К.: Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Н.: Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн. Аллелюя.
Гiмн
Хрыстэ, надзея збаўлення,
Наша жыццё, ўваскрашэнне.
Мы да Цябе у час смерці
Сэрцы і вочы ўздымаем.
Ты зведаў смерць і пакуты,
Крыжа жахлівыя мукі.
Перад Айцом у пакоры
Ціха аддаў свайго духа.
Ты, Пастыр наш міласэрны,
Узяў на сябе нашу немач.
І тых, хто церпіць з Табою,
На ўлонне Бога прымаеш.
Пане, прыбіты да крыжа,
І з сэрцам, дзідай адкрытым,
Хворых, гаротных прымаеш,
Каб сум глыбокі суцешыць.
Вось брамы пекла зламаны,
Йдзе ужо наш Пераможца,
Каб на зямлі нас суцешыць
І пасля смерці даць неба.
Тым, што ўжо спяць у спакоі,
Ты, Пане наш міласэрны,
Дай радасць у Тваім доме,
Славілі каб Цябе вечна. Амэн.
Псальмодыя
1 ант. Узрадуюцца Пану * зламаныя косткі.
Псальм 51 (50)
Змілуйся нада мною, Божа, *
у вялікай міласці Тваёй;
і ў паўнаце міласэрнасці Тваёй *
знішчы беззаконні мае.
Цалкам абмый мяне ад правінаў маіх *
і ачысці мяне ад граху майго.
Бо я ведаю беззаконні свае, *
і грэх мой заўжды перада мною.
Табе, Табе аднаму я зграшыў *
і зло ўчыніў перад Тваімі вачыма.
Таму Ты будзеш справядлівы ў сваім прысудзе *
і беззаганны ў судзе сваім.
Вось я ў беззаконні зачаты, *
і ў граху мяне нарадзіла маці.
Ты палюбіў глыбокую праўду *
і навучыў мяне тайнай мудрасці.
Акрапі мяне ісопам — і буду чысты, *
абмый мяне — і стану бялейшы за снег.
Дай мне пачуць радасць і вяселле, *
і ўзрадуюцца косткі, якія Ты зламаў.
Адвярні аблічча сваё ад грахоў маіх *
і знішчы ўсе мае правіны.
Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа,*
і аднаві ўва мне трывалы дух.
Не адкінь мяне ад свайго аблічча *
і не пазбаў мяне духа Твайго святога.
Вярні мне радасць збаўлення Твайго *
і ўмацуй мяне духам прыхільным.
Навучы няправых шляхам Тваім, *
і бязбожнікі да Цябе вернуцца.
Вызвалі мяне ад крыві, Божа, †
Божа, мой Збаўца, *
няхай славіць язык мой Тваю справядлівасць.
Пане, адкрый мае вусны, *
і вусны мае будуць абвяшчаць Тваю хвалу.
Бо Ты не прагнеш ахвяры, †
усеспаленне, хоць бы даў я, *
Табе не спадабаецца.
Ахвяра Богу — гэта скрушаны дух, *
не пагарджай, Божа, пакорным і прыгнечаным сэрцам.
У сваёй дабрыні будзь ласкавы да Сіёна, *
адбудуй муры Ерузалема.
Тады ўпадабаеш Ты ахвяру справядлівасці, †
прынашэнні і ўсеспаленні, *
і прынясуць цяльцоў на Твой алтар.
Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.
Ант. Узрадуюцца Пану * зламаныя косткі.
2 ант. Пане, уратуй маю душу * ад брамаў пекла.
Песня Іс 38, 10-14. 17-20
Я казаў сабе: «У палове дзён маіх †
я павінен адысці ў брамы адхлані, *
я пазбаўлены рэшты маіх гадоў».
Я казаў: «Не ўбачу я Пана на зямлі жывых, †
не ўбачу больш чалавека *
сярод жыхароў гэтага свету».
Разбяруць маё жыллё і перанясуць ад мяне, *
як шалаш пастуха.
Я павінен адрэзаць, як ткач, сваё жыццё. *
Ён мяне адрэжа ад асновы.
За дзень і да ночы *
Ты скончыш са мною.
Я крычу да світання. *
А Ён, як леў, трушчыць усе мае косткі.
Я пішчу, як ластаўка, †
уздыхаю, як голуб, *
аслаблі мае вочы, гледзячы ўгару.
Ты захаваў маё жыццё ад долу пагібелі *
і за спіну сваю кінуў усе мае грахі.
Бо не адхлань будзе славіць Цябе, *
і смерць не будзе Цябе праслаўляць;
а тыя, хто сыходзіць у магілу, *
не чакаюць праўды Тваёй.
Жывы, толькі жывы ўсхваляе Цябе, †
як і я сёння; *
бацька адкрывае сыну праўду Тваю.
Пане, уратуй мяне, †
і мы будзем спяваць Табе нашыя песні *
ва ўсе дні жыцця нашага ў доме Пана.
Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.
Ант. Пане, уратуй маю душу * ад брамаў пекла.
3 ант. Буду славіць Пана * у сваім жыцці.
Псальм 146 (145)
Буду славіць Пана ў сваім жыцці, *
буду спяваць майму Богу, пакуль існую.
Не спадзявайцеся на вяльможаў, *
ні на чалавека, які не можа ўратаваць.
Калі дух яго пакіне, вяртаецца ў сваю зямлю, *
і ў той дзень знікаюць ягоныя задумы.
Шчаслівы, каму дапамагае Бог Якуба, *
хто спадзяецца на Пана, свайго Бога.
Ён стварыў неба і зямлю, *
мора і ўсё, што ў іх.
Бог навекі захоўвае вернасць. *
Ён справядліва судзіць пакрыўджаных,
хлеб дае пакорным, *
Пан вызваляе вязняў.
Пан адкрывае вочы сляпым, *
Пан узнімае прыніжаных.
Пан любіць справядлівых, *
Пан абараняе чужаземцаў.
Пан сірату і ўдаву падтрымлівае, *
а шлях грэшных скрыўляе.
Пан валадарыць навекі, *
твой Бог, Сіёне, з пакалення ў пакаленне.
Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.
Ант. Буду славіць Пана * у сваім жыцці.
Кароткае Чытанне 1 Тэс 4, 14
Бо калі мы верым, што Езус памёр і ўваскрос, то і памерлых у Езусе Бог прывядзе разам з Ім.
Кароткi рэспансорый
К.: Буду праслаўляць Цябе, Пане, * бо Ты мяне падтрымаў.
Н.: Буду праслаўляць Цябе, Пане, * бо Ты мяне падтрымаў.
К.: Ты ператварыў мой плач у радасць.
Н.: Бо Ты мяне падтрымаў.
К.: Хвала Айцу і Сыну, * і Духу Святому.
Н.: Буду праслаўляць Цябе, Пане, * бо Ты мяне падтрымаў.
Песня з Евангелля
Ант. да песні Захарыі: Я — уваскрасенне і жыццё. * Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. / А кожны, хто верыць у Мяне, / не памрэ ніколі.
Або, у Велікодны перыяд:
Ант. Хрыстус уваскрос і заззяў свайму народу, * які адкупіў сваёй крывёю, / аллелюя.
Песня Захарыі Лк 1, 68-79
Благаслаўлёны Пан, Бог Ізраэля, *
бо наведаў і адкупіў народ свой,
і ўзняў моц збаўлення для нас *
у доме Давіда, слугі свайго.
Як абвясціў спрадвеку *
вуснамі сваіх святых прарокаў,
што збавіць нас ад ворагаў нашых *
і ад рук усіх, хто нас ненавідзіць.
Каб праявіць міласэрнасць да айцоў нашых *
і нагадаць пра святы запавет свой.
Прысягу, якую даў Абрагаму, айцу нашаму,*
дасць нам.
Каб, выбаўленыя з рук ворагаў, *
мы без страху служылі Яму
ў святасці і справядлівасці перад Ім *
ва ўсе дні нашыя.
А ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага будзеш названа, *
бо пойдзеш прад абліччам Пана падрыхтаваць шляхі Яму,
каб даць народу Ягонаму пазнаць збаўленне *
праз адпушчэнне яго грахоў,
дзякуючы сардэчнай міласэрнасці нашага Бога, *
у якой наведаў нас Усход з вышыні;
каб асвятліць тых, *
хто сядзіць у цемры і ў ценю смяротным;
каб накіраваць ногі нашыя *
на шлях спакою.
Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.
Ант. Я — уваскрасенне і жыццё. * Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. / А кожны, хто верыць у Мяне, / не памрэ ніколі.
Або, у Велікодны перыяд:
Ант. Хрыстус уваскрос і заззяў свайму народу, * які адкупіў сваёй крывёю, / аллелюя.
Просьбы
Просім Бога Айца ўсемагутнага, які ўваскрасіў Езуса Хрыста з памерлых і ажывіць нашыя смяротныя целы:
Пане, ажыві нас у Хрысце.
Святы Ойча, пахаваўшы нас праз хрост разам з Тваім Сынам і ўваскрасіўшы ў Ягоным уваскрасенні, удзялі нам радасць новага жыцця,
— каб нават пасля смерці мы заўжды жылі з Хрыстом.
Пане, ажыві нас у Хрысце.
Добры Ойча, Ты даў нам як святы спажытак жывы хлеб, які сышоў з нябёсаў,
— адары нас вечным жыццём і ўваскрашэннем у апошні дзень.
Пане, ажыві нас у Хрысце.
Пане, Ты паслаў анёла суцешыць Твайго Сына падчас агоніі ў садзе Аліўным,
— суцеш нас ласкава сваёй надзеяй у час нашага скону.
Пане, ажыві нас у Хрысце.
Пане, Ты ўратаваў трох юнакоў з агню,
— вызвалі душы памерлых ад пакарання, якое церпяць за грахі.
Пане, ажыві нас у Хрысце.
Божа жывых і памерлых, Ты ўваскрасіў Езуса з мёртвых,
— абудзі памерлых да жыцця і нас разам з Ім адары вечнай славай.
Пане, ажыві нас у Хрысце.
Ойча наш
Малітва
Божа, святло верных і жыццё справядлівых, Твой Сын адкупіў нас сваёю смерцю і ўваскрасеннем, змілуйся над слугой Тваім (Тваёй) N., які жыў (якая жыла) з вераю ва ўваскрашэнне з мёртвых, і адары яго (яе) вечным шчасцем. Праз Пана нашага, Езуса Хрыста, Твайго Сына, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя. Амэн.
Афіцый завяршаецца благаслаўленнем святара або наступным чынам:
Няхай Пан благаславіць нас, абароніць ад усялякага зла і давядзе да жыцця вечнага.
Н.: Амэн.

