Пошук

28.02.2018 13:49   Catholic.by

27 лютага ў сядзібе Апостальскай нунцыятуры адбылося 68-е пленарнае пазачарговае пасяджэнне ККББ, у якім на правах гаспадара ўдзельнічаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

У пасяджэнні прынялі ўдзел таксама Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Ян Сяргей Гаек MIC і асабісты сакратар нунцыя кс. Іван Огар SDB.

• Удзельнікі пасяджэння засяродзіліся на нядаўнім візіце Ad limina. Біскупы падзяліліся асабістымі ўражаннямі ад візіту, а найперш ад прыватнай аўдыенцыі ў папы Францішка, якая, як заўважылі сабраныя, была напоўнена клопатам Папы пра Касцёл у Беларусі і яго жаданнем наведаць нашу краіну, а асабліва хрысціянаў, якія вытрывалі ў веры падчас жудаснага часу пераследу, а таксама пазнаёміцца з беларускай моладдзю, з якой Святы Айцец меў магчымасць сустрэцца у Кракаве, дзе, як узгадаў сам Папа, ён атрымаў запрашэнне у Беларусь ад маладых беларускіх католікаў.

• Біскупы ўважліва вывучылі новы дакумент Ratio studiorum fundamentalis (Асноўная праграма навучання) рымскай Кангрэгацыі па справах духавенства і абмеркавалі магчымасці яе рэалізацыі ў Беларусі.

• Была заслухана справаздача па падрыхтоўцы III Сустрэчы каталіцкай моладзі Беларусі, якая сёлета адбудзецца ў Гродне 29.04–01.05.

Біскуп Юзаф Станеўскі прадставіў сабраным план мерапрыемства і лагатып, якія з пэўнымі дапаўненнямі былі прынятыя. Біскупы звяртаюцца да моладзі Беларусі з просьбай аб малітве і годным удзеле ў супольным разважанні над Евангеллем Пана ў Гродне.

• Біскупы з задавальненнем прынялі паведамленне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча аб тым, што наклад Новага Запавету, які быў перакладзены ў 2017 годзе на беларускую мову і быў прадстаўлены таксама ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, вычарпаны і таму будзе перавыдадзены.

• Арцыбіскуп таксама праінфармаваў, што справай прэзентацыі Новага Запавету зацікаўлены і іншыя рэгіёны краіны, такім чынам прэзентацыя адбудзецца і ў горадзе Ліда Гродзенскай дыяцэзіі 14 сакавіка. Прэзентацыю правядзе асабіста Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

• Біскупы заслухалі ліст на «Дзень святасці жыцця», які будзе прачытаны ва ўсіх касцёлах Беларусі ў нядзелю Божай Міласэрнасці. У лісце выказана падзяка вернікам за іх малітоўны ўклад у абарону жыцця і яго годнага прыняцця як дару ад Пана бацькамі і грамадствам.

Абноўлена 28.02.2018 16:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа