Мінскі касцёл свв. Сымона і Алены, 15 кастрычніка 2017 г.
Фацімскае пасланне – запрашэнне на Божы банкет
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Вось і завяршаецца перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай, якая працягвалася па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі цэлы год. Пасля гэтай святой Імшы ў касцёле свв. Сымона і Алены яна будзе працэсійна перанесена ў катэдру. У сваёй фацімскай фігуры Марыя пройдзе вуліцамі нашай сталіцы, каб, як наша Апякунка, благаславіць наш горад, што асабліва сімвалічна ў юбілей 950-годдзя яго заснавання.
Гісторыя сталіцы Беларусі цесна звязана з Марыяй. Нездарма Яе выява знаходзіцца ў гербе горада. У цяжкія часы ганенняў на веру, калі ў Мінску не было ніводнага касцёла, вернікі з надзеяй глядзелі на Марыю і верылі, што фацімскае пасланне ажыццявіцца і настануць новыя часы. І яны насталі, чаго сведкамі мы з’яўляемся.
2. Сённяшняе Евангелле прадстаўляе нам запрашэнне на вяселле, якое кароль зладзіў свайму сыну. Але запрошаныя пагардзілі і не прыйшлі, так што кароль разгневаўся і знішчыў іх.
У такой сітуацыі ён паслаў сваіх слугаў, каб ішлі на дарогі і запрашалі ўсіх. І людзі прыйшлі. Аднак сярод іх знайшоўся неадпаведна ўбраны чалавек, без вясельнага адзення, і гаспадар яго выкінуў.
Гэты евангельскі аповед, які мае сімвалічнае значэнне, вядзе да простай высновы, што ў Божае Валадарства не ўвойдзе нічога нячыстага. Гэта азначае, што чалавек без адзення Божай ласкі не можа ўвайсці ў краіну вечнага шчасця.
3. Цяпер уявім сабе, што прымаем удзел у нейкім урачыстым балі-маскарадзе. Удзельнікі забавы ў масках і таму бачаць адзін аднаго іншымі, чым у штодзённым жыцці. Яны ўяўляюцца адзін аднаму новымі шчаслівымі людзьмі, весяляцца, танчаць і радасна праводзяць час.
Аднак сярод іх часам можна заўважыць чалавека, які знаходзіцца ў кутку і адрозніваецца ад іншых. На яго твары няма маскі. Ён не вясяліцца, не танчыць, не спявае. Калі мы стараемся яго развесяліць, то з гэтага нічога не выходзіць. Ён упарта не хоча далучацца да іншых і сваімі паводзінамі паказвае, што прысутныя на забаве людзі не маюць права так праводзіць час і павінны быць няшчаснымі, як і ён няшчасны. Ніякія ўгаворы не выводзяць яго з ізаляцыі, і ён свядома адмаўляецца добра правесці час.
4. Падобна і з Божым Валадарствам. Бог ладзіць нам духоўны баль. Чыніць гэта з самага пачатку стварэння сусвету. Ён стварыў зямлю прыгожым садам. Нават калі ў раі чалавек адмовіўся ад дадзенага яму Богам шчасця, то Бог не пакінуў яго аднаго і без дапамогі. Ён пасылаў сваіх прарокаў і нарэшце паслаў Сына, каб праз пасхальную таямніцу нашага збаўлення прапанаваць яму новы баль, цяпер ужо ў садзе Уваскрасення.
Аб ім і распавядае сённяшняе Евангелле. Яго сутнасць не ў тым, што мы заслужылі таго, каб быць туды запрошанымі, не ў тым, што можам купіць білет на гэты банкет, не ў тым, што мы туды прыйшлі як добрыя знаёмыя караля. Сутнасць у тым, што Бог у сваёй шчодрасці запрашае нас на гэты баль, а радасць прыходзіць ад свабоднага прыняцця Божага запрашэння.
На банкет запрошаны ўсе, добрыя і злыя. Аднак усе яны павінны прыйсці з новымі тварамі, як новыя людзі з новым Божым жыццём. На балі могуць быць толькі тыя, каму ўсе мінулыя правіны і грахі адпушчаны. Знакам чаго павінна быць новае адзенне Божай ласкі.
5. Найбольшая цяжкасць у гэтым працэсе ўзнікае ў прыняцці Божага запрашэння. Бог не змушае нас ні да чаго. Ён толькі прапануе і запрашае, а ўсё залежыць ад нашага адказу. Бог жадае, каб мы добра правялі час і радаваліся разам з Ім. Праблема ўзнікае ў тых, хто не прымае гэтага запрашэння, замыкаецца ў сваім эгаізме і індывідуалізме і нават не можа пагадзіцца з тым, што некаторыя прымаюць удзел у Божым банкеце.
Вядома, што ёсць людзі, якія не любяць атрымліваць падарункаў. Яны самадастатковыя, самі могуць паклапаціцца пра сябе і не хочуць быць залежнымі ад іншых, бо прыняцце падарунку ў пэўным сэнсе абавязвае адудзячыць, што можа весці да пачуцця страты незалежнасці.
На жаль, такія тэндэнцыі праяўляюцца і ў духоўнай сферы нашага жыцця, асабліва калі справа адносіцца да прабачэння грахоў, аб чым трэба прасіць Бога. Сучасны чалавек кажа, што з’яўляецца здольным справіцца з кожнай духоўнай праблемай, і таму ў хвіліны крызісу не звяртаецца з дапамогай да Найвышэйшага, што вядзе да катастрофы.
У сваёй ганарлівасці чалавек не просіць аб ласцы Божай міласэрнасці. Паступаючы так, ён не можа пазбавіцца свайго мінулага, каб стаць новым, і таму не можа быць прынятым на Божым банкеце.
Запрашаючы нас на свой духоўны баль, Бог ведае, што з-за нашай слабасці мы можам памыліцца, зграшыць і страціць адзенне Божай ласкі. Аднак пры гэтым Ён гатовы дараваць нам нашы правіны і прымірыць з сабой. Для гэтага неабходна адмовіцца ад самадастатковасці і звярнуцца да міласэрнага Бога з просьбай аб дапамозе. Таму наш лёс залежыць не ад кагосьці ці чагосьці, але толькі ад нас саміх, ад нашых рашэнняў і ад таго, як мы прымем Божы дар прабачэння і Божай ласкі.
6. У гэтым крыецца і сэнс Фацімскага паслання Марыі. Яно заклікае да малітвы і навяртання, каб вярнуць нам годнасць Божых дзяцей з мэтай апрануцца ў адзенні Божай ласкі і прымаць удзел у Божым банкеце, якім з’яўляецца Божае Валадарства.
Вядзі нас, Марыя, шляхам малітвы і навяртання, каб мы не адкідвалі Божага запрашэння на Яго духоўнае вяселле, а праз малітву і навяртанне сталі годнымі ўдзелу ў радасці вечнага шчасця. Амэн.