Пошук

07.09.2017 14:23   Catholic.by

Мюнхен, 7 верасня 2017 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сённяшняе Евангелле распавядае пра цудоўны ўлоў рыбы на возеры Генісарэт. Да Езуса прыходзіла шмат людзей, каб слухаць Божае слова. Калі яны пачалі ціснуцца да Яго, то Ён перайшоў у човен Пятра і навучаў адтуль.

Пасля таго, як Езус скончыў навучанне, то сказаў Пятру, каб той адплыў на глыбіню і закінуў сеткі для новага ўлову рыбы. Пётр быў дасведчаным рыбаком і ведаў, што няма шанцаў на добры ўлоў, бо ён разам са сваімі паплечнікамі лавіў цэлую ноч і нічога не злавіў. Аднак у той жа час ён даверыўся Езусу і ў выніку злавіў вялікую колькасць рыбы.

Кажучы чыста па-чалавечы, Пётр знаходзіўся ў вялікім крызісе, бо на працягу ночы нічога на злавіў, а паплечнікам Яну і Якубу трэба было плаціць за іх працу. Аднак Езус яго выратаваў.

2. 21-ы Міжнародны кангрэс “Рэнавабіс” разважае над пытаннем, як сучасны крызіс можа стаць магчымасцю адраджэння Еўропы і якой павінна быць роля Касцёла ў гэтым працэсе.

На самой справе наш кантынент перажывае шматлікія крызісы: эканамічны, фінансавы, дэмаграфічны, міграцыйны і г.д. Палітыкі, эканамісты, навукоўцы шукаюць шляхоў іх вырашэння. На жаль, вельмі часта яны не прызнаюць таго, што галоўнай прычынай гэтых крызісаў з’яўляецца духоўны крызіс.

Аслеплены самадастатковасцю, сучасны чалавек узурпіруе права вырашаць, что Божы закон больш не з’яўляецца актуальным. Захоплены ілюзорным шчасцем, якое праходзіць, як туман, ён трапляе ў стан дэпрэсіі і бессэнсоўнасці жыцця і не ведае, як з яго выйсці. Зло ўсё больш распаўсюджваецца ў свеце, і Касцёл атакуецца за абвяшчэнне нязменных прынцыпаў Евангелля. Такім з’яўляецца свет, які мы творым і ў якім мы жывём.

3. Спробы вырашыць праблемы Еўропы, з якімі яна змагаецца без вяртання да хрысціянскіх каранёў, падобныя да бінтавання раны без папярэдняга выкарыстання адпаведных лекаў, што можа толькі пагоршыць хваробу. Папа Францішак называе Еўропу “старой бабуляй”, якая не можа нарадзіць новае жыццё. Гэта вельмі сур’ёзны дыягназ духоўнай хваробы Еўропы, якая становіцца хранічнай і вядзе да новага духоўнага Чарнобылю.

На жаль, Еўропа забываецца аб хрысціянскіх каранях і падмурку, на якім яе цывілізацыя была збудавана. Замест гэтага яна ўсхваляе ідэалогіі, якія не прызнаюць Бога, перастаюць паважаць чалавека як Божае стварэнне, яго натуральнае сямейнае асяроддзе і свабоду дзеяння паводле Божага закону.

4. Калі мы адчуваем боль, то пакутуем. З іншага ж боку, боль становіцца благаслаўленнем, бо папярэджвае аб тым, што з нашым здароўем нешта не так і мы павінны звярнуцца да ўрача. Праблема сучаснага чалавека ў тым, што ён страціў пачуццё граху. Нездарма св. Яна Павел II кажа, што няўвага да граху з’яўляецца грахом.

Еўропа не зможа пераадолець хваробу сучаснага крызісу, калі не вернецца да хрысціянскіх каранёў. Без гэтага такія еўрапейскія каштоўнасці, як свабода, справядлівасць, годнасць чалавека, пашана да агульнага грамадскага дабра і іншыя будуць цяжка зразумелымі.

5. У такіх абставінах першаснай задачай Касцёла з’яўляецца абудзіць Еўропу з духоўнай летаргіі і дапамагчы перамагчы яе духоўную хваробу, накіроўваючы да духоўнага лекара, якім ёсць Езус Хрыстус.

На пачатку трэцяга тысячагоддзя св. Ян Павел II заахвоціў нас адплысці на глыбіню. Гэта азначае, што мы павінны жыць не паводле нашых пажаданняў, але паводле Божага вучэння і патрабаванняў Евангелля. Мы атрымалі яго не для таго, каб змяняць, але яно павінна нас змяняць.

Пасхальная літургія называе віну Адама благаслаўлёнай.

Таму, Еўропа, не бойся паглядзець у вочы сучаснаму крызісу. Ён таксама можа стаць благаслаўлёным для цябе, калі ты даверыш сябе ў рукі Езуса, які ўчыніць цуд улову духоўнай рыбы і прывядзе да вырашэння існуючага крызісу. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця