Мінская архікатэдра, 1 лістапада 2017 г.
Паважаныя браты і сёстры!
1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае свята ўсіх святых – вядомых, кананізаваных, і невядомых. У кожнага з нас ёсць дзень яго імянін, але сённяшні дзень – гэта супольны дзень імянін кожнага з нас.
Хто хоча стаць святым? Адказ ясны, бо ўсе хацелі б стаць імі. Але калі нехта нас спытае, ці сапраўды мы хочам стаць святымі ўжо сёння, то нярэдка можна будзе пачуць адказ, што яшчэ не сёння, яшчэ занадта рана, хачу скончыць універсітэт, знайсці добрую працу, заснаваць сям’ю, зрабіць кар’еру, а ўжо потым можна падумаць аб святасці.
Здаецца, што мы часта забываемся аб паўсюдным пакліканні да святасці, незалежна ад ускладзеных на нас абавязкаў, сацыяльнага і асабістага статусу і г.д. Можа быць шмат тлумачэнняў гэтаму. Гэта фальшывая ідэя святасці, што толькі выбраныя могуць імі стаць. Гэта таксама наша ганарлівасць, якая праяўляецца ў меркаванні, што найлепшы шлях не зрабіць памылкі – гэта нічога не рабіць. Агульным зыходным пунктам такіх меркаванняў з'яўляецца эгацэнтрызм, падкрэсліванне свайго "Я", калі мы вучымся ў саміх сябе замест таго, каб вучыцца ў Бога.
Калі мы чуем заклік Езуса “будзьце дасканалымі, як Мой Нябесны Айцец дасканалы”, то нярэдка задумваемся: а як мы, слабыя і грэшныя, можам быць дасканалымі? Такое пытанне – гэта не што іншае, як пастка, якую злы дух ставіць нам. Ен імкнецца да таго, каб мы ў сваім жыцці канцэнтраваліся не на Богу, але на сабе саміх.
2. Сённяшняе Евангелле аб васьмі благаслаўленнях Езуса – гэта дарога да святасці. Кожнае з іх пачынаецца словамі "Шчаслівыя". Далей Езус пералічвае тых, хто імі з'яўляецца. На першы погляд, яны зусім не шчаслівыя. Бо, думаючы чыста па-чалавечы, ці можна шчаслівымі назваць бедных, церпячых і г.д.? Аднак думка Езуса зусім іншая. Бедныя духам атаясамляюцца з пакорным Хрыстом. Тыя, каго пераследуюць за справядлівасць, атаясамляюцца з Хрыстом, які церпіць дзеля нашага збаўлення.
З моманту Уцелаўлення Сына Божага Валадарства Божае ёсць сярод нас. Але ў той жа час Езус кажа, што яно блізка і прыходзіць. Гэта ўсё азначае, што дадзены нам дар Божага Валадарства патрабуе таго, каб інтэгравацца ў нашае жыццё. Мы павінны дазволіць Хрысту глыбока ўвайсці ў наша жыццё і нас перамяніць.
Паміж намі і Езусам ёсць вялікая прорва. Яна павінна быць напоўнена Езусам. Аднак пры гэтым мы павінны дазволіць Яму гэта ўчыніць. Таму святасць азначае пакінуць сябе, адмовіцца ад сваёй волі і прыняць Божую, якая праяўляецца ў розных жыццёвых сітуацыях.
3. Святы Шарль дэ Фуко нарадзіўся ў вельмі багатай сям'і але, будучы зусім маладым, застаўся сіратой. Яго студэнцкія гады адзначаліся неўпарадкаваным маральным жыццём.
Аднак потым ён навярнуўся. Стаўшы святаром, ён жыў у пустыні сярод мусульман. Усведамляючы небяспеку такога жыцця, ён быў перакананы, што выконваў Божую волю, і напрыканцы жыцця нават напісаў наступную малітву: “Ойча, я аддаю сябе ў Твае рукі, рабі са мной, што хочаш. Што б Ты ні зрабіў са мной, я заўсёды буду дзякаваць Табе. Я гатовы на ўсё і ўсё прымаю, бо Ты мой Айцец”.
Святасць заключаецца ў таямніцы руху сэрца, якое глядзіць на Бога як на любімага Айца. Каб быць святым, трэба быць Яго сынам. Святасць – гэта таямніца боскага ўсынаўлення. Быць святым азначае з дня на дзень усведамляць, што мы з'яўляемся Божымі дзецьмі, якімі Ён з любоўю апякуецца.
4. З Евангелля мы ведаем, што першым святым стаў укрыжаваны разам з Езусам разбойнік, рукі якога былі па локці ў крыві. Гэта дзіўны факт, які не мае аналагаў ні ў адной іншай рэлігіі. Чаму ён быў збаўлены? Евангелле адказвае на гэта пытанне вельмі выразна: таму, што зразумеў свой грэх і каяўся за яго. Паміраючы на дрэве крыжа, ён прасіў Езуса, каб успомніў яго ў Божым Валадарстве.
Заўважым, што разбойнік не прасіў выратавання ад цярпенняў, але таго, каб быць узгаданым у Божым Валадарстве. І гэтага было дастаткова для збаўлення.
Святое жыццё распачынаецца з увагі да маральнага стану чалавека, з супастаўлення яго жыцця з прыкладам Езуса. Гэтае супастаўленне адкрывае чалавеку яго ўнутраны стан.
З аднаго боку, мы бачым сябе як добрых і справядлівых і нам у галаву не прыходзіць думка, што мы не трапім у Божае Валадарства. Мы ж веруючыя, ходзім у касцёл, молімся, не п’ём, не прымаем наркотыкаў, нікога не забіваем, не крадзём. Чаго ж яшчэ трэба? Сапраўды, зусім святыя, застаецца толькі нас кананізаваць жывымі.
Аднак з іншага боку, калі супаставім наша жыццё з голасам сумлення і вучэннем Евангелля, то ўбачым нешта супрацьлеглае. Мы бачым, што шмат чаго нельга чыніць, бо ўсё гэта не згодна з Божым законам. Мы пачынаем бачыць, што наша жыццё не адпавядае евангельскім нормам.
5. Мы павінны ўсвядоміць, што святасць – гэта не птушка, якую можна злавіць і зачыніць у клетцы назаўсёды. Святасць – гэта пастаяннае чуванне, бо злы дух не спіць і мы часта яму паддаёмся.
Таму пачуццё грэшнасці і слабасці з’яўляецца пачаткам шляху да святасці. Неабходна зняць ружовыя акуляры, каб убачыць сапраўдны стан душы, убачыць свой грэх і распачаць шлях навяртання. Гэта толькі пачатак дарогі, якая вядзе да святасці. Але без пачатку няма працягу.
Нашы разважанні аб святасці скончым словамі благаслаўлёнага Генры Ньюмана: Бог выконвае свай план адносна мяне, пакуль я не супраціўлюся Яму. Ен ведае, што найлепш для мяне, і хоча гэта даць. Якімі б ні былі мае цярпенні і дасягненні, я ў Яго руках. Таму радуюся, маючы такога Бога, які вядзе мяне да святасці. Амэн.