Пошук

18.03.2017 07:00  

Пастырскае пасланне на польскай мове >>>

Шаноўныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы,
умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

У чарговы раз мы адзначаем урачыстасць Звеставання Пана, а разам з ёй — «Дзень Святасці Жыцця». Год за годам перажываем гэты дзень у кантэксце таямніцаў мукі і смерці Хрыста, усведамляючы, што немагчыма аддзяліць жыццё ад смерці. Чалавек, які нарадзіўся, павінен памерці. Але наша смерць у кантэксце смерці Хрыста з’яўляецца новым нараджэннем, пераходам да жыцця ў вечнасці. Менавіта ахвяра Хрыста раз і назаўсёды асвяціла нас, нашае нараджэнне і нашую смерць. І праз гэтае асвячэнне кожнае жыццё належыць толькі і выключна Хрысту. Такім чынам, мы цалкам належым Хрысту. Нашае нараджэнне, жыццё і смерць належаць Хрысту. Таксама «Дар новага дзіцяці, якое Пан давярае бацьку і маці, мае свой пачатак у прыняцці, працягваецца праз апеку падчас зямнога жыцця, а яго канчатковай мэтай з’яўляецца радасць вечнага жыцця», — навучае Святы Айцец Францішак у паслясінадальнай адгартацыі Amoris Laetitia (AL, 166).

Гэта дасканала разумела Марыя, калі, збянтэжаная, пачула ад Божага Пасланніка, што стане Маці Хрыста. Разумела, што жыццё — гэта святасць, бо Дух Святы сышоў на Яе і моц Найвышэйшага ахінула Яе. Не ведала, якім чынам гэта станецца, аднак разумела, што для Бога няма нічога немагчымага. Агорнутая моцай з вышыні Яна стала памяшканнем для Божага Сына.

Дзень Святасці Жыцця ўжо больш за дзесяць гадоў адзначаецца ў многіх краінах свету. Мясцовыя Касцёлы, бачачы пагрозы, якія з вялікай сілай уваходзяць у жыццё чалавека, падтрымалі заклік Святога Айца Яна Паўла ІІ, які ў энцыкліцы Evangelium Vitae, абвешчанай 25 сакавіка 1995 г., прапанаваў, каб «штогод у кожнай краіне адзначаўся Дзень Жыцця (…) Трэба, каб гэты дзень быў падрыхтаваны і адзначаўся з дзейсным удзелам усіх членаў мясцовага Касцёла. Яго асноўнай мэтай з’яўляецца абуджэнне ў сумленнях, у сем’ях, у Касцёле і свецкай грамадскасці ўражлівасці на сэнс і каштоўнасць чалавечага жыцця ў кожным моманце і ў кожным стане. Неабходна асабліва падкрэсліваць, якім вялікім злом з’яўляецца перарыванне жыцця і эўтаназія, аднак, нельга абмінаць іншыя моманты і аспекты жыцця, пра якія трэба штораз старанней разважаць у кантэксце зменлівай гістарычнай сітуацыі» (EV, №85).

Дзень Святасці Жыцця ва ўрачыстасць Звеставання Пана адзначаецца таксама і ў нашай краіне. Дзякуючы гэтаму мы маем чарговую магчымасць нагадаць сабе, што чалавечае жыццё ад яго пачатку да натуральнай смерці асвячана Богам і Яму належыць. Гэта таксама асаблівае свята ўсіх маці, і тых, якія, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, нягледзячы на супрацівы лёсу, адказалі падобна таму, як гэта зрабіла Марыя пры Звеставанні: «Няхай мне станецца паводле Твайго слова». Таму «кожную цяжарную жанчыну з любоўю прашу: дбай пра сваю радасць, няхай ніхто не адбірае ў цябе ўнутранай радасці мацярынства. Гэтае дзіця заслугоўвае тваёй радасці. Не дазволь, каб страх, няпэўнасць, каментарыі іншых асобаў альбо клопаты пагасілі шчасце быцця Божай прыладай, каб унесці ў свет новае жыццё», — навучае папа Францішак (AL, 177). Ведаем, што прыняцце Божай волі не заўсёды лёгкае. Асабліва ў сітуацыі, калі назіраем перапоўненыя дзіцячыя дамы, а ў іх — дзеці, ад якіх бацькі вырашылі адмовіцца. Нялёгка сказаць Богу «так», ведаючы, што дзіця народзіцца калекам. Як жа цяжка згадзіцца з Божай воляй, не маючы элементарных умоваў для жыцця і не бачачы перспектывы годнай будучыні для свайго дзіцяці. Усе гэтыя цяжкасці і сумненні вядуць да пытання: ці варта нараджаць дзіця, ці, можа, лепшым выйсцем будзе аборт? «Некаторыя — быццам у форме апраўдання — адважваюцца казаць, што іх нараджэнне на гэты свет было памылкай. Гэта ганьба!» — паўтарае папа Францішак (AL, 166).

У той жа час Бог аб’яўляе жыццё як святасць. Незалежна ад таго, ці будзе яно пакалечаным, можа, нялёгкім, балючым, заўсёды будзе святым і Яму будзе належаць. «Таму, неістотна, будзе табе адпавядаць гэтае новае жыццё ці не, мае яно ў сабе рысы, якія табе падабаюцца, ці не, адпавядае тваім планам і марам ці не. Таму што “дзеці — гэта дар. Кожнае дзіця выключнае і непаўторнае. Дзіця любяць таму, што гэта дзіця: не таму, што яно прыгожае, альбо таму, што яно такое і такое, не, таму, што гэта дзіця!”» (AL, 170). Таму сёння трэба супраціўляцца цывілізацыі смерці, пагардліваму стаўленню да годнасці чалавечага жыцця, як таксама і несправядлівым законам, якія абмяжоўваюць свабоду сужонкаў у рашэннях адносна перадавання жыцця. Трэба станоўча паўтарыць за прарокам Ісаем: “Не буду выпрабоўваць Пана”. Сёння знакам для нас, якія жывуць, з’яўляецца «Панна, якая зачала і нарадзіла Сына, і назвала Яго імем Эммануэль, бо з намі Бог» (пар. Іс 7, 14). У гэтым кантэксце, навучае папа Францішак у паслясаборнай адгартацыі Amoris Laetitia, «не магу маўчаць, што, калі сям’я з’яўляецца санктуарыем жыцця, месцам, дзе жыццё нараджаецца і атуляецца апекай, то вялікім непаразуменнем з’яўляецца пераўтварэнне яе ў месца, дзе жыццё адкідаецца і знішчаецца. Каштоўнасць чалавечага жыцця такая вялікая, такім непарушным з’яўляецца права на жыццё нявіннага дзіцяці, якое развіваецца ва ўлонні сваёй маці, што ніякім чынам нельга прадстаўляць магчымасць прымаць рашэнні ў адносінах да гэтага жыцця, як быццам бы гаворка ішла пра права да ўласнага цела» (AL, 83).

Супрацівам пагардліваму стаўленню да годнасці чалавечага жыцця з’яўляюцца, між іншым, усялякага роду ініцыятывы, рэалізаваныя ў нашым Касцёле, якія маюць на мэце абарону чалавечага жыцця. Тут неабходна ўзгадаць розныя формы адукацыі, парафіяльныя сямейныя кансультацыі, дзе сістэматычна перадаюцца веды, якія датычаць метадаў натуральнага распазнавання плоднасці. У такія кансультацыі прыходзяць сужонкі, саюз якіх перажывае рознага роду крызісы. Менавіта ў такіх месцах тыя, хто не бачыць сэнсу свайго існавання, знаходзяць будучыню, якую выпраменьвае святло веры. Немагчыма абмінуць малітоўныя і душпастырскія групы, мэтай якіх з’яўляецца падтрымка сям’і. Менавіта дзякуючы іх малітве і старанням шмат жанчын, якія вырашылі зрабіць аборт, усвядомілі каштоўнасць і годнасць жыцця, якое носяць пад сваім сэрцам, і ў выніку нарадзілі дзіця.

Ёсць яшчэ адна ініцыятыва, распаўсюджаная ў нашай краіне, — «Духоўнае ўсынаўленне». Дзякуючы сістэматычнай малітве многія маці, якія мелі сумненні адносна нараджэння зачатага дзіця, вырашылі нарадзіць. Гэтая акцыя з’яўляецца вельмі дзейсным спосабам дапамогі жыццю зачатых дзяцей, нараджэнне якіх знаходзіцца ў сур’ёзнай небяспецы. Штогод ва ўрачыстасць Звеставання Пана мы распачынаем публічнае абавязацельства да гэтай формы барацьбы за годнасць і святасць чалавечага жыцця. Кожны раз яно трывае дзевяць месяцаў. Чым жа з’яўляецца «Духоўнае ўсынаўленне»? Гэта абяцанне, дадзенае Богу, зместам якога з’яўляецца малітоўны абавязак, прыняты канкрэтнай асобай, у інтэнцыі ратавання жыцця ва ўлонні маці, якому пагражае небяспека, імя якога вядомае толькі Богу. Сутнасць «Духоўнага ўсынаўлення» заключаецца ў спецыяльнай штодзённай малітве ў інтэнцыі дзіцяці і яго бацькоў, малітва адной з таямніцаў святога Ружанца, а таксама дабравольна прынятыя рэлігійныя практыкі, як напрыклад, — святая Камунія, пост, актыўная падтрымка спраў дабрачыннасці.

Адзначаючы сёння «Дзень Святасці Жыцця», заахвочваем да гэтай малітвы найперш святароў і кансэкраваных асобаў. Вашая пастава і прыклад паказваюць вернікам, як паступаць. Просім, каб як мага большая колькасць веруючых і людзей добрай волі далучылася да гэтай формы малітвы за жыццё, якому пагражае небяспека пад сэрцам маці. Такое пакліканне Касцёла, а значыць, усіх нас, якія да яго належым. Будзем жа жыць згодна з гэтым пакліканнем, памятаючы, што кожны чалавек, таксама і ва ўлонні маці, належыць толькі Богу. Няхай гэты дзень будзе таксама нагодай, каб, узгадваючы таямніцу ўцелаўлення Сына Божага, падзякаваць Пану Богу за дар уласнага жыцця, перапрасіць за ўсе ўчынкі, скіраваныя супраць жыцця, а таксама прасіць аб шанаванні жыцця ад моманту зачацця да натуральнай смерці.

На трывалую малітву і практыкі, прынятыя дзеля абароны і пашаны чалавечага жыцця, ад усяго сэрца ўсіх Вас благаслаўляем.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Мінск, 02.03.2017

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Канферэнцыі
Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Біскуп Антоні Дзям’янка
Старшыня Рады па справах Сям’і
пры ККББ

ф Гэты ліст неабходна прачытаць ва ўрачыстасць Звеставання Пана (25 сакавіка) падчас усіх святых Імшаў з удзелам вернікаў ва ўсіх касцёлах Беларусі.

Абноўлена 28.06.2017 14:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця