Мінская парафія Св. Яна Хрысціцеля, 30 снежня 2017 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагія дзеці!
1. Мы адзначаем час Божага Нараджэння, падчас якога разважаем пра таямніцу прышэсця Сына Божага ў свет у вобразе чалавека. Мы спяваем прыгожыя калядкі і ідзём да ясляў, каб пакланіцца Збаўцу свету, які прыйшоў у яго ў вобразе малога бездапаможнага дзіцяці.
Таму, дарагія дзеці, Езус, якога мы часта бачым на абразах як дарослага чалавека, таксама быў малым, быў падобным да вас, але адначасова Ён прыйшоў у гэты свет як Божы Сын.
2. Гэты аспект вельмі добра падкрэслівае сённяшняе Евангелле, якое прадстаўляе ахвяраванне Езуса ў Ерузалемскай святыні. Паводле закону Майсея, па прашэсці сарака дзён ад нараджэння першароднага сына бацькі павінны былі прынесці яго ў святыню і ахвяраваць Богу. Марыя з Юзафам гэта зрабілі.
Натхнёныя Святым Духам, іх там сустрэлі старац Сімяон і прарочыца Ганна, якая прадказала будучыню Езуса. Евангелле кажа, што яна была жанчынай ва ўзросце 84 гадоў, дзень і ноч праводзіла ў малітве і посце.
Малітва і пост учынілі Ганну сведкай вялікіх Божых спраў. Яна прыгадвае нам аб тым, што можа быць шмат шляхоў служэння Богу, з якіх малітва з’яўляецца найбольш эфектыўным. Маліцца – азначае служыць Богу, ахвяраваць сябе Яму. Такое служэнне Богу ўмацоўвае нас у сведчанні аб прысутнасці Бога сярод нас.
Ганна ў пэўным сэнсе была і прапаведніцай, бо распавядала пра Немаўлятка Езуса ўсім, хто знаходзіўся ў той час у Ерузалемскай святыні.
Евангелле таксама нагадвае пра старца Сімяона, які доўга чакаў нараджэння Збаўцы. Ён рэгулярна наведваў Ерузалемскую святыню і паддаваўся ўплыву Святога Духа. Таму, убачыўшы прынесенае Марыяй і Юзафам Немаўлятка, у Ім пазнаў Збаўцу і так узрадаваўся, што нават быў гатовы сысці з гэтага свету ў супакоі.
Сімяон і Ганна, як людзі моцнай веры, якімі кіраваў Святы Дух, пад Яго дзеяннем распазналі ў Немаўляці, якога прынеслі Марыя з Юзафам, Збаўцу свету.
3. Іх сустрэча – гэта сустрэча трох пакаленняў: маладога, старога і толькі што народжанага.
Маладая пара Марыі і Юзафа з Немаўляткам Езусам у святыні сустракаюць значна старэйшых Сімяона і Ганну. Гэтая сустрэча стала крыніцай благаслаўлення для ўсіх яе ўдзельнікаў. Маладое пакаленне атрымала благаслаўленне ад старэйшага, якое, у сваю чаргу, атрымала благаслаўленне ад маладога.
Прыказка кажа, што маладое пакаленне можа хутчэй хадзіць, але старое лепей ведае дарогу. Таму моладзь з’яўляецца надзеяй і натхненнем старэйшых людзей, досвед якіх можа служыць крыніцай стабільнасці для маладых.
4. Усё гэта нагадвае пра тое, што старэйшае і малодшае пакаленні павінны быць разам, бо кожнае з іх мае што ахвяраваць адно аднаму. А пакаленне, якое знаходзіцца паміж імі, гэта азначае дзеці, дапамагае аб’яднаць старэйшых і малодшых. Гэта і ёсць галоўнае заданне сям’і, якая павінна быць школай выхавання маладога пакалення і супольнасцю любові паміж людзьмі розных пакаленняў.
Таму вельмі добра, што сёння ў гасціннай парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы традыцыйна збіраюцца бацькі, дзядулі і бабулі разам з дзецьмі на супольную аплатку, якую папярэджвае святая Імша. Такая практыка вучыць дзяцей малітве і нашым традыцыям святкавання Божага Нараджэння.
Найбольшае шчасце бацькоў і старэйшага пакалення – бачыць дзяцей, якія ідуць тым шляхам, якому яго яны навучылі.
Няхай жа сённяшняе набажэнства, прыклад старца Сімяона і прарочыцы Ганны дапамогуць усім нам, і асабліва дзецям, на малітве служыць Богу, каб ісці па жыцці Божым шляхам і быць Яго сведкамі ў сучасным свеце. Амэн.