Мінск, касцёл свв. Сымона і Алены, 25 лістапада 2017 г.
Вашыя Эксцэленцыі, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі іншых канфесій, студэнты Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля, браты і сёстры!
1. Божы Провід дазваляе нам сёння стаць сведкамі надзвычайнай падзеі – прэзентацыі першага поўнага рыма-каталіцкага выдання Новага Запавету на сучаснай беларускай мове. Яно падрыхтавана Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і выдадзена выдавецтвам “Про Хрысто”, якім выказваю сваю сардэчную падзяку.
Да гэтага часу было здзейснена некалькі перакладаў Святога Пісання на беларускую мову, за што мы ўдзячныя тым, хто гэта рабіў. Тут найперш трэба ўспомніць святароў Адама Станкевіча, Вінцэнта Гадлеўскага, Пятра Татарыновіча, Уладзіслава Чарняўскага і іншых, у тым ліку праваслаўных і свецкіх. Яны былі першапраходцамі і гэтым самым рыхтавалі сённяшнюю падзею, бо гэтае выданне Новага Запавету, якое зусім нядаўна ўбачыла свет, з’яўляецца яго першым поўным афіцыйным выданнем у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі.
Беручы пад увагу адсутнасць распрацаванай біблійнай тэрміналогіі на беларускай мове, пераклад з’яўляецца складаным творчым працэсам. Таму, акрамя яго прызначэння для рэлігійных мэтаў, ён духоўным зместам таксама ўзбагачае беларускую культуру.
Выданне Новага Запавету на беларускай мове прысвечана юбілею 500-годдзя беларускага кнігадруку. Пяць стагоддзяў таму наш славуты зямляк Францішак Скарына выдаў Біблію на старабеларускай мове. Таму сённяшні сімпозіум “Божае слова 1517–2017” вельмі добра ўпісваецца як у нацыянальнае, так і ў сусветнае святкаванне гэтага юбілею.
Прыкметна, што Беларуская Праваслаўная Царква ў гэтым годзе таксама выдала Новы Запавет. Пратэстанцкія супольнасці нашай краіны адзначаюць юбілей Бібліі Скарыны рознымі выданнямі і адмысловымі мерапрыемствамі. Усё гэта нагадвае аб тым, што ў нашай краіне гучыць юбілейная міжхрысціянская сімфонія заўсёды актуальнага і дзейснага Божага слова (пар. Гбр 4, 12).
За ўсё гэта мы павінны дзякаваць Богу, які ў сваім невымоўным Провідзе праз ажыццяўленне фацімскіх абяцанняў Марыі, 100-годдзе якіх мы адзначаем у гэтым годзе, прывёў нас да сённяшняга дня.
2. Вера ад слухання, кажа св. апостал Павел (пар. Рым 10, 17). Каб мець магчымасць слухаць, найперш неабходна абвяшчаць. А каб гэта чыніць, трэба ведаць, што мы хочам абвяшчаць. А каб ведаць, неабходна пазнаваць. А каб пазнаваць, неабходна мець крыніцу, з якой мы можам пазнаваць.
Гэта прапісная, вядомая ўсім ісціна. Бо калі мы чагосьці не маем, то не зможам даць іншым. А калі чагосьці не ведаем, то таксама не зможам таго перадаць іншым.
Сярод існуючых у свеце крыніц пазнання асаблівае месца займае Святое Пісанне. Гэта не толькі і не столькі гістарычны дакумент ці літаратурны шэдэўр, як найперш адна з крыніц нашай веры разам з Традыцыяй. Нездарма св. апостал Ян кажа, што “абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё, якое было ў Айца і аб’явілася нам, – тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам, каб і вы мелі еднасць з намі. А нашая еднасць ёсць з Айцом і Сынам Ягоным, Езусам Хрыстом” (1 Ян 1, 2-3).
3. Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што “праз боскае аб’яўленне Бог пажадаў паказаць і перадаць самога сябе, а таксама вечныя пастановы сваёй волі адносна чалавечага збаўлення” (DV 6). Таму Святое Пісанне – гэта не што іншае, як мова Бога. Святы Антоні, пустыннік, аднойчы атрымаў ліст ад імператара. Ягоныя вучні вельмі ганарыліся тым, што іх настаўніка так паважае сам імператар, што паслаў яму ліст. На што Антоні адказаў, што, высока цэнячы ліст імператара, ён непараўнальна больш цэніць Божы ліст, якім з’яўляецца Святое Пісанне.
Перад сваім Унебаўшэсцем Езус наказаў апосталам, а праз іх Касцёлу, няспынна абвяшчаць Божае слова: “Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога” (Мц 28, 19). Касцёл верна выконвае гэта заданне, сведчаннем чаму з’яўляецца і сённяшняя падзея.
У часы ганенняў на веру было вельмі цяжка знайсці кнігі Святога Пісання. Рызыкуючы, людзі перавозілі яго праз мяжу. Рызыкуючы, таксама чыталі і пераказвалі адзін аднаму. Тады Святое Пісанне сапраўды было вельмі пажаданай і цяжкадаступнай кнігай. Сёння мы жывём у зусім іншай сітуацыі і свабодна можам карыстацца Бібліяй і іншымі святымі кнігамі.
Праблема заключаецца ў тым, што не дастаткова іх мець. Іх трэба чытаць і вывучаць, каб пазнаць Божую праўду. Нездарма св. Геранім кажа, што той, хто не ведае Святога Пісання, не ведае і Хрыста (пар. https://www.verbum-christi.com/2017/07/16).
4. Адзін мудрэц сказаў, што ў свеце існуе толькі адна кніга – Біблія, усе іншыя годныя называцца кнігамі настолькі, наколькі адпавядаюць Бібліі. Таму сённяшняя падзея заклікае нас адказаць на пытанне: якое месца ў нашым жыцці займае Божае слова?
Прарок Ісая параўноўвае Божае слова з вадой, якая падае з неба: “Як дождж і снег зыходзяць з неба і туды не вяртаюцца, а напойваюць зямлю і робяць яе здольнаю радзіць і вырошчваць, каб яна давала насенне таму, хто сее, і хлеб таму, хто есць, так і слова Маё, якое зыходзіць з вуснаў Маіх, – не вяртаецца да Мяне марным, а выконвае тое, што Мне заўгодна, і здзяйсняе тое, на што Я паслаў яго” (Іс 55, 10-11).
Усё гэта азначае, што Божае слова – гэта як быццам вада, без якой няма жыцця, якая поіць зямлю і якая дае ёй магчымасць прыносіць плён. Таксама і мы ў нашым жыцці не будзем прыносіць плёну, калі не будзем піць гэту ваду і разважаць над Божым словам.
У прыпавесці пра сейбіта Езус параўноўвае Божае слова з зернем. Некаторыя зярняты ўпалі пры дарозе, і птушкі іх падзяўблі. Другія ўпалі на камяністае месца, дзе было мала зямлі, хутка прараслі, аднак, калі ўзышло сонца, то засохлі, бо не мелі каранёў. Іншыя ўпалі сярод церняў, якія іх заглушылі. Яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі добры плён (пар. Мц 13, 3-8).
У гэтай прыпавесці Езус паказвае, што адбываецца з Божым словам у нас. Бог сее і чакае, што кожнае зерне прынясе плён, але не заўсёды так адбываецца. Езус указвае на прычыны такой з’явы. Злы дух можа скрасці пасеянае ў сэрцы чалавека Божае слова. Часам чалавек ахвотна яго прымае, але не мае ў сабе кораня, нясталы і хутка паддаецца спакусам. Бывае, што турботы гэтага свету заглушаюць Божае слова і яно не прыносіць плёну (пар. Мц 13, 18-22).
Цікава, што ва ўсіх гэтых выпадках гаворка ідзе аб тых, хто чытаў Біблію і атрымаў Божае слова, але чамусьці яно не прыносіць плёну. Гэта азначае, што мы яго не вывучаем. Як мы можам жыць па-хрысціянску і выконваць Божую волю, калі не ведаем, чаго Бог ад нас хоча?
Адсутнасць вывучэння Святога Пісання з’яўляецца галоўнай прычынай таго, што наша вера слабее.
5. Францішак Скарына выдаў Біблію не для таго, каб стаць слаўным першадрукаром, але для таго, каб людзі яе чыталі і такім чынам пазнавалі Божы закон і паводле яго жылі. Біблія Францішка Скарыны дала магчымасць Богу сеяць сваё слова на нашай зямлі на зразумелай людзям мове пяць стагоддзяў таму.
Сёння Касцёл працягвае гэту традыцыю. Выдаючы Новы Запавет, ён становіцца Божым сейбітам і Скарынам нашага часу. Гэтым самым дае магчымасць сучаснаму духоўна хвораму чалавеку браць з яго лекі для душы і цела, як кажа наш першадрукар.
Беларусь належыць да славянскіх народаў. А славянін – гэта чалавек слова, і ён найперш павінен быць чалавекам Божага слова. Яго нам 500 гадоў таму даў Францішак Скарына і сёння дае Касцёл.
Выказваю надзею, што першае поўнае афіцыйнае каталіцкае выданне Новага Запавету будзе спрыяць лепшаму вывучэнню Божага слова і яго ўспрыняццю, каб яно прынесла як мага большы плён з мэтай духоўнага перамянення чалавека.
Дзякую за ўвагу.
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
1. II Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Божае аб’яўленне “Dei verbum” (DV).
2. пар. https://www.verbum-christi.com/2017/07/16.