Пошук

28.10.2017 11:54   Catholic.by

Вілейка, 28 кастрычніка 2017 г.

Глыбокапаважаныя святары, дарагія паляўнічыя, рыбаловы і леснікі, браты і сёстры!

1. Стала ўжо добрай традыцыяй сустракацца з вамі восенню з нагоды свята вашага нябеснага апекуна св. Губерта, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 3 лістапада.

Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае свята святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша. Сымон у Евангеллі ўспамінаецца як Зелотус, што на грэчаскай мове азначае “руплівы”. Юда на габрэйскай мове – “верны”. Гэтыя два апосталы разам абвяшчалі Божае слова ў Персіі і там загінулі мучаніцкай смерцю. Адсюль можна зрабіць выснову, што менавіта таму ў літургіі яны ўспамінаюцца разам і ў адзін дзень.

Апостал Юда Тадэвуш з’яўляецца аўтарам аднаго з Пасланняў Новага Запавету. У ім знаходзіцца заклік змагацца за чысціню перададзенай нам веры і праслаўляць адзінага Збаўцу Езуса Хрыста.

У хрысціянскай традыцыі апостал Юда Тадэвуш лічыцца апекуном у цяжкіх справах. Калі ніхто і нішто не дапамагае ў вырашэнні праблем, то людзі звяртаюцца да яго.

2. Езус, паклікаўшы галілейскіх рыбакоў быць Яго апосталамі, сказаў, што яны стануць лаўцамі душ чалавечых. Рыбаловы і паляўнічыя з’яўляюцца лаўцамі рыб і дзікіх звяроў. Але кожны чалавек моцаю хросту таксама павінен быць апосталам. Гэта азначае, што сведчаннем свайго хрысціянскага жыцця ён павінен спрыяць евангелізацыі і ўмацаванню веры і гэтым самым з’яўляецца лаўцом душ людзей.

Што для гэтага патрэбна і ці можа практыка палявання і рыбалоўства ў гэтым дапамагчы?

Можа, бо можна назваць пяць наступных спосабаў, як перанесці паляўнічы і рыбалоўны досвед у практыку духоўнага жыцця.

2.1. Найперш трэба ўзброіцца цярплівасцю.

Каб занятак паляўнічых і рыбаловаў быў паспяховым, яны павінны быць цярплівымі. Часам трэба сядзець у засадзе некалькі гадзін, пакуль не з’явіцца доўгачаканы звер, або доўга-доўга глядзець на паплавок, пакуль ён не пакажа, што рыба клюе. Таму на самой справе трэба захапляцца цнотай цярплівасці паляўнічых і рыбаловаў.

Не заўсёды і не адразу абвяшчэнне Евангелля прыносіць свой плён. Часам трэба чакаць доўгія гады. Нездарма св. апостал Павел нагадвае аб неабходнасці лагоднасці і доўгацярплівасці. Трэба таксама доўга чакаць, каб вырас лес. Таму неабходна вучыцца ў паляўнічых, рыбаловаў і леснікоў і цярпліва, без суму, сваім хрысціянскім сведчаннем несці Добрую Навіну ў свет.

2.2. Наступнай справай з’яўляецца паўтарэнне.

Нягледзячы на тое, што нярэдка паляўнічыя ці рыбаловы з палявання ці рыбалкі прыходзяць ні з чым і часта вельмі змучаныя, тым не менш яны не адмаўляюцца ад свайго любімага занятку і хобі. Сезон за сезонам яны паўтараюць тое ж самае. Ідуць тымі ж самымі сцежкамі, і так без канца.

Евангелізацыя таксама патрабуе пастаяннай працы і пастаяннага паўтарэння. Нават нягледзячы на адсутнасць вынікаў, нельга паддавацца і неабходна ісці наперад, бо нашы планы – не Божыя планы, і нашы шляхі – не Божыя. Прыкладам можа служыць св. Моніка, якая 17 гадоў малілася аб навяртанні свайго сына Аўгустына, і ён не толькі навярнуўся, але і стаў біскупам і адным з найбольш вядомых хрысціянскіх мысляроў.

Акрамя таго, прыходзяць новыя пакаленні людзей, і іх трэба вучыць тым самым праўдам веры. Таксама з’яўляюцца новыя выклікі часу, і на іх трэба адказваць.

2.3. Далей, трэба прызнаць, што паляванне, рыбалка і праца ў лесе – гэта цяжкая праца. Той, хто пярэчыць гэтаму, напэўна, ніколі не займаўся гэтымі справамі. У іх абавязкі ўваходзіць абслугоўванне паляўнічых ці рыбацкіх прыладаў, папаўненне кармушак, доўгае хаджэнне па полі ці лесе, чаканне ў засадзе ці над вадой і г.д.

Падобна і з евангелізацыяй. Без сістэматычнай працы не ўдасца дасягнуць адпаведных вынікаў. Толькі той, хто рэгулярна абвяшчае Божую праўду, можа спадзявацца на поспех.

2.4. Паляванне, рыбалка і лясніцтва патрабуюць ахвяры. Каб паляванне ці рыбалка былі паспяховымі, неабходна адмовіцца ад сну і адпачынку, бо трэба рана ўстаць і ісці ў не заўсёды спрыяльнае надвор’е ў лес ці на раку. Нехта яшчэ спакойна спіць, а нашы пратаганісты ўжо ў лесе, над ракой або над возерам.

Падобна і з абвяшчэннем Божага слова. Апостал павінен вучыць у час і не ў час, як кажа св. апостал Павел. Гэта азначае тады, калі яго слухаюць, і тады, калі не хочуць слухаць, калі прымаюць і калі не жадаюць прыняць. А ўсё гэта патрабуе ахвяры.

2.5. І нарэшце, паляванне, рыбалка і лясныя працы ніколі не завяршаюцца. Паляўнічыя, рыбаловы і леснікі добра ведаюць, што іх могуць чакаць неспрыяльныя ўмовы надвор’я і нават небяспека, але не перастаюць займацца сваім любімым заняткам. Менавіта гэтае правіла – тая моц і стымул, якія год за годам, сезон за сезонам клічуць іх да такога жыцця.

Падобна павінна быць і абвяшчэннем Добрай Навіны, якой чакаюць людзі. Яно ніколі не можа завяршыцца, бо кожны чалавек і ў кожных абставінах патрабуе Божага слова і ласкі.

3. Усё гэта нагадвае аб тым, што паляванне і рыбалка могуць стаць добрым урокам для кожнага з нас, які мы павінны выкарыстаць для нашага духоўнага ўдасканалення і абвяшчэння вечна жывога і дзейснага Божага слова.

Віншуючы вас са святам вашага апекуна св. Губерта, жадаю, каб падобна яму вы праз сваё хобі знайшлі Бога і жылі Ягонай праўдай.

У штодзённым жыцці будзьце падобнымі да апекуноў сённяшняга дня – свв. Сымона і Юды Тадэвуша. Будзьце сучаснымі Сымонамі, гэта азначае руплівымі не толькі на паляванні, рыбалцы ці працы ў лесе, але і ў сваім хрысціянскім жыцці.

Вядома, што гэта нялёгка. Няхай жа св. Юда Тадэвуш, апякун у цяжкіх справах, вам дапамагае ў жыцці, каб ваш прафесійны досвед дапамагаў у справе развіцця вашага духоўнага жыцця і абвяшчэння Божага слова. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа