Мінскі архікатэдральны касцёл, 31 снежня 2017 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры.
1. Праз паўтары гадзіны стане набыткам гісторыі год Панскі 2017 і мы ўступім у новы 2018. Апошняе набажэнства ў нашай катэдры – гэта адпаведны час засяродзіцца на мінулым і з надзеяй зазірнуць у будучыню.
У краінах, дзе мова базуецца на лацінскай, назвы месяцаў бяруць свой пачатак ад рымскіх, калі кожны месяц мае сваё канкрэтнае значэнне. Так нпр. месяц “сакавік” на лацінскай мове “martius”, на рускай “март”, азначае бога вайны. “Май” – на лацінскай “maius” – паходзіць ад багіні Мая. Месяцы верасень, кастрычнік, лістапад і снежань на лаціне “september, october, november, december” паходзяць ад нумараў сем, восем, дзевяць і дзесяць у лацінскім варыянце.
Аднак першы месяц года “студзень”, на лаціне “januarius”, мае спецыфічнае значэнне. Ён паходзіць ад імені рымскага бога Януса, які прадстаўляецца з двума тварамі: маладым, накіраваным у будучыню, і старым, накіраваным у мінулае. Гэта двухаблічны бог пачатку і канца.
Лацінскае слова “janua” азначае “дзверы” або “акно”, праз якія чалавек можа глядзець у двух напрамках – перад сабай і за сабой. Гэта вельмі сімвалічна, бо ў момант, калі завяршаем стары год і распачынаем новы, мы азіраемся назад і заглядваем у будучыню.
2. Касцёл у гэты час заклікае нас з удзячнасцю паглядзець на мінулае і з надзеяй – у будучыню. Характэрным у гэтым сэнсе з’яўляецца Евангелле пра смакоўніцу, якая шмат гадоў не пладаносіла. Гаспадар хацеў яе ссячы, бо толькі займала зямлю без усялякага сэнсу. Садоўнік жа прасіў яго яе пакінуць, бо ён хацеў яе даглядаць далей з надзеяй, што ў будучыні яна будзе пладаносіць.
Палітыкі, эканамісты, вучоныя, дзеячы культуры і г.д. ужо ацанілі год, які завяршаецца, аб чым шмат гаворыцца ў сродках масавай інфармацыі. Адны яго ацэньваюць як вельмі паспяховы, іншыя – як не вельмі ўдалы, яшчэ іншыя – як благі.
І сапраўды, у многіх краінах Еўропы назіраецца эканамічны пад’ём, але ў той жа час вялікай праблемай з’яўляюцца палітычныя і міграцыйныя крызісы. Са шматлікіх праблем, якія турбуюць наша беларускае грамадства, адной з найбольш актуальных і балючых стала сацыяльна-палітычная праблема так званых “дармаедаў”.
3. З касцёльнага пункту гледжання 2017 год упісаўся ў гісторыю нашай краіны як год святкавання юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, якія ў часы ганенняў на веру сталі надзеяй нават насуперак надзеі на яе адраджэнне, што мы цяпер перажываем, хаця гэты працэс нялёгкі, вельмі складаны.
Выключна важным было святкаванне юбілею 500-годдзя выдання Бібліі Скарыны, як кнігі духоўнага жыцця. Гэта падзея заклікае нас у новых абставінах не сядаць у набіраючы хуткасць цягнік секулярызму, але заставацца ў сваім жыцці вернымі прынцыпам Евангенлля.
Год, які завяршаецца, увойдзе ў гісторыю як год, у якім у Мінску адбылася неардынарная падзея – Пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, якое стала выразам павагі Касцёла ў Еўропе да Касцёла ў Беларусі і да нашай краіны, а таксама паказала здольнасць нашага Касцёла праводзіць такія маштабныя мерапрыемствы.
Немалаважнае значэнне мае кананічнае ўстанаўленне Капітула мінскай катэдры, якое на самой справе стала адраджэннем былой, перапыненай атэістычным рэжымам, традыцыі.
4. Разважаючы пра мінулае ў маштабе свету, Еўропы і краіны, неабходна таксама паглядзець і на наша асабістае жыццё. Для гэтага нам неабходна спытаць сябе саміх: “Што я рабіў у мінулым годзе? Напэўна, я быў вельмі заняты, але якіх вынікаў дасягнуў?” Адказваючы на гэтыя і падобныя пытанні, мы звяртаемся да нашай памяці і ўзгадваем, як шмат зрабілі і дасягнулі.
Але ці мы пытаемся саміх сябе, чаго мы не дасянулі, а маглі б дасягнуць? Асабліва ў духоўнай галіне, калі не змагаліся са сваімі грахамі і злымі звычкамі? Найчасцей мы гэтага не хочам памятаць.
Таму, вяртаючыся да вобразу няплоднай смакоўніцы, мы павінны прызнаць, што не прынеслі такога духоўнага плёну, якога ад нас чакаў Бог на пачатку года, які завяршаецца. Бог хоча, каб хрысціяне прыносілі плён, а не былі духоўна стэрыльнымі. Калі мы гэтага не чынім, то ў вачах Бога становімся бясплоднымі дрэвамі, якія растуць у Божым садзе і якія не могуць нічога Яму прапанаваць, калі Ён прыйдзе.
5. Езус у Евангеллі падкрэслівае, які лёс чакае бясплоднае дрэва: яго ссякаюць, каб не займала зямлі. Бог сёння глядзіць на нас і кажа: “Чалавек, паглядзі, колькімі ласкамі Я цябе адарыў, а ты іх не выкарыстаў!”
Аднак у такой сітуацыі наперад выходзіць садоўнік, якім ёсць Міласэрны Езус, і кажа: “Ойча, дай ім новы шанс! Паглядзі, яны маюць магчымасць духоўна аднавіцца і прынесці плён!” І Бог слухае свайго Сына і дае нам новы шанс, які распачнецца з боем гадзінніка на Мінскай ратушы, пад які мы атрымаем благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
Хрыстус не пакідае нас адных, але заўсёды працягвае руку дапамогі. Нам толькі неабходна схапіцца за яе. На парозе новага года Ён нам кажа, што ізноў адорыць нас сваімі ласкамі і міласэрнасцю.
6. З гэтай надзеяй, што мы не адны, але з намі Езус, мы ўваходзім у новы 2018 год, які ў пастырскай праграме Касцёла ў Беларусі будзе Годам моладзі як надзеі Касцёла і грамадства.
Наш Касцёл і Беларусь павінны быць маладымі, найперш маладосцю духу і жывой верай. А гэта будзе, калі мы не будзем марна растрачваць Божую ласку, калі Божае слова стане нашым штодзённым хлебам, а вучэнне Касцёла – жыццёвым компасам.
Бог дае нам новы шанс, выкарыстаем яго, каб Яго слова, вучэнне Касцёла, сакрамэнтальнае жыццё і справы міласэрнасці ўчынілі нас зялёнымі пладаноснымі смакоўніцамі, якія ў новым 2018 годзе прынясуць багаты духоўны плод. Амэн.