Пошук



Пераклад а. Аляксандра Уласа OFMConv


Першая стацыя Крыжа

Езус асуджаны на смерць

Стаяў спякотны дзень, звычайны вясновы дзень у Палестыне. Па руках Пілата сцякала халаднаватая чыстая вада, у якой адбівалася золата міскі і збана. Той, хто стварыў ваду, золата і збан, знемагаючы ад смагі, бяссоннай ночы і адзіноты, стаяў перад зямным намеснікам зямнога цара! Па руках Пілата сцякала халаднаватая чыстая вада, калі ён змываў з іх кроў Нявіннасці, аддаючы яе віне. Той, хто не ведаў і дотыку Віны, любіў вінаватых так, што быў гатовы пайсці на смерць за іх віну. Абвешчаны смяротны прысуд. Няспраўны раб праліў ваду на мармуровую падлогу. Яна прыснула дробнымі кроплямі, нібы кроў. Смерць задрыжэла. Яна ведала, што Яе Уладар нарэшце прыйшоў, каб атрымаць над Ёй перамогу і стварыць з Яе брамы жыцця. Анёлы — дыяментавая карона для некаранаванага Цара — упалі ніцма і сваімі крыламі сплялі мяккую, пушыстую дарогу, што вяла Бога на спатканне з болем. Так загучала першая ўрачыстая нота пахавальнай песні пакутаў — Песня Песняў Любові.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aДругая стацыя Крыжа

Езус прымае свой Крыж

Дрэва… Звычайнае дрэва прычыняла боль Яго зраненым рукам. Да таго ж бізун ужо пацалаваў іх, калі яны былі прывязаны да ганебнага слупа над Яго галавою. Стрэмкі ўпіліся ў раны на Яго далонях і гарэлі агнём. Дрэва было цяжкім. Гэта быў вялікі, няроўны, спехам змайстраваны Крыж. Але ці не ўсё роўна, калі на гэтай шыбеніцы суджана памерці? Ён вельмі аслабеў ад страты крыві. Дзень быў гарачы. Раны адкрыліся, і Яго вільготная вопратка прыліпла да іх. Папярэчная бэлька Крыжа ўпілася ў Яго плячо і спіну, нібы грэх у душу. Бязгрэшны, Ён спазнаў джала граху, увесь яго цяжар. Дзеля гэтага Ён прыйшоў на зямлю, дзеля Крыжа — ключа, які адчыніць брамы Нябёсаў для ўмілаванай душы чалавека. Ён пакорліва прыціснуўся сваёй параненай, акрываўленай шчакой да грубага, неапрацаванага дрэва, і, хоць хістаўся пад яго непасільным цяжарам, на Яго твары была пакора перад цярпеннем — Песня Песняў Любові.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aТрэцяя стацыя Крыжа

Езус падае першы раз

Халодная зямля пакрыта пылам. Яму здавалася, што яна ўздрыгвае і скаланаецца перад Яго вачыма, нібы хоча падняцца, раскрыць сваё чэрава, паглынуць Яго і схаваць у недасягальнай глыбіні — далей ад людзей, далей ад болю. Ад сухога пылу сыходзілі тысячы пахаў — так пахне пыл на дарогах свету. Ён прыліп да Яго ранаў, асвяціўшыся ад гэтага дотыку. Ляжаў ніцма ў пыле, слабы і знясілены. Але нават падзенне адлюстроўвала Яго любоў да нас, а ў пасланні, напісаным крывёю на пыльнай зямлі, гаварылася: «Паслухай, душа чалавека, Я люблю цябе. Памятай: Маё падзенне дасць табе мужнасць падняцца, калі ты ўпадзеш. Я буду з табой і падтрымаю цябе». Яго паднялі. Крыж зноў упіўся ў Яго спіну. Ён пакорліва пайшоў далей рука ў руку з радасцю, бо такая была Яго любоў да нас!

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aЧацвёртая стацыя Крыжа

Езус сустракаецца са сваёй святой Маці

Нябёсы былі блакітныя. Такімі ж блакітнымі былі і Яе вочы. А Яго? Яго вочы адлюстроўвалі славу Айца і Духа Святога. Ніводзін смяротны не памятаў колеру Яго вачэй: іх святло асляпляла ззяннем. Вочы Маці і Сына, аддзеленыя Крыжам, які нёс Сын, сустрэліся, і гэтая сустрэча была падобная маўклівым абдымкам, паўтарыць якія на зямлі ім больш ніколі не давядзецца. Маці і Сына — стварэнне Бога і самога Бога — злучылі ў любові і радасці. Грубыя словы жаўнераў рэзалі Яго, нібы бізун. Здзеклівы натоўп усё больш націскаў. Ён ішоў наперадзе павольнай хадою, велічны і спакойны, бо Ён выпіў келіх любові і быў гатовы плаціць любоўю, памёршы на Крыжы.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aПятая стацыя Крыжа

Сымон Кірынэец дапамагае Езусу

Ад дрэва сыходзіў холад. З кожным крокам гэты холад станавіўся цяжэй за ўсе замёрзлыя рэкі, азёры і моры, бо ў ім засяродзіўся ўвесь цяжар граху, а грэх, падобна пеклу, такі ж халодны, як і ўсе мёртвае. Холад дрэва — самы вялікі цяжар, які даводзілася падымаць чалавеку, — уядаўся ў Яго цела, падобна самаму жудаснаму холаду. Цяжар граху наваліўся на Яго так, што Ён, хістаючыся, упаў на зямлю. Спяшаючыся скончыць з пакараннем, жаўнеры прыцягнулі раззлаванага прахожага — Сымона Кірынэйца. Ён падпарадкаваўся насуперак свайму жаданню, бо прымусілі. Хаваючы гнеў, ён падставіў плячо пад крыжападобную шыбеніцу. Яна не важыла ні грама! Цуд: ад яе сыходзіў агонь любові і глыбокай павагі, які напаўняў чалавека радасцю! Ён падняў вочы і сустрэўся з позіркам Хрыста, спазнаўшы захапленне ўзаемаразумення і поўнага ўнутранага падпарадкавання ўвасабленню любові. Дрэва, якое выдала свой сакрэт, зноў стала халодным.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aШостая стацыя Крыжа

Вераніка выцірае твар Езуса

Да Яго абпаленага болем твару, на якім кроў змяшалася з пылам, дакранулася прахалодная хустка. Ад пацалунку паўдзённага сонца і кроў, і пыл сталі сухімі, як ад агню. Тканіна лагодна песціла Яго брудны, распухлы, скрыўлены твар. Аднак у той дзень прахалодай, найбольшай за усялякую ільняную тканіну і пяшчотнейшай за крылы анёла, была любоў, якая дакранулася да Яго змучанага твару. Мужная, палымяная любоў, якая сыходзіць ад Айца, Святога Духа і Сына, не зважаючы на натоўп, атручаны насмешкамі і непрыстойнымі жартамі, прыйшла з Веранікай, якая невядома адкуль з’явілася і невядома куды знікла, пакінуўшы ўсім нам ільняную хустку з адбіткам Яго святога аблічча!

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aСёмая стацыя Крыжа

Езус падае другі раз

Зямля пад Яго шчакой была жорсткай і прыносіла такі ж боль, як сэрцы людзей, што адмаўляюць Бога. Крыж упаў на Яго распасцёртае цела, нібы ўвесь цяжар грахоў чалавецтва. Пыл быў горкім, горкім, як смяротны грэх. На гэты раз на дапамогу нікога не клікалі. Яго штурхалі, на Яго крычалі, Яму загадвалі ўстаць. Ён паспрабаваў устаць. Хістаючыся, прыпадняўся і зноў упаў ніцма. Сонца і пыл, запоўніўшы Яго раны, джалілі тысячамі ўкусаў болі. Ён зрабіў яшчэ адну спробу. Яго штурхалі і абсыпалі лаянкамі. Ён здолеў падняцца ледзь-ледзь больш, а потым, зусім знясілены, хістаючыся, падняўся ва ўвесь рост. Крыж зноў лёг у самую глыбокую рану на Яго святым целе, і Ён пайшоў далей. У апошні раз зямля, грубая і цвёрдая, адчувала крокі незвычайнай Любові, якая ўжо ніколі больш не закране яе паверхні. Сонца і камяні яшчэ глыбей упіліся ў Яго раны, а грубая зямля захавала свой пацалунак на целе Бога.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aВосьмая стацыя Крыжа

Жанчыны Ерузалема

У іх слязах былі горыч і боль. Самі не ведаючы чаму, яны аплаквалі няшчаснага,  скрываўленага Чалавека, які хістаецца пад цяжарам грубага, неапрацаванага Крыжа. Аднак, падышоўшы да іх, Ён выпрастаўся. Крыж увесь аж затрымцеў, а Ён стаў вялікім, дастаючы да нябёсаў — прынамсі так ім здавалася. Ён загадаў ім аплакваць не Яго, а саміх сябе, каб убачыць, а ўбачыўшы, паверыць, што ўвасобленая Любоў стаіць на дарозе да сваёй смерці дзеля іх.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aДзевятая стацыя Крыжа

Езус падае трэці раз

Зямля правальвалася пад Яго цяжарам. Яна не вытрымлівае Богачалавека, які так палюбіў людзей, што, не маючы граху, узяў на сябе цяжар іх грахоў. Зямля правальвалася пад Яго цяжарам, калі Ён, змардаваны і паміраючы, упаў на яе ў трэці раз! Залямантавалі камяні. Горкімі слязамі заплакаў пыл. Чарната ўрадлівай глебы, схаванай пад пластом пылу і камянёў, з любоўю ахінула Яго сваёй прахалоднай мантыяй. Але Яго гадзіна яшчэ не наступіла, яго адцягнулі і, паставіўшы на ногі, пагналі далей, хоць гэта было занадта: Яго прыспешвала любоў, і толькі любоў вяла Яго на святую гару — на смерць!

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aДзясятая стацыя Крыжа

З Езуса зрываюць адзенне

Яго скура была белай, а рукі і твар бурымі, амаль чорнымі у параўнанні з белай скурай цела. З Яго сталі бязлітасна зрываць адзенне, агаляючы такім чынам адну за адной тысячы ран. Аднак Ён стаяў, велічны і спакойны, калі Яго святая кроў чырванела рубінамі на белізне скуры. Потым, падкрэслена гучна пазвоньваючы жалезам, людзі прынеслі кошык з цвікамі і малаткамі. Яго не збіраліся нічым прыкрываць, акрамя савана пакутлівага болю... Так і зрабілі. Злыя языкі тых, каго Ён аплакваў, паранілі Яго, як тысячы вогненных стрэл. Як яшчэ мог Ён памерці, калі б з Яго не сарвалі адзення — Ён, які апрануў Нерукатворны Дух у наша цела з любові да нас? Як яшчэ мог Ён памерці? Само Яго цела было найвялікшым дарам любові!

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aАдзінаццатая стацыя Крыжа

Езуса прыбіваюць да Крыжа

З усіх бакоў адначасова сталі насоўвацца хмары, чорныя, густыя... Завесай яны былі ці сышліся, каб паплакаць? Ці адпомсціць? Хто мог сказаць? Усе бачылі, як яны схавалі сонца і прынеслі ноч сярод белага дня. Разам з імі насоўваўся холад. Прымчаліся смяротныя вятры, злучаючы ў адзін натоўп, быццам авечак, перапалоханых людзей. А Ён стаяў. Контуры Яго самотнай постаці выразна акрэсліліся на фоне раззлаваных нябёсаў. Ён стаяў, асляпляльна беззаганны, нібы Гостыя Эўхарыстыі. Раптам, быццам не вытрымаўшы Яго святла, каты кінулі Яго на Крыж. Мноства ранаў, якія пакрывалі  Яго цела, успалымнелі — гэта чырвонымі струменьчыкамі пацякла кроў. Ён ляжаў нерухома, пакорліва... Малаткі стукалі па цвіках... Галасілі дзікія вятры... Іх галасы ўзмацняліся, а рэха паўтарала зласлівыя песні зноў і зноў, несучы іх у Вечнасць... Гэта быў рэквіем...

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aДванаццатая стацыя Крыжа

Езус памірае на Крыжы

Самотны Богачалавек вісеў на Крыжы, нібы плод на дрэве... Гэта была Уцелаўлёная Любоў! Смерць скурчылася ля Яго ног, баючыся закрануць Несмяротнага! Але чаму быць — таго не абмінуць. Павольна, нібы ў сне, Смерць стала на пальчыкі, высокая, стройная. Натоўп, які сабраўся паглядзець, як Ён памірае, ахапіў страх, сэрцы пахаладзелі. Смерць кранула Яго з глыбокай павагай і пяшчотай... Ён блаславіў Яе ў адказ адным толькі позіркам і памёр ад любові. З тых часоў Смерць стала Жыццём!

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aТрынаццатая стацыя Крыжа

Здыманне з Крыжа

Неба палымнела ад гневу. Хмары апрануліся ў жалобу. Мужчыны, жанчыны і дзеці падыходзілі і адыходзілі. Пагружаныя ў свае клопаты, амаль не падымаючы вачэй, яны ішлі міма Крыжа, на якім была ўкрыжавана Любоў. Людзі падыходзілі адзін за адным, сагнуўшыся, нібы ад цяжкай працы ці перажытага гора... Іх рухі былі павольнымі... Здавалася, што яны кідаюць дзіўныя цені на зямлю, што затаіла свой подых, адбіваючыся, як у люстэрку, у крывава-чырвоным небе. На кожнага з іх падалі чорныя цені жалобных аблокаў. Яго павольна знялі з Крыжа і паклалі на ззяючую чысцінёй плашчаніцу. Крыж, аголены і святы, стаяў бліскучы, як рубін,.. таму што неба размалявала яго ва ўсе адценні пурпуру, якімі яно не магло не падзяліцца... А Ён, які быў Жыццём, ляжаў мёртвы пад Крыжам, асветлены ўсімі водбліскамі рубіну.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aЧатырнаццатая стацыя Крыжа

Езуса кладуць у грабніцу

Калі грабніца прыняла мёртвага Пана Жыцця, яна зноў стала яслямі, месцам нараджэння жыцця! Яе цішыня спявала рэквіем так, як быццам гэта было Аллелюя! Холад грабніцы ператварыўся ў агонь і полымя радасці — радасці, пра якую немагчыма і марыць! А Езус спаў у глыбіні гэтай калыскі сном таго, хто Смерць перамог! Грабніца была адзіным сведкам таямніцы Яго Перамогі, і яна будзе вечна захоўваць сакрэт гэтага сакрамэнту, дзелячыся з чалавецтвам толькі сваёй пустатой, якую ахоўваюць анёлы!

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aУваскрасенне

Ён дакрануўся да смерці на імгненне,
Знішчыўшы яе назаўжды,
І яна стала анёлам дасканалай прыгажосці,
Якога людзі веры сталі чакаць, затаіўшы дыханне.
У смерці няма ледзяных рук, яны цёплыя ...
Таму што гэта — абдымкі Анёла любові.

Абноўлена 05.06.2017 14:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.