Пошук


06.11.2017 16:45   Catholic.by

4 лістапада 2017 г., Пінск, катэдральны касцёл

Аблучыны азначаюць прыняцце духоўнага адзення. Хоць чалавек, прымаючы сутану, яшчэ не становіцца святаром, для свету і людзей ён ужо з’яўляецца знакам прыналежнасці да духоўных асобаў. Многія людзі, сустракаючы асобу ў сутане, вітаюцца па-хрысціянску, праслаўляючы Хрыста. Дзякуючы сутане асоба становіцца для свету бачным знакам прыналежнасці да Бога.

Святары носяць сутану чорнага колеру. Хоць вядома, што ў першыя чатыры стагоддзі хрысціянства такога звычаю не было. Тады ўсе мужчыны насілі доўгія адзенні – тунікі. Калі ж прыйшла мода на кароткае адзенне, святары захавалі звычай нашэння тунікі. Такім чынам яны вылучыліся як асобная група людзей. Другі Брагскі сабор у 572 годзе дае прадпісанне духоўным асобам, якія выходзяць са свайго дому, апранаць адзенне, якое адрознівае іх ад свецкіх асобаў.

Гісторыя сутаны як адзення святара даволі багатая. У ХVI-XVIII стст. нашэнне сутаны акрэслівалася словам «рэвэрэнда». Гэта звычай нашэння доўгіх адзенняў. Такое адзенне насіла таксама шляхта – доўгія жупаны, пасы і капюшоны. Канчаткова сутана як адзенне святара сфармавалася ў ХVII-XVIII стагоддзях. Колер сутаны сфарміраваўся ў залежнасці ад іерархічнага становішча. Папа Рымскі меў белы колер адзення, кардыналы – чырвоны або пурпуравы, біскупы – фіялетавы, а святары – чорны.

Звычайна чорны колер атаясамліваецца з жалобай і сумам, але ў выпадку духоўнай асобы гэты колер мае іншае сімвалічнае значэнне. Чорная сутана нагадвае святару, што ён выбірае смерць для прыемнасцяў гэтага свету. Чорны колер азначае адмову ад стракатых колераў. Гэта значыць, адмову ад таго, што нясе свет, з яго бляскам, пасадамі і забавамі.

Важным элементам адзення духоўнай асобы з’яўляецца белая каларатка. Часамі некаторыя людзі задаюць пытанне: «Чаму белы кавалак тканіны пад шыяй называюць калараткай, хаця ён не каляровы?» Слова «каларатка» паходзіць ад лацінскага collare – гэта значыць «нашыйнік». Белая каларатка на шыі духоўнай асобы павінна нагадваць пярсцёнак і нашыйнік – нашы заручыны з Хрыстом і Касцёлам, а таксама перадачу нашай свабоды Хрысту і дазвол Яму кіраваць усім нашым жыццём. Святы Караль Барамей, арцыбіскуп Мілана, свята якога мы адзначалі ўчора і касцёл у гонар якога быў збудаваны ў Пінску 400 гадоў таму, часта гаварыў: «Найперш неабходна добра прадумаць, потым прыкласці намаганні і ніколі не апускаць рук».

Мы, святары, носім нашыйнік, бо хочам, каб намі ва ўсім кіраваў Хрыстус. Мы заўважаем, што ў адрозненне ад чорнай сутаны калараткі заўсёды бываюць толькі белага колеру. На фоне чорнай сутаны белы колер – гэта свет Уваскрасення. Мы ідзём па гэтым свеце і адмаўляемся ад асалодаў і стракатых, яркіх колераў, жывучы надзеяй на святло Уваскрасення. Гэты белы пасак на фоне нашага чорнага адзення з’яўляецца знакам нашых імкненняў і нашым накірункам.

У Старым Запавеце, кнізе Сіраха, знаходзім такія словы павучання для маладых: «Цешся, юнак-маладзён, з маладосці тваёй, але ведай, што за кожны чын будзеш асуджаны Богам, справядлівым суддзёй». Таму першы біскуп Пінскі Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі, які памёр у апініі святасці ў Вялікую суботу ў 1932 годзе, вёў штодзённа каляндар, у якім умоўнымі знакамі пазначаў поспехі і занядбанні ў выпрацаванні цнотаў і выкараненні заганаў. Таму ў апошнія гадзіны жыцця мог сказаць такія словы семінарысту, які дзяжурыў у пакоі хворага: «Уладак, калі буду паміраць, то абудзі мяне. Бо не хачу ў непрытомным стане сустрэць тую прыгожую хвіліну, якой з’яўляецца смерць».

Дарагія семінарысты, няхай гэтае адзенне абуджае ў вас сорам тады, калі да вас прыйдзе шатанская спакуса сказаць: «Не маю, не дам, прыйдзі пазней». Час фармацыі для вас з’яўляецца працэсам, дарогай, паслядоўным высілкам мадыфікацыі, звароту ў добрым накірунку. У юбілейны год 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў важным з’яўляецца заклік Божай Маці да чалавецтва аб навяртанні да Бога праз пост, пакуту і малітву.

Пост – гэта здольнасць сказаць сабе «не», «не столькі», «не так», «даволі», «хопіць». Малітва – гэта ўменне сказаць «так» Богу адразу, калі Ён кліча, слухаць, калі да нас прамаўляе, выказаць згоду, калі Ён нас просіць. Шлях барацьбы са спакусамі датычыць таксама вас. Найперш трэба ўмець сказаць «не» розным сцэнарыям, якія злы дух прапаноўвае ў нашым жыцці. Штодзённа, апранаючы сутану, я акрэсліваю сваю тоеснасць, усведамляю яе празрыстасць для сябе. Таму я не буду праводзіць эксперыментаў са сваёй тоеснасцю ўсё жыццё, а менавіта эксперыментаў, якія прапаноўвае мне свет. Я не буду разменьваць маё жыццё на дробязі, параўноўваючы розныя магчымыя яго сцэнарыі, якіх і так не пражыву. Гэта толькі спакуса, каб уцячы ад той адзінай дарогі, якую я выбраў – майго паклікання.

Сутана для вас з’яўляецца вельмі канкрэтнай дапамогай для таго, каб выказаць Богу згоду, асабліва на вуліцы, калі людзі просяць вас памаліцца ў іх інтэнцыі, хочуць паразмаўляць з вамі пра Бога, спадзеючыся, што праз вас для сябе пачуюць словы самога Бога. І вы ведаеце Яго, таму не хавайцеся ў такіх выпадках, не саромейцеся і падзяліцеся з імі тым, што вы самі адчулі і перажылі, прабываючы з Ім, бо вы з Богам прабываеце на адлегласці выцягнутай рукі.

Сутана будзе вас да гэтага заахвочваць, а таксама будзе вас, будучых святароў, заахвочваць да міласэрнасці адносна тых, каго сустрэнеце на вашым шляху, а менавіта да міласэрнасці адносна душы і цела бліжняга. Бо людзі, якіх вы ўбачыце – гэта людзі, якім патрэбна крыху вашага часу, вашага спагадлівага позірку, вашай зацікаўленасці, а часам і матэрыяльных ахвяраванняў, грошай. Таму ніколі нікому не адказвайце адмоўна. Няхай гэта сутана дадасць адвагі быць сапраўднымі сведкамі Хрыста. Амэн.

Абноўлена 06.11.2017 20:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця