Ляскоўка, 14 снежня 2017 г.
Глыбокапаважаныя кіраўнікі і супрацоўнікі Нацыянальнага і дыяцэзіяльных дабрачынных арганізацый “Карытас” Беларусі.
1. Па добрай традыцыі ў чарговы раз мы сустракаемся ў Адвэнт у гасцінным цэнтры “Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Ляскоўцы пад Мінскам.
Падчас гэтай сустрэчы мы супольна молімся, дзякуем Богу за каляндарны год, які завяршаецца, прадстаўляем свае дасягненні і планы на будучыню, дзелімся вопытам служэння ў розных кутках нашай Бацькаўшчыны, складаем віншаванні з надыходзячымі святамі Божага Нараджэння і Новага года, а таксама дзелімся традыцыйнай аплаткай.
2. Карыстаючыся гэтай нагодай, мы звяртаемся да Божага слова і разважаем нам тым, што яно нам сёння кажа, да чаго заклікае і якія высновы мы можам з яго зрабіць.
У першым чытанні, узятым з Кнігі Ісаі, гэты адвэнтавы евангеліст недвухсэнсоўна звяртаецца да Выбранага народа з заклікам не баяцца, бо Бог дапаможа яму цярпенні перамяніць у радасць. Гэты заклік актуальны і ў наш час, калі свет напоўнены шматлікімі выклікамі і праблемамі. Як бачна, свет не можа іх вырашыць сваімі сіламі. Тады надзея застаецца толькі на Бога, як гэта шмат разоў пацвердзіла гісторыя.
У Евангеллі Езус праслаўляе гераізм св. Яна Хрысціцеля. Ён, знаходзячыся ў вязніцы, паслаў двух сваіх вучняў да Езуса, каб спыталі Яго, гэта Ён доўгачаканы Месія ці трэба чакаць іншага. У адказ Езус сказаў ім, што тое, што яны бачаць і чуюць, і цуды, якія Ён чыніць, сведчыць б тым, што Ён Месія. Пасля таго, як вучні Яна адыйшлі, Ёзус даў сведчанне аб ім.
Яно было патрэбна не толькі для таго, каб узвялічваць Ян Хрысціцеля, але таксама каб людзі памяталі аб ім і аб яго вучэнні, што часта і вельмі хутка забываецца.
З гэтай мэтай Езус выразна пытаецца ў сваіх слухачоў: “На што вы выйшлі ў пустыню глядзець? На трасціну, якую вецер хістае? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? На прарока? Ён больш, чым прарок. Ён той, які пасланы падрыхтаваць Мне дарогу”.
Гэтым самым Езус падкрэсліў, кім на самой справе быў св. Ян Хрысціцель. У сваім вучэнні ён быў вельмі паслядоўным і цвёрда трымаўся Божага закону. Менавіта таму Езус кажа, што ён не падобны да трасціны, якая калыхаецца на ветры, бо публічна выказваў сваё меркаванне аб грэшніках і не баяўся нават сказаць праўду Іраду пра яго грэх. За што і паплаціўся сваім жыццём.
Святы Ян Хрысціцель вёў аскетычны лад жыцця. Апранаўся не ў мяккія адзенні, а ў адзенні з вярблюжай воўны, еў саранчу і дзікі мёд. Але яго навучанне было такім моцным і так глыбока закранала сэрцы людзей, што яны цэлымі натоўпамі ішлі за ім. Галоўнай рысай яго вучэння быў заклік да навяртання і падрыхтоўкі дарогі прыходзячаму Збаўцу.
3. Езус завяршае сённяшняе Евангелле заклікам: “Хто мае вушы, няхай слухае”.
Гэты заклік актуальны і ў наш час. Таму, услухоўваючыся ў яго, мы павінны ўчыніць усё магчымае, каб вярнуць Богу належнае Яму месца ў нашым жыцці ў часы, калі людзі ўсё часцей жывуць, як быццам Бога няма, кіруюцца сваім чалавечым законам і адкідваюць Божы, што з’яўляецца прычынай з’яўлення шматлікіх крызісаў.
Каб дасягнуць гэтай мэты, неабходна новая евангелізацыя, калі Божае слова абвяшчаецца новымі спосабамі і на зразумелай сучаснаму чалавеку мове. Калі мы кажам, што Евангелле неабходна абвяшчаць новымі метадамі, то найчасцей думаем пра сучасныя медыя. Гэта праўда, і Касцёл у Беларусі стараецца іх выкарыстоўваць як мага шырэй. Зусім нядаўна адбылося адкрыццё электроннага варыянта Літургіі гадзін. Гэта сапраўды вельмі даступны, асабліва для моладзі, новы спосаб малітвы і абвяшчэння Божага слова.
4. Сярод новых спосабаў абвяшчэння Добрай Навіны асаблівае месца займае стары, вядомы з першых стагоддзяў хрысціянства, і адначасова заўсёды новы, якім з’яўляецца дабрачыннасць. Аб гэтым вельмі добра сведчаць Дзеі апосталаў і пачаткі гісторыі Касцёла.
Менавіта тады дабрачыннасць стала адным з найбольш эфектыўных спосабаў абвяшчэння Божага слова. Застаецца яна такой і сёння, у XXI стагоддзі, якое пазначана шматлікімі выклікамі, у тым ліку і беднасцю з яе новымі, раней не спатыканымі праяўленнямі.
Езус папярэджваў, што заўсёды будзем мець бедных. І сапраўды, яны ёсць не толькі ў бедных краінах, але і ў вельмі багатых. Праблема сацыяльнай справядлівасці не вырашана да канца, і яна з’яўляецца прычынай гэтага феномену чалавечага жыцця. Свет удасканальваецца і багацее, але адначасова з-за сацыяльнай несправядлівасці застаецца бедным.
У апошнія часы з’явіўся новы сур’ёзны выклік, якім з’яўляецца міграцыя, з якой не можа даць сабе рады нават багатая і сытая Еўропа. Гэты выклік яшчэ не так моцна закрануў Беларусь, але ніхто не можа даць гарантыі, што не закране ў найбліжэйшы час.
Гэта парадоксы нашага часу, на якія дапамагае адказаць “Карытас” праз сваё бескарыслівае служэнне патрабуючым. Гэтым самым ён як быццам ажыццяўляе заклік прарока Ісаі з сённяшняга першага чытання не баяцца, бо Бог прыйдзе з дапамогай.
Прарок Ісая кажа, што прыніжаныя і ўбогія шукаюць вады, і няма яе. Язык іх сохне ад смагі. Але Бог іх не пакіне. І не пакідае. Тры пакаленні падчас ганенняў наш народ быў моцна абмежаваны ў доступе да вады Божай ласкі. Але Бог нас выслухаў, і фацімскае прароцтва, юбілей 100-годдзя якога мы адзначаем у гэтым годзе, ажыццяўляецца.
Касцёл атрымаў свабоду веравызнання, каб сваёй дзейнасцю напаіць людзей жыватворчай вадой Божай ласкі. Але Касцёл атрымаў свабоду веравызнання і для таго, каб напаіць і накарміць патрабуючых, маргіналаў, тых, хто знаходзіцца ў крытычнай жыццёвай сітуацыі. Ажыццяўляючы гэтае заданне, “Карытас” дапамагае не толькі матэрыяльна, але і духоўна, бо многім людзям адкрывае вочы на Бога і Яго міласэрнасць. Ваша служэнне дапамагае таксама і нараджэнню Езуса Ягонай ласкай у сэрцах людзей, якія страцілі надзею. Умацоўвае яно і веру супрацоўнікаў дабрачыннасці.
Адна гісторыя распавядае пра тое, як у ноч Нараджэння Езуса да вогнішча, каля якога грэўся пастух, прыйшоў нейкі чалавек і голымі рукамі пачаў класці гарачыя вуглі ў крысо свайго плашча. Убачыўшы незнаёмца, пастух здзівіўся, што сабакі не брэшуць. Ён кінуў у яго сваім пастырскім кіем, але той праляцеў побач. “Што за ноч!” - усклінуў ён. Агонь не абпальвае, сабакі не брэшуць і кій ляціць не ў той бок, у які ён яго кінуў.
Пастух устаў, пайшоў за незнаёмым чалавекам і прыйшоў у стайню, у якой убачыў немаўлятка. Тады ён зразумеў, што незнаёмы чалавек браў гарачыя вуголлі, каб абагрэць нованароджанае дзіцятка. Ён зняў з сябе цёплы кажух і накрыў ім немаўлятка. Пасля гэтага вачыма душы ў ім убачыў Нованароджага Збаўцу.
Дарагія супрацоўнікі “Карытас”, з любоўю ідзіце да патрабуючых, накрывайце іх кажухамі вашай міласэрнай любові, і Езус стане больш бачным у нашым грамадстве. Амэн.