Пошук

03.09.2017 18:49   Catholic.by

Мінскі архікатэдральны касцёл, 3 верасня 2017 г.

Пастаянна ўдасканальвацца

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагія дзеці!

1. Завяршылася лета і з ім канікулы і водпускі. Мы яшчэ, напэўна, доўга будзем успамінаць іх і распавядаць сябрам пра тое, дзе былі, што бачылі і перажывалі.

Аднак дзецям прыйшоў час ісці ў школу. Можа, некаторым з вас і не хацелася б, але вы ведаеце, што трэба ісці. Вашыя мамы і таты, бабулі і дзядулі хадзілі ў школу. І я хадзіў. Усе мы або хадзілі, або ходзім, або пойдзем, бо, калі хочам мець добрыя веды, то трэба вучыцца.

Спадзяюся, што вы чакалі і не маглі дачакацца, калі ж распачнецца новы навучальны год. І ён распачаўся. Сёння Касцёл моліцца ў вашых інтэнцыях, каб вы, як кажа Святое Пісанне, узрасталі не толькі ў гадах і мудрасці, але таксама і ў Божай ласцы.

Ніхто не кажа, што вучыцца лёгка, і для многіх гэта сапраўдны крыж. Аб ім кажа Езус у сённяшнім Евангеллі. Ён падкрэслівае, што хто хоча ісці за Ім, то павінен узяць свой крыж і наследаваць Яго. Таму на пачатку новага навучальнага года на цяжар вучэння трэба глядзець як на спосаб следаваць за Хрыстом.

2. Упэўнены, што вы любіце байкі і легенды. Дык вось, адна легенда распавядае пра тое, што руіны замка і лес, які знаходзіцца вакол яго, хаваюць у сабе шмат таямніц.

Адна з іх нагадвае пра сакратара імператара, якога ён паслаў да жыхароў аднаго горада са спецыяльным пасланнем, напісаным на пергаменце і запячатаным сургутнымі пячаткамі. У тыя часы не было тэлефонаў і інтэрнэту, так што пасланні трэба было везці. Па дарозе сакратар затрымаўся на замку. Гаспадар замка, які не любіў імператара, паразмаўляў з яго ворагамі і вырашыў арыштаваць сакратара. Той, аднак, мужна бараніўся і, моцна паранены, выскачыў у акно і пабег у лес, так што яго больш ніхто ніколі не бачыў.

Мінулі стагоддзі, і турысты ў лесе выпадкова наткнуліся на старую заросшую пячору. Калі яе раскапалі, то ўнутры ўбачылі косткі чалавека, сярод якіх знаходзіўся пергамент. Яны сарвалі пячаткі, разгарнулі пергамент і ўбачылі наступны тэкст паслання імператара: “Існуюць тры цудоўныя з’явы: усеяная зоркамі ноч, залаты захад сонца і снежная вяршыня гары. Аднак ёсць нешта цудоўнейшае, а менавіта вочы дзіцяці, якое спаткала Бога. Існуюць тры сілы: рыкаючы ў пушчы леў, гара, якая супрацьстаіць ураганам, і плячо бясстрашнага рыцара. Аднак ёсць нешта мацнейшае, а менавіта сэрца дзіцяці, якое жыве верай у Бога”.

3. Езус часта размаўляў са сваімі слухачамі вельмі простай, узятай з жыцця мовай, каб усе Яго разумелі. Аднойчы Ён распавёў пра таланты, якія, ад’язджаючы ў далёкую дарогу, гаспадар раздаў траім сваім слугам, каб яны, распараджаючыся імі так, як палічаць гэта мэтазгодным, выкарысталі іх для павелічэння яго багацця. Адзін атрымаў пяць талантаў, другі два, трэці адзін. Калі гаспадар вярнуўся, то спытаў слугаў, што яны зрабілі з талантамі. Той, хто атрымаў пяць, зарабіў на іх яшчэ пяць. Таксама і той, хто атрымаў два, зарабіў яшчэ два. Толькі той, які атрымў адзін, не выкарыстаў яго і нічога не зарабіў. Першых дваіх гаспадар пахваліў, а трэцяга зганьбіў.

4. Два дні таму распачаўся новы навучальны год. З першага яго дня неабходна памятаць аб тым, што, як імператар з вышэйузгаданай легенды паслаў свайго сакратара са спецыяльным пасланнем жыхарам горада, таксама да вас, дарагія дзеці, пасылаецца настаўнік ці настаўніца, якія з усіх сіл будуць старацца паглыбіць вашыя веды. Пасылаюцца таксама і кахэхеты, каб вучыць вас праўдам веры.

Словы імператара з легенды аб тым, што самае цудоўнае – гэта вочы дзіцяці, якое спаткала Бога, а самае моцнае – гэта яго сэрца, якое жыве верай, няхай нагадваюць катэхізатараў, якія будуць служыць вам з мэтай памнажаць веру – гэты самы каштоўны талант, якія вы атрымалі ад Бога.

Вашыя бацькі і блізкія, Касцёл і Радзіма з надзеяй глядзяць на вас і хочуць бачыць у вас будучых прэзідэнтаў, міністраў, інжынераў, урачоў, настаўнікаў і г.д., якія высокапрафесійна і кіруючыся хрысціянскімі каштоўнасцямі будуць служыць людзям.

Уважліва ўспрымайце ўсё тое, чаму вас будуць вучыць настаўнікі і катэхізатары, належным чынам выкарыстайце час, які перад вамі, каб удасканальвацца ў ведах і веры. Няхай у гэтым благаславіць вам Бог. Амэн.

Абноўлена 08.09.2017 11:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа