Пошук

30.04.2018 13:41   Catholic.by

Гродна, 30 красавіка 2018 г.

Па прыкладу Марыі ўмацоўвацца ў веры і пакліканні з мэтай дасягнення святасці

Вашыя Эксцэленцыі, браты ў святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, дарагя моладзь, браты і сёстры!

1. Святы Айцец Францішак, чытаючы знакі часу і адказваючы на іх, пастанавіў склікаць чарговы, ужо XV, Сінод Біскупаў, прысвечаны моладзі, які адбудзецца 4-28 кастрычніка 2018 г. у Ватыкане. Дэвіз гэтага сусветнага форуму наступнікаў апосталаў – “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”. Гэтым самым Папа звяртае ўвагу на вельмі актуальную праблему жыцця сучаснай моладзі, яе веры і паклікання з мэтай яе як мага хутчэйшага вырашэння.

Вельмі важным з’яўляецца тое, што ў падрыхтоўцы гэтага форуму бярэ ўдзел моладзь. У мінулым годзе яна мела магчымасць выказаць свае меркаванні на тэму Сінода паводле падрыхтаванай Ватыканам анкеты. З 19 па 25 сакавіка г.г. у Ватыкане прайшла перадсінадальная сустрэча моладзі, з удзелам таксама прадстаўніка Беларусі. Беручы пад увагу значэнне гэтай сустрэчы, журналісты назвалі яе “Сінодам моладзі”.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі, адчуваючы пульс сусветнага Касцёла, таксама прысвяціў гэты пастырскі год моладзі. Яго дэвіз – “Моладзь – надзея Касцёла і грамадства”. Сёлетняя сустрэча беларускай моладзі распачалася напярэдадні прысвечанага Марыі месяца мая і завершыцца ў яго першы дзень. Таму лагічна, што яе дэвіз заклікае па прыкладу Марыі жыць у Божай ласцы. Гэты дэвіз адпавядае і тэме сёлетніх Сусветных дзён моладзі, якія праводзяцца ў дыяцэзіях: “Не бойся, Марыя, бо знайшла ты ласку ў Пана” (Лк 1, 30).

Моладзь – гэта надзея Касцёла і свету, казаў св. Ян Павел II. І гэта сапраўды так. Калі ў сям’і ёсць дзеці, то род працягваецца. Калі іх няма, то ён вымірае. Гэта натуральная і ўсім вядомая справа. Падобна адбываецца ў Касцёле і грамадстве. Аднак, як сведчыць штодзённае жыццё, нашы грамадствы старэюць. Сёння Еўропа – гэта не толькі Стары кантынент паводле сваёй гісторыі, але і стары дэмаграфічна. Старэе таксама і Беларусь. У ёй усё менш моладзі, што выклікае непакой аб нашай будучыні.

2. Шукаючы адказу на праблемы сучаснай моладзі, якая заблудзілася ў сучасным свеце, неабходна сказаць, што самай вялікай яе праблемай з’яўляецца крызіс веры. Усё больш маладых людзей адмаўляецца ад веры і жыве так, як быццам Бог не існуе. А калі яшчэ верыць, то верыць у такога бога, які павінен выконваць усе іх патрабаванні. Але такі бог не можа быць сапраўдным Богам.

Нярэдка вера маладых людзей носіць павярхоўны і традыцыйны характар, чаго не дастаткова для адказу на вельмі небяспечныя выклікі сучаснасці.

Падчас Сусветных дзён моладзі ў Рыме ў 2000 годзе св. Ян Павел II падкрэсліў, што сусветны форум моладзі – гэта лабараторыя веры. Пры гэтым ён задаў пытанне: “Чым ёсць вера?” – і сам на яго адказаў, што гэта адказ свабоднага чалавека на скіраванае да яго Божае слова.

Кожны з нас перажывае цяжкасці ў веры і спакусу нявер’я. Адначасова кожны з нас з дапамогаю Касцёла і Божай ласкі можа спазнаць узрастанне ў веры і духоўнае ўдасканаленне. Бо, як кажа св. Ян Павел II, у лабараторыі веры паміж сабой сустракаюцца чалавек і Бог. Уваскрослы Езус уваходзіць у Вячэрнік нашага жыцця і дазваляе кожнаму спазнаць сваю прысутнасць, каб разам са св. Тамашам сказаць: “Хрыстус ёсць мой Пан і мой Бог”.

Мы таксама павінны адчуваць сваю адказнасць за веру ў нашым наваколлі. Неабходна бараніць сучасны свет ад праяўленняў секулярызму, маральнага рэлятывізму і ліберальнага гуманізму. Свет неабходна бараніць ад сучасных Ірадаў, якія імкнуцца знішчыць веру, надзею і любоў. Замест цывілізацыі жыцця і любові яны імкнуцца стварыць цывілізацыю нянавісці і смерці.

Наша заданне – прадставіць Касцёл як прытулак супраць выклікаў нашага часу, асабліва супраць дэхрысціянізацыі, маральнага невуцтва, прыватызацыі веры і спіхвання яе на перыферыю жыцця, а таксама тэндэнцыі жыць так, як быццам Бог не існуе. У такіх абставінах трэба паказаць, што Бог не памёр, не пайшоў у адпачынак ці на пенсію, але жыве і дзейнічае.

3. Асобнай праблемай моладзі з’яўляецца праблема распазнавання паклікання і яго прыняцця. Гаворка ідзе не толькі аб пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця. Гэтая справа больш шырокая, бо гэта таксама пакліканне да сямейнага жыцця.

Яшчэ на Сінодах Біскупаў на тэму сям’і, якія мелі месца ў 2014 і 2015 г.г., падкрэслівалася, што маладыя людзі баяцца адказнасці. У выніку чаго баяцца ўскласці на сябе абавязкі бацькі і маці. Баяцца яны таксама ўступіць на шлях святарскага і манаскага жыцця, што не варожыць добрай будучыні для Касцёла.

4. Што такое пакліканне? Паняцце паклікання вельмі багатае, і яно ўкаранена ў Святым Пісанні, дзе мы можам знайсці шмат прыкладаў, як Бог кліча чалавека да таго ці іншага задання. Гэта пакліканні такіх вялікіх асобаў Старога Запавету, як Абрагам, Самуэль, Давід і многія іншыя. Здаецца, што ў вусны кожнага з іх можна ўкласці словы прарока Ісаі, які на скіраваны да яго заклік Божы сказаў: “Вось я, пашлі мяне”.

У Новым Запавеце мы маем такіх асобаў, як Марыя, якая на Божую прапанову быць Маці Збаўцы адказала: “Так”; св. Юзаф, які, пазнаўшы Божую волю, з радасцю яе прыняў; апосталы, якія пакінулі ўсё і пайшлі за Езусам; св. Павел, які з ганіцеля хрысціян стаў выбранай Божай пасудзінай і апосталам язычнікаў.

Бог і сёння кліча, толькі ў гомане сучаснага секулярызаванага свету далёка не ўсе чуюць Яго голас. У выніку гэтага ў наш час усё больш праяўляецца феномен так званых “непрабуджаных пакліканняў”. Заданне Касцёла – дапамагчы маладому чалавеку іх прабудзіць.

Бог кліча рознымі спосабамі. Праз іншых людзей, бацькоў, святароў і г.д. Ён прамаўляе праз розныя падзеі, у якіх мы павінны бачыць Божую волю. Асаблівым чынам Ён прамаўляе праз заўсёды жывое і дзейснае Божае слова, якое неабходна прыняць не толькі як гістарычную падзею, але і як актуальную. Паслухмяны голасу Бога, чалавек пакідае ўсё і ідзе за Ім.

5. У справе распазнання паклікання неабходна пачуць заклік Бога, які дапамагае адказаць на пытанне, якое ставіць папа Францішак у Пасланні на сёлетні Сусветны дзень моладзі: “Кім я хачу быць?” і “Кім я пакліканы быць?”

Пры гэтым трэба памятаць, што пакліканне нараджаецца з дармовай любові Бога. Езус кажа апосталам, што не яны Яго выбралі, але Ён іх выбраў і паслаў, каб яны ішлі і прыносілі плён і каб іх плён трываў. Гэта азначае, што пакліканне і місія непадзельныя.

Нагадваючы пра пакліканне, неабходна заўважыць, што Бог нікога не змушае, а толькі прапануе. Ён шануе свабоду выбару чалавека і чакае яго адказу. Свабода і пакліканне з’яўляюцца двума асноўнымі аспектамі чалавечага жыцця, якія дапаўняюць адзін аднаго. Свабодны адказ на Божую прапанову з’яўляецца сутнасцю паклікання. Тут праяўляецца таямніца адносін паміж нашай часовасцю і вечнасцю Бога. Хрысціянін павінен не толькі шанаваць Божы дар свабоды, але таксама ўзрастаць у свядомасці таго, што яе мае. Таму на шляху да дасканаласці хрысціянін павінен ведаць, як карыстацца свабодай, бо свабода – гэта не толькі дар, але і адказнасць і нават выклік.

Дасканалым прыкладам свабоднага адказу Богу на Яго прапанову з’яўляецца Марыя. На словы арханёла “не бойся, ты знайшла ласку ў Бога і з цябе народзіцца Збаўца свету”, Яна адказала сваё славутае “Fiat” – “Няхай мне будзе паводле твайго слова”. Гэтым самым Яна выказала сваю гатоўнасць у духу служэння свабодна выконваць Божую волю і стаць Маці Збаўцы.

6. Пакліканне – гэта заклік Бога, які абдымае ўсё жыццё і нясе з сабой усведамленне абавязку і пачуцця атрыманай місіі. Яно вядзе да духоўнай дасканаласці, святасці і апостальства. Радыкалізм хрысціянскага жыцця патрабуе следавання за Хрыстом праз прызнанне першынства Бога ва ўсім.

Хрысціянскае пакліканне пашырае гарызонты нашага жыцця. З вяршыні гары мы бачым далей і перад намі адкрываецца зусім іншая панарама. Таму хрысціянін, асабліва малады чалавек, не павінен заставацца ў жыццёвай даліне і задавальняцца пасрэднасцю. Яму неабходна падняцца на духоўную гару, каб мець новую перспектыву свайго жыцця, найперш у святасці.

7. Вялікім адкрыццём Другога Ватыканскага Сабору з’яўляецца вучэнне аб паўсюдным пакліканні да святасці. Гэтую ідэю вельмі моцна развіў св. Ян Павел II. У Апостальскім пасланні “Novo millennio ineunte” – “Уступаючы ў новае трэцяе тысячагоддзе” – ён падкрэсліў, што перспектывай кожнага чалавека павінна быць святасць. А падчас Сусветных дзён моладзі ў Рыме ў 2000 годзе звярнуўся з пранікнёным заклікам да моладзі: “Не бойцеся быць святымі XXI стагоддзя!”

На праблему паўсюднага паклікання да святасці звярнуў увагу папа Францішак у Апостальскай адгартацыі “Gaudete et Exultate“ – “Радуйцеся і весяліцеся”. У ёй Пантыфік падкрэслівае, што мы становімся святымі, калі жывём евангельскімі благаслаўленнямі. Гэта галоўны шлях да святасці, таму што ён вядзе супраць плыні гэтага свету. Сама ж святасць дасягаецца шляхам простых жэстаў, якія здзяйсняюцца ў адносінах да людзей у штодзённым жыцці.

Паўсюднае пакліканне да святасці пашырае гарызонты штодзённага жыцця. У нашу эпоху неабмежаванае імкненне да багацця і спажывецтва, а таксама пошук імгненнай прыемнасці звужае гарызонты жыцця і паслядоўна пазбаўляе надзеі, у выніку чаго шмат маладых людзей жыве без надзеі. У той жа час надзея на дасягненне святасці, якая актуалізуецца праз усведамленне асабістага паклікання, спрыяе інтэгральнаму развіццю чалавека.

8. Пакліканне да хрысціянства адно, але ў ім існуюць розныя спосабы яго ажыццяўлення: святарства, кансэкраванае жыццё, сужэнства і г.д. Сутнасным з’яўляецца адказ Богу “Так” з падпарадкаваннем Яго волі. Класічны прыклад – малітва Езуса ў Гетсіманскім садзе перад крыжовай смерцю. Тады Ён прасіў свайго Нябеснага Айца адхіліць келіх цярпенняў, які Яго чакаў, але ў той жа час пагаджаўся з Божай воляй. Прыкладам з’яўляецца і малітва “Ойча наш”, калі мы молімся, каб Божая воля была на зямлі, як і ў небе.

Да хрысціянскай супольнасці належаць розныя асобы: мужчыны і жанчыны, свецкія і духоўныя, жанатыя і самотныя, здаровыя і хворыя, людзі розных спецыяльнасцяў і г.д. Аднак усе яны атрымліваюць адзіную духоўную ежу і ўзрастаюць у дасканаласці дзякуючы Божаму слову, малітве, удзелу ў сакрамэнтах, у першую чаргу ў Эўхарыстыі, і г.д.

Усё гэта азначае, што ў хрысціянстве існуе адно правіла для ўсіх: той жа гаршчок, калі так можна выказацца. Кожны бярэ з яго столькі, колькі яму патрэбна, але субстанцыя ежы застаецца той самай. Гэтай ежай з’яўляецца Евангелле, вучэнне Касцёла, сакрамэнты, дабрачыннасць. Пры гэтым кожны мае свой шлях, якім павінен ісці, паддаючыся кіраванню Святога Духа.

Такім чынам, пакліканне дае ўпэўненасць у тым, што мы знаходзімся ў Божых руках і жывём у Яго ласцы, як Марыя.

9. Дарагая моладзь!

Няхай сёлетняя сустрэча стане гродзенскай лабараторыяй веры, у якой вы лепш пазнаеце Бога і сваё пакліканне.

У гэтай лабараторыі веры Касцёл прадстаўляе нам Марыю як прыклад для наследавання. Яна праявіла моцную веру і паслухмянасць Божай волі. Яе “Fiat” – гэта ключ да разумення таямніцы Збаўлення. “Fiat”, якога ад нас чакае Бог, з’яўляецца ключом да шчасця.

Касцёл звяртаецца да вас, моладзь, з заклікам ажыўлення хрысціянскага жыцця праз паслухмянасць веры, пазнання свайго паклікання і жыцця ім з мэтай дасягнення святасці.

Марыя, наша Маці духоўная, Каралева Беларусі, выпрасі ў свайго Сына ласку моцнай веры, каб сучасная моладзь не вагалася плысці супраць цячэння сучасных секулярных тэндэнцый, пазнавала сваё пакліканне і, яго ажыццяўляючы, ішла шляхам да дасканаласці.

Ты ж, дарагая моладзь, давер сябе Марыі і следуй Яе прыкладу, а Бог учыніць вялікія справы табе і праз цябе ўсяму нашаму народу. Амэн.

Абноўлена 30.04.2018 16:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа