праз яе цярпенне, праз яе чаканне новага жыцця. Мая матуля чатыры гады як не ходзіць, а ляжыць у ложку. Тая, якая ўсё жыццё была на нагах, без мужа выхоўвала чатырох дзяцей. Бегала, бегала. Цяпер яна не бегае. Цяпер яна проста са мною праз сваю пяшчоту і матчына сэрца. Але яе прысутнасць — найдаражэйшая.

Езу, дзякую за кожную Матулю.

Які за нас цярпеў ад ранаў…

 

Стацыя 5
Сымон Кірынеец дапамагае Езусу несці крыж

Мая жонка зусім нядаўна вярнулася з радзільні. Роды былі вельмі складаныя. Але яна зрабіла мяне самым шчаслівым чалавекам у свеце. Я стаў татам маёй князёўны Дамінічкі.

Я адначасова ўстрывожаны і шчаслівы. Раней хваляваўся за тое, як ідуць справы на працы, як хутка атрымаю павышэнне, на колькі павысіцца заробак. Столькі ж мараў у нашай маладой сям’і!

А цяпер я думаю крыху інакш. Я гляджу на дзвюх паненак, якія моцна спяць уначы. Калі раптам малодшая прачынаецца і плача, я стараюся хоць нечым дапамагчы. Мая жонка настолькі яшчэ слабая і стомленая, што не заўсёды чуе плач.

Шкадую абедзвюх. Калыхаю малую, колькі магу.

Езу, дзякую за тое, што магу служыць.

Які за нас цярпеў ад ранаў…

 

Стацыя 6
Вераніка выцірае твар Езуса

Наша сям’я не багатая і не бедная. Мы маем усё самае неабходнае. У нас двое дзетак. Першы ўжо ходзіць у дзіцячы садок, хутка і другі пойдзе. Усё ідзе сваім парадкам. Муж працуе, але вымушаны часта працаваць за мяжой. А я часамі падпрацоўваю: то перакладаю з дома, то маю вучняў, якія прыходзяць, каб падцягнуць праграму. Так і жывём.

Цяжка бывае, калі муж за мяжой, а дзеці пачынаюць хварэць. Асабліва калі моцна, калі з адным з іх трэба легчы ў шпіталь. Бабулі і дзядулі далёка, а з двума хлопцамі ў шпіталь не пакладуць.

Як добра, Божа, што Ты атуляеш нас шчырымі сябрамі, якія могуць ахвяраваць свой час.

Прыйсці ў тую самую патрэбную хвіліну, калі здаецца, што можа не хапіць сілаў. І падхапіць, як тыя анёлы на крылах, як Вераніка, якая нечакана з’явілася сярод жорсткага натоўпу як вялікая процівага агрэсіі.

Лёгка і хутка ацерла твар. І дробязь, але палёгка…

Езу, дзякую за ахвярнасць іншых.

Які за нас цярпеў ад ранаў…

 

Стацыя 7
Езус падае другі раз

Учора па тэлебачанні паказвалі, як у адной беларускай сям’і адабралі дваіх дзяцей. Дашкольнага ўзросту. Дык гэта ж у сям’і, што жыве на суседняй вуліцы. Ён — вусаты беларус, які так, так-так зрэдчас бывае выпіўшы, а яна — светлая, крыху паўнаватая жанчына, яго жонка, кульгавая на правую нагу. Памятаеш іх? Адабралі. Прыйшлі настаўнікі са школы, сям’я лічылася сацыяльна небяспечнай, і было вырашана аддаць дзяцей у інтэрнат. Здаецца, на пэўны час.

У іх, ведаеш, гэтыя дзеці — танклявыя; здаецца, што аж празрыстыя. Але дагэтуль стаіць у маіх вушах іхні гучны-гучны смех, калі іхні тата — вусаты беларус — каціў іх на парожняй тачачцы, на якой ён дровы цягае…

«Сопаўцы, та сопаўцы», як той казаў, але хоць і выпівае бацька, і хоць бедныя зусім, але ж смяюцца. Божухна! Не магу забыцца на смех. А па тэлебачанні паказвалі іхнія чырвоныя вочы.

Дапамажы іх сям’і, Езу. Бацькі ўпалі пад цяжарам бутэлькі, дык яшчэ і дзяржава прыціснула зверху. Дапамажы, Езу, каб адчулі годнасць жыцця свайго.

Які за нас цярпеў ад ранаў…

 

Стацыя 8
Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын

Ты, Езу, тады суцяшаў ерузалемскіх, а цяпер? Усіх.

Езу, а аб чым Табе плача беларуская жанчына?

Аб ненароджаных дзецях? Аб акамянелых мазалях? Аб дзецях, якія пакінулі яе ў доме для састарэлых? Аб мужу, які месяц «не прасыхае»? Аб бацьку яе дзяцей, які пакінуў яе адну з малымі ў дэкрэце? Аб працадаўцы, які не згаджаецца яе браць на працу, бо яна з малымі дзецьмі на руках? Аб недахопе беларускамоўных садкоў ці школ? Аб непаразуменнях з сынам-наркаманам? Аб хваробах, якія не даюць ёй нарадзіць дзіця, а ўрачы разводзяць рукамі, кажучы: «Вінаваты Чарнобыль…»

Аб чым плача беларуская жанчына?

Атулі, Езу, яе верай, каб кожная сляза стала словам малітвы і вялікай надзеі. Бо гэта не проста беларуская жанчына плача: гэта Беларусь галосіць.

Езу, давяраем Табе нашу Радзіму.

Які за нас цярпеў ад ранаў…

 

Стацыя 9
Езус падае трэці раз

«Проста ўжо не хапае сіл! Я не магу! Я не хачу!» — сышоў ты, хляпнуўшы дзвярыма.

Я засталася адна. Праз колькі месяцаў былі сабраныя дакументы на развод. Праз колькі месяцаў ужо было дамоўлена аб пераездзе да бацькоў, аб уладкаванні малых у іншы дзіцячы садок.

«Не магу. Я цябе ненавіджу! Ты зусім не тая, што была калісьці, якую я сустрэў, пакахаў, з якой хацеў быць да канца. Ты ўвесь час стомленая, не ў настроі, ты не паспяваеш гатаваць, прыбіраць, ты не развіваешся. У мяне не засталося да цябе пачуццяў. Я з табой не змагу дасягнуць вышыняў. Ты мне ніхто!»

Езу, прабач за наш эгаізм у сям’і.

Які за нас цярпеў ад ранаў…

 

Стацыя 10
З Езуса здзіраюць адзенне

Сям’я — гэта тое месца, дзе мы без масак. Дзе бачныя ўсе нашыя хібы, недасканаласці, слабасці.

Сям’я — гэта тое месца, дзе ты не баішся стаць у праўдзе. Такі, які ёсць.

Сям’я — гэта тое месца, дзе прымуць такім, які ты насамрэч. Цябе сапраўднага.

Сям’я — гэта тое месца, дзе Табе не сорамна, хоць часамі балюча, прыкра…

Божа, дапамажы, каб сям’я было месцам Праўды, а не ганьбы, дзе цябе могуць растаптаць і прынізіць.

Які за нас цярпеў ад ранаў…

 

Стацыя 11
Укрыжаванне Езуса

Цвік, удар, і так у кожную далонь, у ступні…

Слова: балючае, крыўднае, поўнае непавагі, расчаравання, роспачы…

Словы, балючыя словы — нібы іржавыя цвікі, якія з болем пранікаюць у нашае цела і паступова нішчаць душу, нішчаць сям’ю. Прыбіваюць і ўкрыжоўваюць любоў.

Недавер, грубасць, агрэсія, абыякавасць…

Дзевяцісантыметровы цвік — здзек. Цвік «дваццатка» — недавер… Якія яшчэ памеры прыладаў, якія забіваюць тое, што Бог запланаваў як калыску любові?

Езу, прабач за кожны цвік. Уратуй кожную сям’ю.

Які за нас цярпеў ад ранаў…

 

Стацыя 12
Езус памірае на крыжы

Смерць. Дзе тваё джала?

«Калі я ў першы раз убачыла сыночка, то зразумела, што якім бы хворым Янка ні быў, якія б цяжкасці нас наперадзе ні чакалі, ён — дар Божы. Дзеці — гэта дар Божы.

Янка пражыў восем дзён. У апошні дзень мы з Пашам таксама былі ў яго, на вуліцы было пахмурна і халодна. Мы не ведалі, што бачым Яначку жывым апошні раз».

Гэта словы прызнання Вольгі Севярынец, жанчыны, якая, нягледзячы на настойванні ўрачоў перарваць цяжарнасць, бо ў дзіцяці выявілі сіндром Патау, нарадзіла свайго сына Яначку.

Разумеючы, што не на 33-м годзе жыцця, а значна і значна раней яго чакае мучэнне, і смерць, і неба…

Але яна нарадзіла. Бо тое, што даў Бог, толькі Бог мае права забраць.

Божа, дай мужнасці і веры кожнай маці ўсё прыняць з рукі Бога як Ягоны дар.

Які за нас цярпеў ад ранаў…

 

Стацыя 13
Езуса здымаюць з крыжа

Пачуцці маці, якая страціла дзіця… Якія?

«Янка быў увесь светлы, быццам залаты, і калі б не ўсе трубкі і іголкі, можна было б падумаць, што ён проста спіць. Мы стаялі з Пашам, любаваліся ім і ціха маліліся. Я не плакала».

Воля. Ёй тады было каля 25 гадоў. Маладая, прыгожая, шчырая каталічка, як пра яе казалі сябры мужа, калі Воля і Павел браліся шлюбам у цудоўны зімовы дзень. Нядаўна скончыла ўніверсітэт, працавала, шчыравала ў грамадскіх справах, насіла ў сваім улонні чаканае дзіця, ведаючы, які чакае сумны лёс…

Божая Воля. Амэн.

Які за нас цярпеў ад ранаў…

 

Стацыя 14
Езуса кладуць у грабніцу

«Я першы раз так блізка бачыла смерць — яна стала для мяне бліжэй, але бліжэй стала таксама і неба. А смерць — нішто ў параўнанні з небам.

Янку хавалі 23 снежня, і дзень быў сонечны, неба было блакітнае, а калі ехалі на могілкі, на небе з’явілася вясёлка. Я першы раз бачыла на небе вясёлку зімой.

Вольга Севярынец. Маці.

Які за нас цярпеў ад ранаў…

 

У разважаннях выкарыстаны наступныя публікацыі:

Абноўлена 19.02.2019 22:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця