Пошук

24.12.2017 23:50   Catholic.by

Мінскі архікатэдральны касцёл, 24 снежня 2017 г.

Дарагія браты і сёстры,
cённяшняя літургія дазваляе нам сузіраць вачыма веры таямніцу Божага Нараджэння. У Богу, які для нас становіцца чалавекам, кожны можа адчуць сябе любімым і прынятым, убачыць, наколькі з’яўляецца каштоўным і адзіным у вачах нашага Створцы і Збаўцы. Каб лепш зразумець, чаму Бог пажадаў стаць чалавекам дзеля нашага збаўлення, хачу падзяліцца з вамі гісторыяй, якую напісаў Бруно Ферэро.

Жыў адзін чалавек, які лічыў Божае Нараджэнне незразумелай байкай. Ён быў ветлівым і сціплым, любячым сваю сям’ю і сумленным у адносінах з іншымі. Але ён не здолеў паверыць у таямніцу Уцелаўлення, а будучы чалавекам сумленным, не жадаў прыкідвацца, што верыць. Аднойчы ў вігілію Божага Нараджэння яго жонка з дзецьмі збіраліся на святую Імшу апоўначы. “Мне вельмі шкада, але я не паеду з вамі, – сказаў ён. – Я не магу зразумець, што азначае, што Бог стаўся чалавекам. Таму застануся дома і буду чакаць вас, каб пасля разам выпіць гарачай гарбаты”.

Яго сям’я ад’ехала на машыне, пачынаў падаць снег. Чалавек падышоў да акна і глядзеў, як снег станавіўся ўсё больш густым і цяжкім. “Праўдзівыя Каляды са снегам!” – падумаў ён. Пасля вярнуўся ў сваё крэсла ля каміна і пачаў чытаць кнігу. Праз некалькі хвілін ён быў здзіўлены глухім стукам, які паўтараўся.

Ён падумаў, што нехта забаўляецца, кідаючы снежкі ў вокны гасцінай. Калі чалавек падышоў да дзвярэй, каб зразумець, што адбываецца, то ўбачыў чараду птушак, якія ў снежнай буры адчайна шукалі ціхага месца. Летучы на святло акна, яны ўдараліся ў шкло, а некаторыя з іх, аглушаныя, падалі на зямлю.

“Я не магу дапусціць, каб гэтыя небаракі замерзлі на снезе, – падумаў ён. – Але як ім дапамагчы?”

Ён успомніў пра стары склад, які мог бы забяспечыць птушкам цёплы прытулак. Чалавек надзеў паліто і боты і патупаў па снезе ў кірунку склада. Адчыніў шырока дзверы і ўключыў святло. Але птушкі не заляталі туды.

“Трохі ежы прыцягне іх”, – падумаў ён. Паспяшаўся дадому, узяў хлеб і, крышачы яго, зрабіў шлях да адрыны. Але птушкі не звярталі ўвагу на хлебныя крошкі і працягвалі мітусіцца ў буры.

Чалавек пачаў махаць рукамі, каб прыцягнуць увагу, але чарада, спалохаўшыся, разляталася ва ўсіх напрамках, толькі не ў цёплы і асветлены прытулак.

“Яны бачаць мяне як дзіўную і жахлівую істоту, – сказаў ён. – Я яшчэ больш напалохаў іх. Як паказаць ім, што яны могуць давяраць мне?” Дзіўная думка ўразіла чалавека: “Калі б толькі я мог быць на працягу некалькіх хвілін птушкай, магчыма, я мог бы прывесці іх у бяспечнае месца”.

Менавіта ў гэты момант зазванілі касцёльныя званы. Чалавек застыў у цішыні, слухаючы іх звон. Потым ён упаў на калені на снег. “Зараз я разумею, – прашаптаў ён. – Зараз я ведаю, чаму Ты павінен быў зрабіць гэта, чаму Ты ўцелавіўся”.

Дарагія браты і сёстры, я шчыра веру ў тое, што сёння мы тут знаходзімся таму, што спазналі бязмежную любоў Бога да нас, але колькі ёсць людзей, такіх, як гэты чалавек з апавядання, якія яе яшчэ не разумеюць, якія падыходзяць да яе скептычна і з насмешкай.
А Бог і сёння працягвае стукацца ў кожнае сэрца.

Няхай радасць гэтай ночы адновіць у нас жаданне “стукацца” ў Імя Хрыста ў сэрцы нашых бліжніх. Дазволім Богу дзейнічаць праз нас. Амэн.

Абноўлена 26.12.2017 10:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.