Пошук


К. Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Н. Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
і на векі вечныя. Амэн. Аллелюя.

ГІМН
О, жыццядайны Творца зор,
Святло жыцця і наш узор,
О, Адкупіцель ўсёй зямлі,
Малітвы нашыя прымі.

Ты спачуваў, што згіне век
І смерць спазнае чалавек.
Знямоглы свет збаўляеш Ты,
Нас апраўдаеш назаўжды.

Хіліўся свет ў вячэрні час,
Ты як жаніх прыйшоў да нас
З улоння Дзевы Ўсесвятой,
Марыі, Маці дарагой.

Ўвесь свет, калені ты схілі
Прад моцай Божай і малі.
Зямля і неба хай пяюць,
Прарочаць і пашану шлюць.

Цябе, Святога, з вераю
У дні мы просім шэрыя,
Суддзя народаў, збаў жа нас
Ад зброі д’ябла ў страшны час.

Табе, наш Хрыстэ, добры Пан,
Айцец Нябесны, Валадар
І Суцяшыцель Дух Святы,
Хвала хай будзе назаўжды. Амэн.

1 ант. Абвяшчайце народам і кажыце: * Вось прыйдзе Бог, наш Збаўца.


Псальм 141 (140), 1–9
Малітва ў небяспецы

І ўзносіцца перад Богам дым кадзіла ад малітваў святых з рукі анёла (Ап 8, 4)

Да Цябе, Пане, усклікаю, паспяшайся да мяне, *
пачуй мой голас, калі Цябе клічу.
Няхай мая малітва ўзыдзе да Цябе, нібы кадзіла, *
а ўзнясенне рук маіх – нібы вячэрняя ахвяра.
Пастаў, Пане, варту на вуснах маіх *
і захавай браму маіх вуснаў.
Не дай схіліцца сэрцу майму да злога слова, *
да здзяйснення нягодных учынкаў,
каб з людзьмі, якія чыняць беззаконне, *
я ніколі не еў іх прысмакаў.
Няхай справядлівы ў міласэрнасці *
ўдарае мяне і дакарае,
аднак алей грэшніка †
няхай не намашчае маёй галавы, *
бо заўсёды мая малітва скіравана супраць іх зла.
Іх суддзі патрапілі ў моц Божую *
і пачулі, якія лагодныя былі мае словы.
Як разараная і рассечаная зямля, *
так будуць раскіданы іх косткі над пашчай адхлані.
Да Цябе, Пане, звернуты вочы мае, *
у Табе шукаю прытулку, не адкінь душы маёй.
Захавай мяне ад пастак, пастаўленых на мяне, *
і ад сíла тых, хто чыніць зло.

Ант. Абвяшчайце народам і кажыце: * Вось прыйдзе Бог, наш Збаўца.

2 ант. Вось прыйдзе Пан і ўсе Яго святыя з Ім, * і будзе ў дзень гэты вялікае святло, / аллелюя.


Псальм 142 (141)
Ты — мая абарона
Усё гэта споўнілася ў час цярпення Пана (св. Гілярый)

Гучна ўсклікаю да Пана, *
голасна Пана прашу.
Выліваю перад Яго абліччам сваю жальбу *
і расказваю Яму пра сваю нядолю.
Калі знемагае дух мой ува мне, *
Ты ведаеш сцежкі мае.
На шляху, якім хаджу, *
тайком паставілі пастку на мяне.
Гляджу ўправа і бачу: *
ніхто не зважае на мяне.
Няма для мяне прытулку, *
ніхто не клапоціцца пра маю душу.
Я ўсклікаў да Цябе, Пане, †
я казаў: «Ты — мая абарона, *
мая доля ў краіне жывых.
Прыслухайся да майго ўсклікання, *
бо я вельмі прыніжаны.
Вызвалі мяне ад ганіцеляў маіх, *
бо яны мацнейшыя за мяне.
Выведзі з няволі душу маю, *
каб я дзякаваў імені Твайму.
Акружаць справядлівыя мяне, *
калі ўчыніш мне дабро».

Ант. Вось прыйдзе Пан і ўсе Яго святыя з Ім, * і будзе ў дзень гэты вялікае святло, / аллелюя.


3 ант. Прыйдзе Пан з вялікаю моцаю, * і ўбачыць Яго кожнае стварэнне.

Песня
Хрыстус, Слуга Божы
Флп 2, 6–11

Езус Хрыстус, будучы ў постаці Бога, *
не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам,
але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, †
прыпадобніўшыся да людзей; *
і з выгляду стаўшы як чалавек,
прынізіў сябе, †
будучы паслухмяным ажно да смерці, *
смерці крыжовай.
Таму Бог узвысіў Яго *
і даў Яму імя па-над усялякае імя,
каб на імя Езуса схілілася кожнае калена *
стварэнняў нябесных, зямных і падземных,
і каб кожны язык вызнаваў: †
«Панам ёсць Езус Хрыстус», *
дзеля хвалы Бога Айца.

Ант. Прыйдзе Пан з вялікаю моцаю, * і ўбачыць Яго кожнае стварэнне.

КАРОТКАЕ ЧЫТАННЕ

1 Тэс 5, 23-24

Сам жа Бог спакою няхай асвяціць вас цалкам, і ўвесь дух ваш, і душа, і цела няхай захаваюцца без заганы ў прыйсце Пана нашага Езуса Хрыста. Верны той, хто вас кліча, які і здзейсніць гэта.


КАРОТКІ РЭСПАНСОРЫЙ


К.
Пакажы нам, Пане, * сваю міласэрнасць. Н. Пакажы. К. І збаўленне сваё дай нам. Н. Сваю. К. Хвала Айцу. Н. Пакажы.

Ант. да песні Марыі. Чувайце, бо не ведаеце, * у які дзень Пан ваш прыйдзе.

Песня Марыі
Радасць душы ў Пану
 Лк 1, 46–55

Велічае душа мая Пана, *
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу,
бо глянуў Бог на пакору сваёй слугі. *
I цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, *
а імя Яго святое.
І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне *
над тымі, хто Яго баіцца.
Паказаў моц сваёй правіцы, *
рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.
Скінуў магутных з трона *
і ўзвысіў пакорных.
Дабром галодных насыціў, *
а багатых ні з чым адправіў.
Прыняў свайго слугу Ізраэля, *
памятаючы пра сваю міласэрнасць,
як абяцаў бацькам нашым — *
Абрагаму і яго патомству навекі.

Ант. Чувайце, бо не ведаеце, * у які дзень Пан ваш прыйдзе.

ПРОСЬБЫ
Хрыста, радасць і вяселле ўсіх, хто Яго чакае, клічам:
Прыйдзі, Пане, і не спазняйся.
З радасцю чакаем Твайго прыйсця,
прыйдзі, Пане Езу.
Ты існуеш перад вякамі,
– прыйдзі збавіць нас у гэтым веку.
Ты стварыў свет і ўсё, што яго насяляе,
прыйдзі адкупіць справу сваіх рук.
Ты не пагардзіў нашай смяротнай натурай,
прыйдзі вырваць нас з улады смерці.
Ты прыйшоў, каб мы мелі паўнату жыцця,
прыйдзі і дай нам сваё вечнае жыццё.
Ты пажадаў з’яднаць усіх людзей у сваім валадарстве,
прыйдзі сабраць тых, хто спадзяецца ўбачыць Тваё аблічча.

Ойча наш.

Малітва

Усемагутны Божа, просiм Цябе, дай верным Тваiм такую ахвоту, каб добрымi справамi падрыхтаваліся да сустрэчы Хрыста, які прыходзіць, а ў судны дзень, далучаныя да Яго выбраных, маглі дасягнуць Валадарства нябеснага. Праз Пана нашага, Езуса Хрыста, Твайго Сына, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя. Амэн.
фКалі прысутнічае святар або дыякан, ён рассылае народ, кажучы:
Пан з вамі.
Н. І з духам тваім.

Няхай благаславіць вас Бог усемагутны:
Айцец і Сын, † і Дух Святы.
Н. Амэн.

Ідзіце ў супакоі Хрыста.
Н. Дзякуем Пану Богу.

Калі святар або дыякан адсутнічаюць ці калі Гадзіна гаворыцца індывідуальна, то яна завяршаецца наступным чынам:
Няхай Пан благаславіць нас,
абароніць ад усялякага зла і давядзе да жыцця вечнага.
Н. Амэн.
Абноўлена 05.06.2017 14:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця