Пошук


К.: Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Н.: Пане, паспяшы да мяне на паратунак.

Хвала Айцу і Сыну,
і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
і на векі вечныя. Амэн. Аллелюя.

Гiмн

Валадар магутны, Хрыстэ,
Каб Айцец быў праслаўлёны
І наш род людскі узняты,
Разарваў Ты путы смерці.

Ты, прыняўшы нашу слабасць,
Растаптаў старога змея,
І сваёю смерцю знішчыў
Смерць, што грэх падрыхтаваў нам.

Ты сваім уваскрасеннем
У Пасхальнай таямніцы
Дар жыцця ў нас аднаўляеш,
Хоць грэх быў прычынай смерці.

Дай нам, Пане, Тваю ласку.
Мы запалім светач веры,
Каб сустрэць Цябе ў чаканні
І з надзеяй на збаўленне.

Прымі ўсіх, Суддзя ласкавы,
У Нябесным Валадарстве,
Хто у веры і любові
Вызнае Святую Тройцу.

Слугаў Ты пакліч, о Божа,
Што свет гэты пакідаюць.
Ім дазволь ў жыцця краіне
Праслаўляць Цябе навекі. Амэн.

Псальмодыя

1 ант. Пан захавае цябе ад усякага зла, * будзе берагчы душу тваю.

Псальм 121 (120)

Падымаю вочы свае да вышыняў: *
адкуль прыйдзе мая дапамога?

Дапамога мая ад Пана, *
які стварыў неба і зямлю.

Ён не дасць пахіснуцца назе тваёй, *
не задрэмле той, хто цябе сцеражэ.

Не дрэмле і не спіць *
той, хто сцеражэ Ізраэль.

Пан сцеражэ цябе, *
Пан — твой цень, Ён праваруч цябе.

Удзень сонца не ўдарыць цябе, *
ні месяц ноччу.

Пан захавае цябе ад усякага зла, *
будзе берагчы душу тваю.

Пан будзе сцерагчы выйсце тваё і вяртанне *
цяпер і навекі.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Ант. Пан захавае цябе ад усякага зла, * будзе берагчы душу тваю.

2 ант. Калі Ты, Пане, будзеш зважаць на беззаконні, * хто ж вытрывае, Пане?

Псальм 130 (129)

З глыбіні я клічу Цябе, Пане. *
Пане, пачуй мой голас.

Няхай Твае вушы пачуюць *
голас маіх малітваў.

Калі Ты, Пане, будзеш зважаць на беззаконні, *
хто ж вытрывае, Пане?

Але ў Цябе прабачэнне, *
каб Цябе паважалі.

Спадзяюся на Пана, *
спадзяецца душа мая на Яго слова.

Душа мая чакае Пана *
больш, чым варта світання.

Больш, чым варта світання, *
няхай Ізраэль чакае Пана,

бо ў Пана міласэрнасць *
і шчодрае ў Яго адкупленне.

Ён адкупіць Ізраэль *
ад усіх беззаконняў ягоных.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Ант. Калі Ты, Пане, будзеш зважаць на беззаконні, * хто ж вытрывае, Пане?

3 ант. Як Айцец уваскрашае і ажыўляе памерлых, * так і Сын, каго хоча, ажыўляе.

Песня Флп 2, 6-11

Езус Хрыстус, будучы ў постаці Бога, *
не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам,

але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, †
прыпадобніўшыся да людзей; *
і з выгляду стаўшы як чалавек,

прынізіў сябе, †
будучы паслухмяным ажно да смерці, *
смерці крыжовай.

Таму Бог узвысіў Яго *
і даў Яму імя па-над усялякае імя,

каб на імя Езуса схілілася кожнае калена *
стварэнняў нябесных, зямных і падземных,

і каб кожны язык вызнаваў: †
«Панам ёсць Езус Хрыстус», *
дзеля хвалы Бога Айца.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Ант. Як Айцец уваскрашае і ажыўляе памерлых, * так і Сын, каго хоча, ажыўляе.

Кароткае Чытанне          1 Кар 15, 55-57

«Cмерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?» Джала смерці — гэта грэх, а сіла граху — гэта Закон. Богу ж падзяка, бо Ён даў нам перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста.

Кароткi рэспансорый

К.: На Цябе, Пане, спадзяюся, * не буду асаромлены навекі.
Н.: На Цябе, Пане, спадзяюся, * не буду асаромлены навекі.
К.: Узрадуюся і ўсцешуся міласэрнасці Тваёй.
Н.: Не буду асаромлены навекі.
К.: Хвала Айцу і Сыну, * і Духу Святому.
Н.: На Цябе, Пане, спадзяюся, * не буду асаромлены навекі.

Песня з Евангелля

Ант. да песні Марыі: Кожны, каго дае Мне Айцец, * да Мяне прыйдзе, / і таго, хто прыходзіць да Мяне, / Я не адкіну.

Альбо, у Велікодны перыяд:

Ант. Укрыжаваны ўваскрос з памерлых * і адкупіў нас, / аллелюя.

Песня Марыі                    Лк 1, 46-55

Велічае душа мая Пана, *
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу.

Бо глянуў Бог на пакору сваёй слугі,*
і цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.

Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, *
а імя Яго святое.

І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне *
над тымі, хто Яго баіцца.

Паказаў моц сваёй правіцы, *
рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.

Скінуў магутных з трона *
і ўзвысіў пакорных.

Дабром галодных насыціў, *
а багатых ні з чым адправіў.

Прыняў свайго слугу Ізраэля, *
памятаючы пра сваю міласэрнасць,

як абяцаў бацькам нашым — *
Абрагаму і яго патомству навекі.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Ант.: Кожны, каго дае Мне Айцец, * да Мяне прыйдзе, / і таго, хто прыходзіць да Мяне, / Я не адкіну.

Альбо, у Велікодны перыяд:

Ант. Укрыжаваны ўваскрос з памер­лых * і адкупіў нас, / аллелюя.

Просьбы

Хрыстэ Пане, мы спадзяемся, што Ты прыпадобніш нашае прыніжанае цела да свайго праслаўленага Цела. Таму ўсклікаем:

Пане, Ты жыццё і ўваскрашэнне нашае.

Хрыстэ, Сыне Бога жывога, Ты ўваскрасіў з памерлых Лазара, свайго прыяцеля,
— уваскрашай да жыцця і славы памерлых, якіх Ты адкупіў сваёй каштоўнаю крывёю.

Пане, Ты жыццё і ўваскрашэнне нашае.

Хрыстэ, суцяшыцель засмучаных, падчас уваскрашэння Лазара, юнака з Наім і дачкі Яіра, Ты міласэрна выцер слёзы блізкіх,
— суцеш усіх, хто сёння плача над сваімі памерлымі.

Пане, Ты жыццё і ўваскрашэнне нашае.

Хрыстэ Збаўца, знішчы ў нашым смяротным целе панаванне граху, праз які мы заслужылі пакаранне смерцю,
— каб праз Цябе мы атрымалі вечнае жыццё.

Пане, Ты жыццё і ўваскрашэнне нашае.

Хрыстэ Адкупіцель, паглядзі на тых, хто, не ведаючы Цябе, не мае надзеі,
— каб яны паверылі ва ўваскрашэнне і жыццё вечнае.

Пане, Ты жыццё і ўваскрашэнне нашае.

Хрыстэ, Ты вярнуў невідушчаму святло зроку і даў яму радасць бачыць Цябе,
— асвятлі твары сваіх памерлых, якія дагэтуль пазбаўлены святла.

Пане, Ты жыццё і ўваскрашэнне нашае.

Хрыстэ, Ты дазваляеш, каб распадаўся зямны дом нашага жылля,
— дай нам вечны і нерукатворны дом у небе.

Пане, Ты жыццё і ўваскрашэнне нашае.

Ойча наш

Малітва

Божа, святло верных і жыццё справядлівых, Твой Сын адкупіў нас сваёю смерцю і ўваскрасеннем, змілуйся над слугой Тваім (Тваёй) N., які жыў (якая жыла) з вераю ва ўваскрашэнне з мёртвых, і адары яго (яе) вечным шчасцем. Праз Пана нашага, Езуса Хрыста, Твайго Сына, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя. Амэн.

Афіцый завяршаецца благаслаўленнем святара або наступным чынам:

Няхай Пан благаславіць нас, абароніць ад усялякага зла і давядзе да жыцця вечнага.
Н.: Амэн.

Абноўлена 11.03.2026 22:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця