Мінскі касцёл свв. Сымона і Алены, 2 верасня 2017 г.
Новы навучальны год – час кайросу
Глыбокапаважаныя выкладчыкі і студэнты тэалагічнага каледжа, браты і сёстры!
1. Час бяжыць хутка, мінула лета, прайшлі ўступныя экзамены і мы, слава Богу, распачынаем ужо восьмы навучальны год Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля. Мінулі шэсць гадоў яго дзейнасці, і падрыхтаваныя ў ім спецыялісты паспяхова служаць Касцёлу ў якасці катэхізатараў і ў іншых касцёльных установах.
Некаторыя непасрэдна не звязаны са служэннем у Касцёле, але сваімі ведамі і сведчаннем з’яўляюцца евангельскай закваскай у грамадстве, якое патрабуе Божага слова і вучэння Касцёла, каб выбраць правільны жыццёвы шлях, а таксама прапагандаваць і бараніць хрысціянскія каштоўнасці. Сам факт, што ў каледж прыходзіць шмат навучэнцаў, нагадвае аб яго запатрабаванасці.
З вялікім задавальненнем трэба прыняць факт таго, што каледж пашырае пералік спецыяльнасцяў. Калі на пачатку галоўнай яго мэтай была падрыхтоўка катэхізатараў, то да гэтага далучылася падрыхтоўка кантараў і супрацоўнікаў касцёльных сродкаў масавай камунікацыі, што вельмі важна для развіцця пастырскай дзейнасці.
Сайт catholic.by павінен папаўняцца звесткамі з парафій і рэгіёнаў, а для гэтага павінен быць хтосьці, хто іх кваліфікавана падрыхтуе. Таксама засноўваюцца і развіваюцца парафіяльныя сайты, якія патрабуюць адпаведна падрыхтаваных журналістаў. Для гэтага ёсць усе магчымасці. Акрамя тэарэтычных заняткаў, можна паспрабаваць сябе на сайце catholic.by, на “Радыё Марыя”, якое ўжо некалькі месяцаў паспяхова дзейнічае, ці супрацоўнічаючы з рэдакцыяй выдавецтва “Про Хрысто”.
У многіх, асабліва невялікіх, парафіях ахілесавай пятой з’яўляюцца касцёльныя спевы і арганізацыя хору. З іншага боку, вядома, што спеў дапамагае ў малітве. Нездарма св. Аўгустын кажа, што той, хто спявае, моліцца двойчы.
Спадзяюся, што каледж зможа дапамагчы ў вырашэнні праблемы падрыхтоўкі як касцёльных журналістаў, так і кіраўнікоў парафіяльных хораў.
2. У сённяшнім Евангеллі Езус прапануе нашай увазе прыпавесць аб талантах. Гаспадар, які ад’язджае на доўгі час, кліча сваіх слугаў і аднаму дае пяць талантаў, другому – два, а трэцяму – адзін. Пры гэтым ён кажа ім, што яны могуць свабодна імі распараджацца з мэтай павялічыць яго маёмасць.
Вядома, што справа ішла пра грошы. Калі наша нацыянальная валюта – гэта рубель, то ў часы Езуса ёй быў талант. Таланты, якімі гаспадар папрасіў свайх слугаў распараджацца, на самой справе былі вялікімі грашыма.
Як яны іх выкарысталі? Першы і другі пусцілі іх у абарот, гэта азначае, што пакінутыя ім грошы працавалі, каб прынесці даход. Трэці пабаяўся гэта ўчыніць, і давераныя яго распараджэнню грошы не павялічыліся.
Ці гаспадар, калі вярнуўся і даведаўся аб гэтым, быў задаволены? Першымі двума – так, і пахваліў іх за кемлівасць. Трэцяга ж зганьбіў і прагнаў.
3. Сённяшняе Евангелле – гэта вялікі ўрок для нас. Кожны з нас атрымаў ад Бога нейкія дары, скажам так, таланты. І Бог чакае, што мы іх не закансервуем, але адпаведна выкарыстаем, каб яны прынеслі як мага большую карысць.
Да гэтага заклікае нас і сённяшні дзень распачацця новага навучальнага года. Ён вельмі важны, бо нясе новыя надзеі на будучыню і таксама, у пэўнай меры, вызначае, якой яна будзе. Хаця лацінская прыказка кажа, што “Lectio prima brevis est vel nullа” – “Першая лекцыя кароткая або ніякая”, тым не менш іншая сцвярджае, што “Хорошее начало – полдела откачало” – “Добры пачатак – палову справы аблегчыў”.
Спартсмены, асабліва бегуны, добра ведаюць, што старт вельмі важны для выніку ўсяго спаборніцтва. Перад студэнтамі каледжа марафонскі забег працягласцю ў тры гады. Некаторыя сёння распачынаюць апошні этап. Іншыя – знаходзяцца ў яго сярэдзіне. Яшчэ іншыя – толькі распачынаюць.
Святы Тамаш Аквінскі кажа, што невялікая памылка на пачатку непазбежна прывядзе да сур’ёзнай памылкі ў будучыні. Калі доўга едзем аўтастрадай, то малая памылка ў выбары з’езду можа завесці нас далёка ад мэты нашага падарожжа. Падобна і на дарозе нашага жыцця: адна малая памылка на пачатку можа прывесці да катастрофы і завесці далёка ад шчасця, якога жадаем і да якога імкнёмся. Таму з першых дзён неабходна з усёй сур’ёзнасцю брацца не толькі за навуку, але і за сваю духоўную фармацыю.
4. Для катэхетаў і супрацоўнікаў касцёльных структур усё гэта мае вельмі вялікае значэнне. У вас людзі хочуць бачыць духоўных лідараў, з якіх можна браць прыклад, каб наследаваць з мэтай перамянення свайго жыцця.
Святы папа Пій Х дэвізам свайго служэння абраў словы: “Усё аднавіць у Хрысце”. Такога аднаўлення патрабуе Касцёл, свет і наша грамадства. Але аднаўленне наступіць толькі тады, калі наша жыццё будзе напоўнена Божым словам, якое заўсёды актуальнае і дзейснае, і вучэннем Касцёла. Аднаўленне наступіць, калі мы прыкладам свайго жыцця і служэння станем сведкамі хрысціянства. За кожнай праграмай стаіць чалавек. І толькі тады ён будзе здольны аднаўляць усё ў Хрысце, калі сам праз Яго вучэнне і ласку будзе сфармаваны па Яго падабенству.
Таму першаснае заданне каледжа – даць навучэнцам магчымасць атрымаць веды і маральна здаровыя прынцыпы праз лекцыі, духоўныя практыкаванні і малітву. Мэтай усяго гэтага з’яўляецца ўдаскаленне – прафесійнае і духоўнае, каб прыпадобіцца да Хрыста. Распачынаючы новы навучальны год, неабходна памятаць аб закліку Хрыста найперш шукаць Божага Валадарства і Яго справядлівасці, а ўсё іншае будзе дададзена.
5. У Святым Пісанні ёсць два паняцці часу, якія на грэчаскай мове выражаюцца словамі “хронас” і “кайрос”. Хронас – гэта час, які адлічвае гадзіннік, час механічны і незалежны ад нас. Кайрос – гэта час сэрца, які адмяраецца не гадзіннікам, але дзейнасцю Найвышэйшага, які з’яўляецца Панам часу і гісторыі.
Хронас нагадвае нам пра тое, што гэты навучальны год завершыцца 16 чэрвеня 2018 г. Калі ж паглядзім на той жа час з перспектывы боскага кайросу, то заўважым, што Бог заўжды напаўняе наш час, чувае над намі і прыходзіць з дапамогай.
Таму, дарагія навучэнцы каледжа, не замыкайцеся ў перспектыве часу хронас, каб толькі дачакацца канца навучальнага года. Жывіце часам кайрос, належным чынам выкарыстоўвайце яго і таланты, якімі Бог вас адарыў, каб час, які перад вамі, з Божай дапамогай сапраўды стаў часам інтэлектуальнай і духоўнай фармацыі на карысць Касцёла і для нашага збаўлення. Амэн.