Пошук


Стаім, Пане, на дарозе, якая вядзе на Галгофу. Хочам быць побач з Табой у апошніх перажываннях, якія напоўнілі Тваё сэрца перад смерцю.

Прыходзім прасіць аб умацаванні нашай веры і веры нашых бліжніх. Учыні, каб разам з Тваёй малітвай і нашая малітва была пачута Айцом.

Стацыя I. Перад абліччам несправядлівасці

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! 

Пане, Ты быў нявінным, але без адзінага слова супярэчання прыняў смяротны прысуд. Для нас такая сітуацыя заўсёды звязана са спакусай паставіць пытанне: дзе Бог, абаронца нявінных? Або: што гэта за Бог, які не бароніць сваіх выбраных?

Пане, навучы нас перад абліччам несправядлівасці ўмацоўваць нашу веру. Дай нам зразумець, што Твой Айцец у стане, нягледзячы на несправядлівасці і крыўды, рэалізоўваць свае збаўленчыя планы.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя II. Вера ў дачыненні да абавязкаў

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! 

Дрэва крыжа з'яўляецца знакам усяго таго, што прыйшлося Табе несці ад Назарэта. Гэта знак абавязкаў, якія ўсклаў на Твае плечы тут, на зямлі, любячы Цябе Айцец.

Пане Езу, здараецца, што мы бунтуем супраць нашых абавязкаў, яны занадта цяжкія, іх занадта шмат. Тады ёсць спакуса адмовіцца ад іх і ўцячы, няважна куды, каб толькі далей ад таго, чаго патрабуе ад нас абавязак. Навучы нас, Пане, вачыма веры бачыць сэнс нашых штодзённых абавязкаў, асабліва тады, калі мы вельмі змучаны імі.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя III. Вера ў хвіліны паражэння

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! 

Ёсць моманты, калі ўсё ў чалавека выпадае з рук, разбіваецца, рассыпаецца, а сам ён ні на што не мае сіл. Тады з’яўляецца спакуса адступлення. Нішто не мае сэнсу. Як жа цяжка ў такі момант знайсці сэнс жыцця, працы.

Пане, які паўстаў з першага ўпадку, навучы нас перажываць хвіліны падзенняў, зламанняў так, каб мы паўсталі, верачы Табе.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

ыСтацыя IV. Даверыцца Богу

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! 

Балеснае спатканне Маці і Сына. Сын разумеў сэнс свайго цярпення. Маці, хоць і не разумела, але верыла, што гэта шлях да перамогі. Гэтаму даверу Яна вучылася на працягу ўсяго жыцця. Чакала меч гора, які праб’е Яе сэрца. Цяпер ведала, які ён востры і як глыбока раніць яго ўдар.

Маці Балесная, вядзі нас па шляху нашага даверу да Бога.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя V. Вера ў каштоўнасць дабра

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! 

Прымусілі яго прыняць удзел у збаўчым чыне адкрыцця брамы веры для свету. Учыніў гэта пад націскам, і, нягледзячы на гэта, яго добры ўчынак прынёс плён. Яго сыны — Аляксандр і Руф — увайшлі ў свет веры. Той, хто самааддана робіць дабро, нават з прымусу, атрымае яго плёны. Сапраўднае дабро заўсёды прыносіць свой плён.

Святы Сымоне, разам са сваімі святымі сынамі выпрасі для нас ласку веры ў тое, што заўсёды варта быць добрымі.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя VI. Супрацоўніцтва з ласкай

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! 

У яе не было шмат часу, каб задумацца. Гэта было імгненне. Апынулася блізка, убачыла скажоны твар Збавіцеля, падышла і ацерла Яго аблічча.

Пане Езу, кожны, хто хоча ступіць на шлях удасканалення веры, павінен карыстацца з дзейснай ласкі. Вераніка зрабіла гэта выдатна. Выкарыстала ўнікальны момант, магчымасць зрабіць добры ўчынак. Праз хвіліну было б ужо позна. Яе праца заняла некалькі дзясяткаў секунд, а плён гэтай працы будзе доўжыцца вечна. Так адбываецца з кожным учынкам, калі чалавек супрацоўнічае з ласкай.

Святая Вераніка, навучы нас выкарыстоўваць усе магчымасці, каб рабіць дабро. Навучы нас супрацоўнічаць з дзейснай ласкай.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя VII. Пераадолець роспач

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! 

Расчараванне. Адна з небяспечных спакусаў на шляху веры. Б’е па чалавеку, калі да мэты яшчэ далёка. Намаганні падарожжа вялікія, а ягоных плёнаў яшчэ не відаць. Тады ўзнікае пытанне: ці варта ісці далей? А можа, ніколі не дайду?

Пане, Ты сказаў: той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены. А цяпер паказваеш нам, што значыць трываць да канца. Стомлены, змучаны, Ты ўздымаешся, каб ісці далей. Пане, навучы нас пераадольваць усе спакусы роспачы.  

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя VIII. Значэнне напаміну

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! 

Пане Езу, нагадваеш плачучым жанчынам. Ці выкарыстоўваюць яны гэты напамін? Ці варта ўвогуле нагадваць? Ты хацеў, каб і яны ўвайшлі на шлях веры. Ці Твой напамін дапамог ім зрабіць гэты крок?

Мы не ведаем, Пане, ці трапілі Твае словы ў іх сэрцы. Але на гэтай стацыі мы хочам навучыцца прымаць Твае напаміны, калі мы робім памылкі і калі нам не хапае адвагі. Просім Цябе, Пане, не адступай ніколі ад скіраваных да нас напамінаў.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя IX. Адносна спакусы сумнення

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! 

Адным з самых сур'ёзных грахоў з'яўляецца сумніў, які часта ператвараецца ў грэх адчаю. Тады чалавек «адразаецца» ад Бога.

Сумніў прыходзіць, калі чалавек сутыкаецца з праблемамі, якія, здаецца, перарастаюць ягоныя сілы, і не верыць у дапамогу Бога. Сумніў прыходзіць, калі чалавек забывае, што Ты, Пане, нас вядзеш. Ты выбіраеш шлях і дапамагаеш у пераадоленні цяжкасцяў і ўсялякіх перашкод на гэтым шляху. Пане Езу, выратуй нас ад сумніваў.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя X. Паклёп як выпрабаванне веры

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! 

Паклёп — гэта знішчэнне добрага імені. Пане, людзі зрываюць з Цябе вопратку, але Твой Айцец і гэта выкарыстоўвае, каб узбагаціць свет. У нашым жыцці таксама бываюць цяжкія хвіліны, звязаныя з паклёпам. Каб пераможна праз іх прайсці, трэба моцна ўхапіцца за Тваю руку. Тады дзясятая стацыя нашага жыцця ўзбагаціць нашае сэрца, а праз нас і іншых.

Пане Езу, які стаіш аголены перад натоўпам, правядзі нас праз цяжкія хвіліны паклёпу і ўчыні, каб мы своечасова ўмелі давярацца Табе.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя XI. Вера перад абліччам цярпення

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! 

Цярпенне заўсёды з’яўляецца момантам выпрабавання нашай веры. Дзякуем Табе, Пане, за прыклад цярпення. Ніколі не паверылі б, што разумееш нас у хвіліны нашага цярпення, калі б не цвікі, якія прабілі Твае рукі і ногі.

Разам з Табой нам лягчэй пераносіць цярпенні. Ты іх асвяціў. Учыніў, што хвіліны цярпення могуць стаць вельмі каштоўнымі для ўзмацнення нашай веры. Будзь з намі, Пане, у моманты нашага цярпення.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя XII. Смерць як акт даверу Богу

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! 

«Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой». Твая смерць, Пане, становіцца актам даверу Айцу. Усё нашае жыццё павінна быць бесперапынным удасканальваннем веры, каб у апошні момант мы змаглі зрабіць той рашучы крок даверу Айцу. Гэта ўваход у невядомую нам таямніцу. Вера гаворыць, што ў той таямніцы чакае нас любячы Айцец з распасцёртымі рукамі.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя XIII. Вера перад абліччам таямніцы смерці

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Найсвяцейшая Маці, стоячы пад крыжам і трымаючы на руках нямоглае цела Сына, удасканальвала сваю веру. Кожная сустрэча са смерцю блізкіх можа і павінна ўдасканальваць нашу веру. Толькі вера можа бачыць у смерці пачатак новага жыцця.

Маці Балесная, навучы нас выкарыстоўваць балючыя расстанні з блізкімі для ўмацавання нашага даверу да Бога.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

фСтацыя XIV. Вера ва Уваскрасенне

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! 

Пане, Твая магіла з’яўляецца надзеяй для свету. Менавіта на гэтай пустой магіле, якая сведчыць аб Уваскрасенні, Касцёл будуе ўсю сваю веру.

Навучы нас, Пане, пастаянна ўдасканальваць веру ў Тваё ўваскрасенне, бо ў яго ўваходзіць і нашае ўваскрасенне.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!

Паводле кс. Э. Станэка
Падрыхтавала Анна Малахава

Абноўлена 05.06.2017 14:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця